§ 13. Правапіс прыстаўных і ўстаўных зычных

Правіла

1. Прыстаўная літара в пішацца:

  • перад націскным о ў пачатку слоў: вóсень, вóблака; у вытворных ад іх словах пасля прыставак: увóсень, завóблачны (а л е: óкаць і вытворныя ад яго, óдум).
    Пры змене месца націску о пераходзіць у а і прыстаўная в не пішацца: вóсень — асéнні, вóблака — аблачы́нка;
  • у запазычаных словах: вóхра, вóцат і вытворных ад іх: вóхрыць, вóцатны;
  • перад каранёвым у ў пачатку слоў: вýгаль, вýда, вýчань, а таксама ў вытворных ад іх незалежна ад месца націску: абвýглены, вудзíльна, навучэ̀нец;
  • перад націскнымі прыстаўкамі у­, уз­ (ус­): вýпраж, вýзгалаўе, вýсцішны*;
  • у словах вóка, вóстры, вакóл і вытворных ад іх незалежна ад націску: вачэ̀й, вастры́ць, навакóлле.

2. Прыстаўная літара в не пішацца:
• перад пачатковым націскным о ў запазычаных словах і некаторых уласных імёнах і назвах: óпера, óфіс, Óрша, Óксфард;
• перад пачатковым у ў запазычаных словах і некаторых уласных імёнах і назвах: ýнікум, ýрна (а л е: вýстрыца), Ушáчы, Урáл;
• перад прыставачным у і перад у, якое паходзіць з в: удвýх, угнаéнне, унýк, учóра.

3. Устаўная літара в пішацца:
• перад націскным о ў сярэдзіне некаторых слоў: нівóдзін, Лявóн;
• перад націскным у: павýк, есавýл, а таксама ў вытворных ад іх незалежна ад месца націску: павуцíнне, есавýльскі (а л е: аýл, баýл);
• перад у ва ўласных імёнах і геаграфічных назвах: Навýм, Тадэ̀вуш (а л е: Барнаýл).

4. Прыстаўная літара г пішацца ў займенніках гэты, гэтакі, гэтулькі; у прыслоўях гэ̀так, гэтаксáма, дагэ̀туль; у выклічніках гэй, го, га, гэ.