Print bookPrint book

Літаратура эпохі Барока (XVІІ—XVІІІ стагоддзі)

1. Якія гістарычныя падзеі адбываліся на тэрыторыі нашай краіны ў XVIІ—XVIІІ стагоддзях? Пры адказе выкарыстайце звесткі з урокаў гісторыі Беларусі. 
2. Што вы ведаеце пра стыль барока ў беларускай культуры?

Site: Профильное обучение
Course: Беларуская літаратура. 10 клас
Book: Літаратура эпохі Барока (XVІІ—XVІІІ стагоддзі)
Printed by: Guest user
Date: Sunday, 8 December 2024, 6:12 PM

*Уводзіны

У XVIІ—XVIІІ стагоддзях беларуская літаратура развівалася ў рэчышчы якасна іншым у параўнанні з папярэдняй эпохай. У адрозненне ад культуры Адраджэння, якая арыентавалася на антычную гармонію і меру, мастацтва новага перыяду было скіравана на вытанчанасць, дасціпнасць, арыгінальнасць. Гэты новы напрамак пранік ва ўсе віды мастацтва і атрымаў назву барока — ад італьянскага слова «барока», што ў перакладзе азначае ‘нeзвычaйны’, ‘дзiўны’. 

 Як ні дзіўна, станаўленне барока як эстэтычнага светапогляду адбывалася адначасова з развіццём такіх логіка-рацыянальных навук, як алгебра, вышэйшая матэматыка (дзейнасць Рэнэ Дэкарта, Ісаака Ньютана, Готфрыда Лейбніца).

У беларускім барока спалучыліся заходнееўрапейскія, візантыйскія і мясцовыя традыцыі.

Найярчэй барока праявілася ў архітэктуры: былі пабудаваны храмы, магнацкія рэзідэнцыі, частка з якіх захавалася да нашых дзён (напрыклад, касцёл езуітаў у Нясвіжы (цяпер касцёл Божага Цела), кляштар дамініканцаў у Стоўбцах (цяпер касцёл Св. Казіміра), Фарны касцёл у Лідзе, Спаская царква ў Магілёве).

Паралельна ішла эвалюцыя паркавага мастацтва. У жывапісе расквітнеў жанр параднага партрэта. З’явіліся барочныя пастаноўкі ў тэатры Францішкі Уршулі Радзівіл — першай на тэрыторыі Беларусі жанчыны-драматурга, «нясвіжскай Мельпамены». Яе творы — камедыі, трагедыі, оперы — гэта перапрацоўка вядомых фальклорных або літаратурных сюжэтаў, зробленая згодна з маральна-этычнай пазіцыяй аўтара.

Ствараліся музычныя кампазіцыі ў новых жанрах: канцоны, сюіты («Полацкі сшытак»), выкарыстоўваліся новыя інструменты. Узбагацілася барочнымі традыцыямі кніжная графіка, прыкладам чаго могуць стаць магілёўскія старадрукі. 

* Барока ў беларускай літаратуры

Творам літаратуры барока былі ўласцівы складаная метафарычнасць, эмацыянальная напружанасць, драматызм; героі маглі трапляць у незвычайныя сітуацыі, падзеі — адбывацца ў экзатычных мясцінах; героем твора была асоба няўпэўненая, раздвоеная, якая вагалася паміж аптымізмам і песімізмам, паміж раскаванасцю і стрыманасцю. 

З умацаваннем каталіцызму амаль спынілася рэлігійная палеміка, якая была ўласціва Адраджэнню. На змену міжканфесійнай перапісцы і водпаведзям прыйшлі свецкія сатырычныя творы-пародыі на жанры афіцыйнай літаратуры — сеймавыя прамовы, дзелавыя пасланні.

Парадыйна-сатырычная проза — праяўленне свядомай мастацкай творчасці з ярка выяўленымі рысамі барочнага стылю (гратэскнасць, шматзначнасць). Найбольш выразнымі прыкладамі палітычнай сатыры можна лічыць ананімныя «Прамову Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча».

Творцы эпохі барока карысталіся стараславянскай, польскай і лацінскай мовамі, прычым пераважала польская (нават мясцовае летапісанне ажыццяўлялася па-польску, напрыклад хронікі Магілёва і Віцебска). Таму вельмі важным крокам у развіцці беларускай літаратуры стала вершатворчасць на беларускай мове.

