§ 20. Зараджэнне капіталізму

4. Першапачатковае накапленне капіталу

Гандлёвая рэвалюцыя і рэвалюцыя цэн сталі перадумовамі працэсу першапачатковага накаплення капіталу. Слова «капітал» узнікла яшчэ ў XII—XIII стст. Яно абазначала каштоўнасці, г. зн. грошы, якія прыносяць прыбытак. Новы лад — ​капіталізм — ​можна вызначыць як сістэму, пры якой імкненне да максімальнага прыбытку зрабілася пабуджальным матывам усіх дзеянняў. Укладзены капітал павінен быў прыносіць пастаянны прыбытак.

Што ж стала першапачатковай крыніцай капіталу? Капіталізм пачаў фарміравацца не ў сферы вытворчасці, а ў сферах гандлю і фінансаў. Бо самыя высокія прыбыткі прыносілі ліхвярства, банкаўскія аперацыі, але асабліва заваяванні і міжнародны гандаль, часта звязаны з вялікай рызыкай. З Амерыкі, Азіі і Афрыкі ў Еўропу хлынуў паток каштоўных металаў. У XVI ст. запасы серабра ў ёй патроіліся, а золата — ​узраслі на 20 %. Таксама Еўропа ўзбагачалася за кошт гандлю рабамі і прыправамі, каланіяльнага экспарту і імпарту, а некаторыя краіны, такія як Англія, яшчэ і за кошт карсараў. Усё гэта прывяло да назапашвання вялікіх сродкаў і прыкметнага ўзрастання ролі грошай у еўрапейскай эканоміцы.

Як правіла, зацікаўленым бокам развіцця капіталістычных адносін была дзяржава, у распараджэнні якой знаходзіліся розныя спосабы здабыць першапачатковы капітал.

Усё большую ролю ў эканоміцы адыгрываў пратэкцыянізм (ад лац. protectio — ​ахова, заступніцтва) — ​палітыка дзяржавы, накіраваная на абарону і заахвочванне сваёй вытворчасці шляхам абмежавання ўвозу ў краіну прадукцыі з іншых краін.