§ 20. Зараджэнне капіталізму

2. Рост еўрапейскай эканомікі і гандлю, развіццё банкаўскай сістэмы

Пачынаючы з Позняга Сярэднявечча Еўропа перажывала змяненні, якія закранулі ўсе сферы сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця. Пачаў фарміравацца новы лад — ​капіталістычны. У Еўропе, у адрозненне ад краін Усходу, склаліся дзве найважнейшыя ўмовы, неабходныя для развіцця капіталізму: магчымасць назапашвання капіталу і наяўнасць свабодных працоўных рук.

Раслі патрэбы ў адзенні і іншых таварах, для вытворчасці якіх было неабходна больш рабочых. Многія людзі мігрыравалі з сельскай мясцовасці ў гарады. Гарадское насельніцтва расло і мела патрэбу ў прадуктах харчавання, таму ўзрасла патрэба і ў сельскагаспадарчых рабочых. Каб прадухіліць іх перасяленне ў гарады, землеўладальнікі павінны былі плаціць ім больш і здаваць зямлю ў арэнду па больш нізкім кошце.

Рост еўрапейскай эканомікі быў цесна звязаны таксама з мануфактурнай вытворчасцю. Мануфактуры ўпершыню з’явіліся ў Італіі яшчэ ў пачатку XIV ст. Гэта былі прадпрыемствы, заснаваныя на падзеле працы наёмных рабочых. Але праца заставалася ручной.

Гандляры прадавалі мануфактурныя вырабы ў сельскай мясцовасці, дзе затым куплялі збожжа і іншыя сельскагаспадарчыя тавары для продажу ў гарадах. Пашырыліся гандлёвыя сувязі і паміж краінамі.

Эканоміка Еўропы змянялася таксама дзякуючы развіццю банкаў і крэдытнай сістэмы. З цягам часу спачатку ў Італіі, а затым і ў Паўночнай Еўропе ўзніклі ўплывовыя дынастыі банкіраў.

Буйнейшымі банкірскімі дамамі Еўропы ў пачатку Новага часу былі сямействы Медычы ў Фларэнцыі і Фугераў у нямецкім горадзе Аўгсбург. Багатымі ліхвярамі лічыліся жыхары Ламбардыі. Еўрапейскія ліхвяры прадастаўлялі пазыкі пад высокі працэнт амаль усім правіцелям Еўропы, уключаючы папу рымскага і германскага імператара. З XVI ст. узніклі не толькі прыватныя, але і дзяржаўныя банкі.

У XV ст. у Еўропе з’явіліся і першыя біржы, якія да XVII ст. былі прадстаўлены практычна ў кожным гандлёвым еўрапейскім горадзе. Слова «біржа» абазначала спецыяльны будынак для правядзення фінансавых і гандлёвых здзелак. Прадпрымальнікі выстаўлялі ўзоры сваіх тавараў, падпісвалі кантракты, атрымлівалі грашовыя крэдыты, набывалі каштоўныя паперы, якія нярэдка выконвалі функцыю грошай.