Паколькі хутка развівалася тэатральнае мастацтва, вылучыўся прыдворны тэатр, а пры дварах арыстакратыі нават былі створаны аркестры, то заканамерна, што адбывалася развіццё і драматургіі. У духоўных навучальных установах — калегіях — з’явіўся так званы школьны тэатр, які даў пачатак станаўленню школьнай драмы.

* Палітычная сатыра

«Прамова Мялешкі» — сатырычная пародыя на афіцыйны жанр сеймавай прамовы, які выкарыстоўваўся на пасяджэннях урада Рэчы Паспалітай. Невядомы аўтар для праўдападабенства сітуацыі выкарыстаў імя гістарычнай асобы — Івана Мялешкі — мазырскага падкаморыя1 і кашталяна2 смаленскага, але зрабіў гэта, хутчэй за ўсё, пасля яго смерці (1622). Разам з тым магчыма, што гэта рэальная прамова самога Мялешкі на сейме 1589 года,
толькі літаратурна апрацаваная.

Аўтар супаставіў час кіравання Жыгімонта І з праўленнем Жыгімонта ІІІ (Сігізмунда ІІІ Вазы) і паказаў, што за колішнім каралём было намнога лепш, як за сённяшнім: «Адзін толькі Жыгімонт Першы — салодкая памяць яго! <...> I значна лепей пры ім нашым жылося, хоць і не хадзілі ў дарагіх світах». Вялікае Княства Літоўскае ў часы Жыгімонта Старога было самастойнай дзяржавай: менавіта тады ўбачылі свет кнігі Францыска Скарыны, паэма «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага, быў прыняты першы Статут Вялікага Княства Літоўскага. Зусім іншая справа — гады праўлення Жыгімонта ІІІ, у прысутнасці якога нібыта і была сказана прамова: «...што старыя нашы князі сабралі — тое ўсё немцам раздалі нашыя гаспадары!»

У тэксце актыўна выкарыстоўваецца жывая гутарковая мова, можна сустрэць прыказкі, прымаўкі. Сам Мялешка паказаны іранічна — як чалавек старамодны, які трымаецца за ўсё старасвецкае. Вось як ён, напрыклад, ставіцца да навамодных рэчаў: «I тое на свеце дуроцце — гадзіннікі! <...> Добры наш гадзіннік — певень, бо няхібна апоўначы кукарэкае». Такая наіўнасць прамоўцы ў адлюстраванні і характарыстыцы звычаяў сучаснага яму шляхецкага асяроддзя пададзена невыпадкова: праз гэта крытыкавалася распаўсюджванне чужароднай культуры, падкрэслівалася перавага айчыннага перад іншаземным. «Прамова Мялешкі» хоць і прасякнута гумарам, але надзвычай патрыятычная паводле ідэі.

«Ліст да Абуховіча» быў створаны, як пазначана ў тэксце, 6 ліпеня 1656 года і падпісаны імем Цыпрыяна Камунякі. Ліст звернуты да рэальнай гістарычнай асобы — былога смаленскага ваяводы Піліпа Абуховіча. Той абвінавачваўся ў здрадзе інтарэсам Рэчы Паспалітай праз добраахвотную капітуляцыю даручанага яму гарнізона перад маскоўскім ваяводам Міхаілам Шэіным. Аўтар падтрымліваў распаўсюджаную версію здрады і дакараў адрасата ліста. Твор напісаны вельмі эмацыянальнай мовай, аўтар падкрэслівае ганебнае становішча здрадніка: «Лепей было, пане Піліпе, сядзець табе ў Ліпе. Укачаўся ўвесь у вялікую славу, як свіння ў бруд, горай тое сталася, чым хтось упадзе ў новым кажуху ў густое балота, у злым разуменні, у абгаворах людскіх і ў сораме сядзіць, як дзяцел у дупле».

Менавіта выкарыстанне элементаў размоўнай лексікі, трапных выразаў, дасціпнага гумару, іроніі, народнай вобразнасці, фразеалогіі яднае гэтыя два вострыя публіцыстычныя тэксты. У XVII стагоддзі гэта, несумненна, забяспечвала моцнае ўздзеянне твораў на чытачоў або слухачоў, фарміравала ў іх пэўную грамадскую пазіцыю ў адносінах да важных дзяржаўных, палітычных пытанняў.

