§ 20. Зараджэнне капіталізму

1. Вытокі капіталізму

Што ж паслужыла штуршком да станаўлення новага эканамічнага ўкладу — ​капіталістычнага? Сярод даследчыкаў па гэтым пытанні няма адзінай думкі. Марксісты звяртаюць увагу на эканоміку, у прыватнасці на змяненне тыпу вытворчасці. Адбыўся пераход ад феадальнага спосабу вытворчасці, заснаванага на ручной сялянскай працы, да капіталістычнай гаспадаркі з машыннай вытворчасцю. Тэхналагічныя вынаходствы XV–XVI стст. у Еўропе, удасканаленне прылад працы, рост унутранага рынку прывялі да таго, што горад усё больш меў патрэбу ў прадукцыі сельскай гаспадаркі. Дробныя сялянскія гаспадаркі феадальнага тыпу ўжо не маглі задаволіць попыт, які ўзрастаў.

Іншыя даследчыкі лічаць, што значныя змены адбыліся ў свядомасці еўрапейцаў у сувязі з Рэфармацыяй. Бо рэфарматары заклікалі да гандлёвай і эканамічнай актыўнасці.

Ёсть і тыя, хто бачыць штуршок да развіцця капіталістычных адносін у знешніх фактарах. Страшная эпідэмія чумы (якую называлі «чорнай смерцю») у XIV ст. стварыла попыт на наёмную працоўную сілу ў еўрапейскай вёсцы. Гэта садзейнічала ломцы феадальнай сістэмы, што існавала. Падзенне ж Канстанцінопаля ў 1453 г. і, як вынік, перакрыццё туркамі гандлёвых шляхоў у Азію, заняпад гандлю італьянскіх гарадоў з Усходам прывялі Еўропу да гандлёвага крызісу. Еўрапейцы мелі патрэбу ў новых рынках і золаце, бо без гэтага складана было развіваць эканоміку. Яны вымушаны былі шукаць новыя шляхі ў заморскія краіны, што стала прычынай Вялікіх геаграфічных адкрыццяў, каланіяльнай экспансіі, а таксама фарміравання новых рынкаў.