§ 11. Правапіс прыстаўных галосных

Правіла

1. Прыстаўная галосная і пішацца:

  • у пачатку слова перад спалучэннямі зычных з першай літарай м: імчаць, імгненне, імклівы;
  • у пачатку некаторых слоў перад спалучэннямі зычных з першымі літарамі р, л, калі слова з такімі спалучэннямі пачынае новы сказ або стаіць пасля знака прыпынку ці слова, што заканчваецца на зычны: ільняное палатно; пачарнелы, іржавы серп; без ільгот.
    Калі слова з такім пачатковым спалучэннем зычных стаіць пасля слова, якое заканчваецца на галосны, то прыстаўная літара не пішацца: пакрыцца ржой, палатно льняное.

2. У некаторых словах можа з’яўляцца прыстаўная галосная а: імшара і амшара, іржаны і аржаны, іржышча і аржанішча.

3. Пасля прыставак і першай часткі складанага слова, якія заканчваюцца на галосны, прыстаўныя літары і, а перад р, л, м не пішуцца: заржавець, прымчацца, вокамгненна.
Пасля прыставак на зычны замест і пішацца ы: абылгаць, адымжэць.