§ 20. Зараджэнне капіталізму

3. Гандлёвая рэвалюцыя і рэвалюцыя цэн

XVI ст. стала перыядам пашырэння еўрапейскага знешняга гандлю і пачатку фарміравання сусветнага рынку. Гэты працэс увайшоў у гісторыю пад назвай гандлёвая рэвалюцыя. Еўропа звязала гандлёвымі шляхамі розныя кантыненты (Афрыку, Амерыку, Азію і Аўстралію), якія ператварыліся ў рынкі збыту еўрапейскіх тавараў. Міжнародны гандаль з Між­зем­на­мор’я перамясціўся ў зону Атлантычнага акіяна. Гэта садзейнічала ўзвышэнню новых дзяржаў — ​Іспаніі і Партугаліі, а пазней Галандыі і Англіі. Небывалы рост міжнароднага гандлю садзейнічаў з’яўленню вялікага аб’ёму грашовай масы. Так стала магчымая арганізацыя вялікіх прадпрыемстваў.

Яшчэ адной важнай падзеяй першай паловы стагоддзя стала рэвалюцыя цэн — ​рэзкі рост кошту тавараў і спад рэальнага кошту грошай. Прычынай гэтага быў паток золата з Амерыкі, а таксама частае псаванне манет з высакародных металаў.

У такой сітуацыі прадпрымальнікі імкнуліся хутчэй пускаць грошы ў абарачэнне (укладваць у куплю тавараў, будаўніцтва мануфактур), бо адкладаць манеты, якія з кожным днём таннелі, аказалася нявыгадным. Высокія цэны і адносна нізкія заробкі наёмных рабочых забяспечвалі класу капіталістаў, які зараджаўся, звышпрыбыткі.

Не ўсе дзяржавы разумна распарадзіліся прытокам каштоўных металаў. Іспанія і Партугалія выкарыстоўвалі грошы не на развіццё вытворчасці, а на войны, што прывяло гэтыя краіны ў рэшце рэшт да заняпаду. Галандыя ж і Англія паспяхова ўкладвалі сродкі ў вытворчасць і гандаль.