§ 12. Правапіс звонкіх і глухіх, свісцячых і шыпячых зычных

Правіла

Аглушэнне звонкіх зычных на канцы слова і перад глухімі, азванчэнне глухіх зычных перад звонкімі, прыпадабненне шыпячых да свісцячых і свісцячых да шыпячых на пісьме не перадаецца: след — сле[т], лыжка — лы[ш]ка, малацьба — мала[д⁀з’]ба, на сцежцы — на сце[с]цы, пераносчык — перано[ш]чык.

Для праверкі правільнасці перадачы на пісьме звонкіх і глухіх, шыпячых і свісцячых зычных трэба змяніць слова ці падабраць аднакаранёвае слова, каб пасля зычнага быў галосны або санорны: след — сляды, лыжка — лыжак, малацьба — малаціць, на сцежцы — сцежачка, пераносчык — пераносіць.

У запазычаных словах напісанне зычных, якія нельга праверыць, вызначаецца па слоўніку: баскетбол, вакзал, айсберг.