§ 20. Зараджэнне капіталізму

5. Прадпрымальніцтва і капіталісты

Надзея на высокія прыбыткі ўцягвала многіх купцоў у заморскія прадпрыемствы. Яны імпартавалі ў Еўропу вострыя прыправы, цукар, шоўк і іншыя тавары, што карысталіся попытам.

Аднак міжнародны гандаль быў рызыкоўным і дарагім. Гандляру трэба было падрыхтаваць карабель і наняць каманду на час доўгага і небяспечнага плавання. Ён павінен быў таксама закупіць вялікую партыю тавараў, не ведаючы, якую цану заплаціць пакупнік у Еўропе.

Гандляроў, якія былі гатовы пайсці на рызыку, разлічваючы на высокія даходы, пачалі называць прадпрымальнікамі. Нярэдка свой гандлёвы капітал яны ўкладвалі ў мясцовую вытворчасць, развіваючы тым самым эканомікі сваіх дзяржаў. Яны таксама пашыралі гандаль за кошт наладжвання новых кантактаў з рознымі рэгіёнамі свету. Такім чынам, прадпрымальнікі садзейнічалі ператварэнню еўрапейскай эканомікі з лакальнай сістэмы ў складаную міжнародную.

Новыя капіталісты Еўропы імкнуліся не проста зарабіць на жыццё, але і павялічыць сваё багацце. Уладальнікі мануфактур, а пазней — ​фабрык і заводаў, плацілі за сыравіну і працу настолькі мала, наколькі было магчыма. Прадавалі ж вырабленую прадукцыю максімальна дорага. Гэты «капіталістычны дух» можна ахарактарызаваць такімі словамі: «Дайце мне зарабляць столькі, колькі я магу».

Зарабляць Фугерам і іншым банкірам перашкаджала пазіцыя каталіцкай царквы, якая асуджала ліхвярства, лічачы яго смяротным грахом і самай страшнай заганай. Большасць ліхвяроў-банкіраў ігнаравалі пазіцыю царквы. Паступова роля рэлігіі слабела, што спрыяла росту фінансавага капіталу і прадпрымальніцтва на тэрыторыі Заходняй Еўропы.