Літаратура эпохі Барока (XVІІ—XVІІІ стагоддзі)

*Уводзіны

У XVIІ—XVIІІ стагоддзях беларуская літаратура развівалася ў рэчышчы якасна іншым у параўнанні з папярэдняй эпохай. У адрозненне ад культуры Адраджэння, якая арыентавалася на антычную гармонію і меру, мастацтва новага перыяду было скіравана на вытанчанасць, дасціпнасць, арыгінальнасць. Гэты новы напрамак пранік ва ўсе віды мастацтва і атрымаў назву барока — ад італьянскага слова «барока», што ў перакладзе азначае ‘нeзвычaйны’, ‘дзiўны’. 

 Як ні дзіўна, станаўленне барока як эстэтычнага светапогляду адбывалася адначасова з развіццём такіх логіка-рацыянальных навук, як алгебра, вышэйшая матэматыка (дзейнасць Рэнэ Дэкарта, Ісаака Ньютана, Готфрыда Лейбніца).

У беларускім барока спалучыліся заходнееўрапейскія, візантыйскія і мясцовыя традыцыі.

Найярчэй барока праявілася ў архітэктуры: былі пабудаваны храмы, магнацкія рэзідэнцыі, частка з якіх захавалася да нашых дзён (напрыклад, касцёл езуітаў у Нясвіжы (цяпер касцёл Божага Цела), кляштар дамініканцаў у Стоўбцах (цяпер касцёл Св. Казіміра), Фарны касцёл у Лідзе, Спаская царква ў Магілёве).

Паралельна ішла эвалюцыя паркавага мастацтва. У жывапісе расквітнеў жанр параднага партрэта. З’явіліся барочныя пастаноўкі ў тэатры Францішкі Уршулі Радзівіл — першай на тэрыторыі Беларусі жанчыны-драматурга, «нясвіжскай Мельпамены». Яе творы — камедыі, трагедыі, оперы — гэта перапрацоўка вядомых фальклорных або літаратурных сюжэтаў, зробленая згодна з маральна-этычнай пазіцыяй аўтара.

Ствараліся музычныя кампазіцыі ў новых жанрах: канцоны, сюіты («Полацкі сшытак»), выкарыстоўваліся новыя інструменты. Узбагацілася барочнымі традыцыямі кніжная графіка, прыкладам чаго могуць стаць магілёўскія старадрукі.