§ 17. Правапіс некаторых спалучэнняў зычных

Практыкаванне № 136-2

Прачытайце тэкст.
Дапоўніце прыведзеныя ў ім прыклады напісанняў, заснаваных на марфалагічным прынцыпе.

На марфалагічным прынцыпе арфаграфіі грунтуюцца наступныя правілы:

• правапіс літар, якія абазначаюць звонкія і глухія зычныя гукі (не перадаецца на пісьме:

— аглушэнне звонкіх зычных у корані на канцы слова і ў сярэдзіне слова перад глухімі: крыж, гарбуз, дзядзька, прыказка;
— аглушэнне канцавых [б], [д] у прыстаўках і прыназоўніках: абклеіць, падслухаць, аб спаборніцтве, над клёнам;
— аглушэнне [з] у прыназоўніках: з паперы, праз тыдзень;
— азванчэнне глухіх зычных у сярэдзіне слова перад звонкімі: барацьба, касьба, просьба);

• правапіс літар, якія абазначаюць цвёрдыя і мяккія зычныя гукі (не перадаецца на пісьме асіміляцыя зычных па мяккасці: цвік, пясняр, подзвіг);

• правапіс літар, якія абазначаюць свісцячыя і шыпячыя зычныя гукі (не перадаецца на пісьме асіміляцыя свісцячых да шыпячых і шыпячых да свісцячых у спалучэннях:

— зж, здж, сш, сч у корані і на стыку прыстаўкі і кораня: разжаваць, пад’язджаць, бясшкодны, расчуліцца;
— сч, зч на стыку кораня і суфікса: разносчык, перавозчык;
— шс, жс у зваротных дзеясловах: вітаешся, не парэжся;
— жц, чц, шц на стыку кораня і суфікса: на сцежцы, у бочцы, па крошцы);

• правапіс д, т у спалучэнні з ц, ч: на градцы, у клетцы, кулямётчык, разведчык;

• правапіс з, ж, ш, г перад суфіксальнай с у прыметніках, утвораных ад уласных назваў і назваў народаў: французскі, нясвіжскі, латышскі, пецярбургскі;

• правапіс каранёвай д перад суфіксальнай с у прыметніках і назоўніках: гарадскі, суседскі, параходства;

• напісанне е ў прыназоўніку без і часціцы не: без гальштука, не вельмі, не выслухаў (Паводле Л. Сямешка).

Сфармулюйце правілы, якім падпарадкоўваецца напісанне 4-5 слоў, прыведзеных у тэксце ў якасці прыкладаў (на выбар).