_______________

1Падкамо´рый — супрацоўнік судовых органаў, якія займаюцца зямельнымі пытаннямі.
2 Кашталя´н — адміністратар замка і прылеглых тэрыторый.

* Вершатворчасць на беларускай мове

Выдатным прадстаўніком літаратуры барока з’яўляецца Сімяон Полацкі (Самуіл Пятроўскі-Сітняновіч) (1629—1680) — пісьменнік, асветнік, філосаф, педагог.

Паходзіў ён з заможнай полацкай сям’і. Вучыўся спачатку ў Кіева-Магілянскай калегіі — адной з лепшых навучальных устаноў таго часу, а пасля — у Віленскай акадэміі. У 1656 годзе пастрыгся ў манахі. А праз восем гадоў прыняў запрашэнне рускага цара Аляксея Міхайлавіча і пераехаў у Маскву.

Сімяон Полацкі арганізаваў у Маскве лацінскую школу для служачых Прыказа тайных спраў. А ў 1667 годзе яго афіцыйна прызначылі выхавальнікам і настаўнікам царскіх дзяцей — царэвічаў Аляксея, Фёдара і царэўны Соф’і.

Наглядаў беларускі асветнік і за навучаннем будучага цара Пятра І, для якога выдаў у 1679 годзе «Букварь языка славенска, сиречь начало учения детям, хотящим учиться чтению и писанию».

Творчая спадчына Сімяона Полацкага шматгранная. Ён пісаў сатыру, драматычныя і багаслоўскія творы, віршы, павучанні, словы.

Сімяон Полацкі імкнуўся да ўдасканалення літаратурнага майстэрства, займаўся паэтычнымі эксперыментамі. Яшчэ ў кіеўскі і віленскі перыяды ён напісаў кнігу «Розныя вершы» на польскай і лацінскай мовах. Творы зборніка вызначаліся дыдактызмам і маралізатарствам, як, напрыклад, верш «Папярэджвай на пачатку», дзе паэт-настаўнік дасціпна і даходліва тлумачыў, чаму варта пазбягаць ліхіх думак:

   Дубчык маладзенькі як хочаш скіруеш —
   Дрэва ж старое ўжо не напрастуеш.
   Рэчку з вытоку ўтаймаваці можна,
   А разальецца — грэбля не паможа.
   Полымя ў іскры тушаць: разгарыцца —
   Можа так стацца — вады не збаіцца.
                        <...>
    Гэтак і думак брыдкіх не трымайся —
    Выкінь без жалю, з імі развітайся.

Навукоўцы гавораць. Беларускамоўная пісьмовая культура да ХVI стагоддзя не ведала самавызначэння «пісьменнік». Нават Сімяон Полацкі акрэсліваў сябе як «делатель Симеон Полоцкий».

А лацінамоўныя, а потым і польскамоўныя паэты Беларусі лічылі сябе прыналежнымі да цэху літаратараў. Выхаваныя на заходнееўрапейскай культурнай традыцыі, гэтыя аўтары эпох Рэнесансу і барока лічылі паэта другім богам, а значыць творцам (Паводле Уладзіміра Кароткага).

Барочная эстэтыка з яе ўскладненасцю формы і пышнай дэкаратыўнасцю найбольш яскрава выявілася ў графічных, або фігурных, вершах Сімяона Полацкага — каліграмах. У яго набытку ёсць фігурныя вершы ў выглядзе крыжа, сэрца, васьміканцовай зоркі, серпанцінавай стужкі, геаметрычных фігур. Паэт таксама захапляўся стварэннем неалагізмаў, слоўнай гульнёй — прыёмам, што быў закліканы забаўляць чытачоў, якія стаміліся ад навучання. Дзякуючы звароту да рэбуснай паэтыкі пісьменнік раскрыў не толькі талент вершатворцы-эксперыментатара, але і здольнасці педагога-наватара. 

Асветнік актыўна займаўся і перакладчыцкай працай: ён ажыццявіў адзін з першых усходнеславянскіх паэтычных перакладаў Песняў цара Давіда і выдаў іх асобнай кнігай «Псалтыр рыфматворная». 

