§ 20. Зараджэнне капіталізму

6. Гандлёвыя кампаніі і палітыка меркантылізму

Купцы мелі патрэбу ў капітале, або вялікіх сумах грошай, каб укласці іх у справу або гандлёвае прадпрыемства. Колькасць гандлёвых кампаній расла з незвычайнай хуткасцю.

Гандляры таксама стваралі акцыянерныя таварыствы для фінансавання новых спраў. Нярэдка прадпрымальнікі аб’ядноўвалі капіталы і засноўвалі прыватную гандлёвую кампанію. Затым яны прадавалі акцыі сваёй кампаніі іншым укладчыкам (інвестарам). Калі такое акцыянернае таварыства збірала дастатковы капітал, яно рыхтавала заморскую экспедыцыю. Пасля вяртання карабля кожны інвестар або атрымліваў сваю долю даходу, або дзяліў з кампаньёнамі страты. Часам гандлёвыя кампаніі атрымлівалі ад еўрапейскіх манархаў манапольнае, інакш кажучы, выключнае права на вытворчасць чаго-небудзь або гандаль з якой-­небудзь краінай.

Менавіта так была створана ў 1600 г. брытанская Ост-Індская кампанія, якая атрымала ад кароны шэраг прывілей на гандаль з Індыяй.

У XVI ст. еўрапейскія манархі цудоўна разумелі, што іх улада залежыць ад таго, наколькі добра развіты эканоміка і міжнародны гандаль іх краін. Верылі яны і ў тое, што ключом да эканамічнай магутнасці з’яўляюцца каштоўныя металы. Значыць, дзяржава павінна назапашваць як мага больш золата.

Аднак дзяржава не проста захоўвала каштоўны метал. Іспанія, напрыклад, выкарыстоўвала здабытае ў Новым Свеце золата для куплі такіх тавараў, як гарматы, стрэльбы, лес і шоўк. Паколькі Іспанія імпартавала больш тавараў, чым экспартавала, яе золата ішло ў іншыя краіны. Выснова была відавочная: гандаль з’яўляецца больш важным для дзяржавы, чым проста збіранне золата.

У XVII ст. узнікла новая эканамічная тэорыя — ​меркантылізм (ад італ. mercante — ​гандляр, купец). Меркантылісцкія ідэі зводзіліся да таго, што эканамічная магутнасць дзяржавы залежыць ад захавання і павелічэння яе залатога запасу пры дапамозе перавагі экспарту тавараў над іх імпартам.

Меркантылісты лічылі, што правіцелі павінны рэгуляваць гандаль і прамысловасць, каб дзяржава магла існаваць і развівацца за кошт сваіх унутраных рэсурсаў. Яны былі перакананыя, што манархі абавязаны падтрымліваць прамысловасць, напрыклад караблебудаванне, таму што новыя караблі патрэбныя для развіцця гандлю.

Важнае месца ў гэтай тэорыі адводзілася калоніям: яны маглі забяспечваць сыравінай прамысловасць метраполіі. У той жа час калоніі служылі рынкам збыту мануфактурных тавараў з метраполіі.