§ 20. Зараджэнне капіталізму

7. Пачатак прамысловай рэвалюцыі

У XVIII ст. на змену гандлёваму капіталізму, заснаванаму на меркантылізме, прыйшоў прамысловы капіталізм. Гэтая знамянальная падзея ўвайшла ў гісторыю пад назвай прамысловай рэвалюцыі.

Яна азначала пераход ад мануфактурнай вытворчасці, заснаванай на ручной працы, да фабрычнай. Асноўным адрозненнем фабрык — ​вялікіх прадпрыемстваў — ​ад мануфактур было выкарыстанне машын. З вынаходствам складаных грувасткіх механізмаў прадпрымальнікам стала выгадна размяшчаць у адным месцы рабочых і машыны.

Прамысловая рэвалюцыя, або прамысловы пераварот, пачалася з Англіі. Асноўнай яе перадумовай стала вынаходства паравога рухавіка. Яго пачалі выкарыстоўваць на параходах, паравозах і станках. Вынаходства механічнага ткацкага станка (прасніцы Джэні) прывяло да ўзнікнення магутнай тэкстыльнай прамысловасці ў Англіі, тавары якой актыўна прадаваліся ва ўсім свеце. Упершыню Англію сталі называць «майстэрняй свету». Немалы ўклад у прамысловы пераварот унесла брытанская вугальная прамысловасць, што развівалася хуткімі тэмпамі.

Вялікія запасы вугалю і жалезнай руды забяспечылі Англію неабходным матэрыялам для стварэння паравых машын і пáлівам для іх. Будучы каланіяльнай дзяржавай, Англія мела доступ да сыравіны па ўсім свеце. Яна таксама атрымала вялізны рынак збыту вырабленых тавараў.

За адносна кароткі перыяд еўрапейская цывілізацыя моцна змянілася як знешне, так і ўнутрана. Яе геаграфічнае пашырэнне стала пачаткам фарміравання глабальнага свету. Гэты працэс суправаджаўся ўцягваннем у арбіту еўрапейскага ўплыву новых тэрыторый і народаў. Але галоўнае было ў тым, што ў нетрах еўрапейскай цывілізацыі зарадзіўся ўнікальны тып грамадскай сістэмы — ​капіталізм.