Прапаведніцкае майстэрства Сімяона Полацкага раскрылася ў зборніках пропаведзяў «Абед духоўны» і «Вячэра духоўная», кожны з якіх налічвае больш за 1500 старонак. Таксама вядомы яго паэтычныя зборнікі «Вертаград1 шматкветны», дзе ў вершаванай форме пададзены звесткі з гісторыі, геаграфіі, антычнай міфалогіі, тэалогіі, і «Рыфмалагіён», куды ўвайшлі творы патрыятычнага зместу. Вядомы і драматычныя творы пісьменніка. 

Часам асветнік запазычваў вобразы, сюжэты, матывы з антычнай літаратуры, інтэрпрэтаваў іх. У нейкай ступені ён спрыяў распаўсюджванню жанру байкі, бо пісаў і гумарыстычныя творы. Сваёй дзейнасцю Сімяон Полацкі сцвярджаў у свядомасці сучаснікаў уяўленне пра асаблівую каштоўнасць пісьменніцкай працы.

 Дзейнасць Сімяона Полацкага аказала ўплыў на развіццё кнігадрукавання, а таксама сілабічнай паэзіі і драматургіі ў Расіі.

Паэт змог пераканаць цара, што друкарская справа прынясе таму «славу и прибыток», — і адкрыць друкарню ў Маскве.

Тамсама наш зямляк быў пачынальнікам стылю барока, які ў апошняй трэці ХVІІ стагоддзя стаў вядучым у маскоўскай прыдворнай культуры. Расійскія літаратуразнаўцы ўказвалі таксама на факт уплыву беларускай драматургіі на рускую, згадваючы менавіта імя беларускага асветніка (Паводле Уладзіміра Каялы).

_______________________

1Вертагра´д — сад; абгароджаныя пасадкі.

* Станаўленне беларускага тэатра

З ХІІІ стагоддзя народных «іграцоў », «плясуноў», «гудцоў» усё часцей пачынаюць называць скамарохамі. Часта слова «скамарох» сустракалася ў дзелавых дакументах XVI—XVII стагоддзяў. Гэтыя запісы змяшчалі інфармацыю пра матэрыяльны стан (скамарохі былі абавязаны плаціць падаткі), характар жыцця (аседлыя або вандроўныя), асаблівасці дзейнасці (музыкі, штукары, жанглёры або важатыя вучоных мядзведзяў), але не давалі звестак пра слоўнае мастацтва артыстаў. Толькі ў ХІХ стагоддзі, калі сама традыцыя скамароства пачала знікаць, былі апісаны гульні, якія ў аснове мелі скамарохаў пачатак («Жаніцьба Цярэшкі», «Каза», «Юр’еўскі абрад пастухоў»).

Самая ранняя згадка пра народныя тэатралізаваныя прадстаўленні на тэрыторыі сучаснай Беларусі адносіцца да ХІІ стагоддзя і належыць Кірылу Тураўскаму, які рашуча іх асуджаў.

Беларуская драматургія ўзнікла ва ўзаемадзеянні кніжнай і фальклорнай традыцый. У 1569 годзе ў сувязі з распаўсюджваннем пратэстантызму на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага пачалася дзейнасць ордэна езуітаў. Адным з яе аспектаў было адкрыццё агульнадаступных школ і калегій. Курс адукацыі ў школах прадугледжваў практычнае засваенне рыторыкі. Дзеля фарміравання навыкаў дэкламацыі і духоўнага выхавання пры школах ствараліся тэатры, дзе вучні пад кіраўніцтвам ментараў1 ладзілі пастаноўкі. Школьны тэатр быў не забавай, а адной з вучэбных дысцыплін.

Звычайна прадстаўленні адбываліся ў пачатку і ў канцы навучальнага года, а таксама на рэлігійныя святы, і, зразумела, іх змест быў адпаведны. Удзел у спектаклях заахвочваў юных акцёраў да вучобы, а ў іх равеснікаў выклікаў зайздрасць і жаданне далучыцца да шчасліўчыкаў, якія дэкламавалі доўгія лацінскія дыялогі ў прысутнасці бацькоў і дзяржаўных асоб. Прадстаўленні збіралі вялікую колькасць гледачоў розных веравызнанняў, і для пераважнай большасці прысутных гэта была першая сустрэча з тэатрам. 

Першае ўпамінанне пра школьнае тэатральнае прадстаўленне, наладжанае ў Віленскай калегіі, датуецца 1570 годам. І хоць назва спектакля не захавалася, гэта была важная вяха ў развіцці драматургіі.

Прадстаўленні ладзіліся па пэўнай схеме, мелі абавязковыя кампаненты: прысвячэнне, пралог, тры (радзей пяць) акты, эпілог і оду.

Пралог —
уступ у мастацкім творы, які знаёміць чытача (гледача) з падзеямі, што папярэднічалі асноўнаму дзеянню.

Але тэатральныя гледачы, відаць, з самага пачатку сутыкнуліся з шэрагам псіхалагічных цяжкасцей, бо аб’ёмны лацінамоўны тэкст слухаць было даволі складана.

А купцы, шляхта, мясцовыя жыхары часам увогуле прымалі сцэны са  cпектакля за рэальнасць.

Быў выпадак, калі падчас спектакля адзін шляхціц пачаў прапаноўваць грошы герою, які па сцэнарыі не мог сплаціць пазыку. Калі шляхціцу растлумачылі, што дзеянне адбываецца не ў сапраўднасці, ён усё роўна аддаў акцёру грошы.

Каб падрыхтаваць гледачоў да дзеяння, у п’есу ўводзіліся разгорнутыя антыпралогі і пралогі. У перапынках паміж дзеямі маглі разыгрывацца невялікія гумарыстычныя або сатырычныя сцэнкі. Паступова ўстаўныя часткі пачалі пашырацца, у іх з’явіліся новыя героі — так нарадзіліся інтэрмедыі

Інтэрмедыя —
невялікая камічная 
сцэнка бытавога або сацыяльнага зместу, што разыгрываецца паміж актамі асноўнай п’есы. Частка інтэр- азначае ‘паміж’.

У інтэрмедый былі і іншыя задачы: утрымаць гледача ва ўмоўнай атмасферы тэатральнай гульні, падмацаваць ілюзію сапраўднасці дзеянняў на сцэне, даць адпачыць ад манатоннай лацінскай мовы і складанага сюжэта. Інтэрмедыі, як правіла, ствараліся не настаўнікамі, а вучнямі старэйшых курсаў. Часта студэнты ўносілі ў сцэнкі элементы народнай гаворкі, уводзілі сучасных персанажаў-суайчыннікаў («Селянін і студэнт», «Селянін і вучань-уцякач», «Літарат, селянін і Самахвальскі», «Чорт Асмалейка», «Селянін у касцёле»). Напрыклад, інтэрмедыі «Селянін і студэнт», «Селянін і вучань-уцякач» мелі гумарыстычны змест, нечаканую развязку і паказвалі перавагу простага кемлівага селяніна, які першапачаткова выступаў аб’ектам пародыі, над пыхлівымі, ганарлівымі прадстаўнікамі адукаванай эліты. Персанажы інтэрмедый размаўлялі на мовах сваіх сацыяльных груп. Але селянін, які нібыта не разумеў па-польску і па-лацінску, як высвятляецца з дзеяння, добра арыентаваўся ў сэнсе сказанага, нават у выпадку чаго мог падрабіць голас і пачаць гаварыць, напрыклад, як настаўнік («Селянін і вучань-уцякач»). Селянін быў здольны абхітрыць не толькі студэнта, але і чараўніка, вучонага літаратара («Літарат, селянін і Самахвальскі», «Чорт Асмалейка», «Селянін у касцёле»). Хоць просты чалавек і паказваўся ў карыкатурным выглядзе, але яму былі ўласцівы кемлівасць, разважлівасць і шчырасць.

Паступова са сцэн езуіцкіх і каталіцкіх тэатраў пачала знікаць беларуская і польская інтэрмедыя. Але на яе аснове зараджалася камедыя, якая выконвалася не ў прамежках паміж дзеямі драмы, а асобна, часам нават на наступны дзень.

Адметным выступаў галоўны герой у інтэрмедыях, якія ставіліся на праваслаўнай і ўніяцкай школьнай сцэне. Селянін паказваўся стваральнікам зямных даброт, роўным са шляхтай, выклікаў у гледачоў сімпатыю.

У часы барока папулярным стаў лялечны тэатр (батлейка). Можна толькі меркаваць, якім было батлейкавае прадстаўленне ў XVII і XVIII стагоддзях, бо запісы батлейкавых тэкстаў сталі рабіцца пазней.

Узнікненне батлейкі звязана са  святкаваннем Нараджэння Хрыстова і Хрышчэння, калі вандроўныя манахі, вучні
семінарый ладзілі ў вёсках і мястэчках тэатралізаваныя прадстаўленні. У XVIII стагоддзі выканаўцамі батлейкі сталі сяляне і рамеснікі. Спектаклі ладзіліся ў драўлянай аднапавярховай або двухпавярховай скрыні (батлейцы) са статычнымі або рухомымі лялькамі. Іх дзеянні суправаджаліся вершаванымі дыялогамі, песнямі. Першапачаткова батлейкавы тэатр меў выключна рэлігійны характар. У яго прадстаўленнях, прымеркаваных да калядных свят, паказваліся біблейскія сцэны. Асноўная частка, якая была запазычана ў заходнееўрапейскага тэатра, раскрывала евангельскі сюжэт пра нараджэнне Хрыста, забойства немаўлят царом Ірадам і ўцёкі Святога сямейства ў Егіпет.

З прыходам у батлейку свецкіх лялькаводаў рэпертуар дэмакратызаваўся — і рэлігійным па змесце застаўся толькі пралог. Разам з драмай у батлейкавых прадстаўленнях паказваліся народна-камедыйныя сцэны (напрыклад, «Мацей і доктар-шарлатан»). Як і ў школьных, у батлейкавых інтэрмедыях персанажамі былі сяляне, казакі, карчмары-яўрэі. Сюжэты для іх артысты бралі з рэальнага жыцця. Услед за імі звычайна ішла драма «Цар Ірад», у якой ужо выразна прасочваліся народна-фальклорныя элементы, а сюжэт настолькі наблізіўся да рэальнасці, што дадаліся новыя персанажы — жаўнеры, цівуны, жандары, Смерць, якая шукае Ірада. Паступова Ірад ператварыўся ў пана, а станоўчыя персанажы — у сялян і рамеснікаў. Такім чынам народ увасобіў свае спадзяванні на справядлівасць і помсту. У драме сцвярджалася думка аб роўнасці людзей, іх праве на абарону свайго жыцця і годнасці.

У кінафільме рэжысёра Валерыя Рубінчыка «Дзікае паляванне караля Стаха» (1979) па аповесці Уладзіміра Караткевіча ёсць сцэна, дзе разыгрываецца батлеечнае прадстаўленне.

_______________________________

1Ме´нтар — дарадчык, кансультант, часта — настаўнік.

Пытанні

1. Чым адметнае беларускае барока?
2. Ці можна «Прамову Мялешкі» назваць узорам барочнай публіцыстыкі? Чаму?
3. Часам Сімяона Полацкага вобразна называюць першым беларускім авангардыстам.
Наколькі, на ваш погляд, гэта адпавядае сапраўднасці?
4. Запішыце верш любімага паэта ў выглядзе фігуры.
Пракаментуйце, чаму вы выбралі адпаведную фігуру.
5. Звярніце ўвагу на кампазіцыю, дэталі, лініі, тэхніку малюнка Аляксандра Апсіта «Сімяон Полацкі чытае вершы дзецям».
Складзіце паводле М. Блішч. Беларускі тэатр «Батлейка» (1959) яго невялікі сюжэтны аповед, выкарыстоўваючы вывучаны матэрыял (факты, даты, дзейнасць, назвы твораў).
6. Знайдзіце ў «Вікіпедыі» артыкул «Жаніцьба Цярэшкі».
Якія элементы сярэдневяковай тэатралізаванай пастаноўкі ўтрымлівае гульня?
7. Прывядзіце прыклады персанажаў і сюжэтаў, характэрных для інтэрмедый. 
Прыдумайце ў групах сучасны сюжэт (напрыклад, «Вучань у сталовай», «Завуч і дзесяцікласнік») і арганізуйце невялікае батлейкавае 
прадстаўленне для аднакласнікаў.
8. Перадайце словамі настрой палатна мастака Міхаіла Блішча.