Печатать книгуПечатать книгу

§ 11. Правапіс прыстаўных галосных

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Книга: § 11. Правапіс прыстаўных галосных
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 3 Май 2024, 23:15

Правіла

1. Прыстаўная галосная і пішацца:

  • у пачатку слова перад спалучэннямі зычных з першай літарай м: імчаць, імгненне, імклівы;
  • у пачатку некаторых слоў перад спалучэннямі зычных з першымі літарамі р, л, калі слова з такімі спалучэннямі пачынае новы сказ або стаіць пасля знака прыпынку ці слова, што заканчваецца на зычны: ільняное палатно; пачарнелы, іржавы серп; без ільгот.
    Калі слова з такім пачатковым спалучэннем зычных стаіць пасля слова, якое заканчваецца на галосны, то прыстаўная літара не пішацца: пакрыцца ржой, палатно льняное.

2. У некаторых словах можа з’яўляцца прыстаўная галосная а: імшара і амшара, іржаны і аржаны, іржышча і аржанішча.

3. Пасля прыставак і першай часткі складанага слова, якія заканчваюцца на галосны, прыстаўныя літары і, а перад р, л, м не пішуцца: заржавець, прымчацца, вокамгненна.
Пасля прыставак на зычны замест і пішацца ы: абылгаць, адымжэць.

Практыкаванне № 99

 Прачытайце пары словазлучэнняў.
Чаму ў адных выпадках прыстаўныя галосныя пішуцца, у другіх — не?

а) На вялікай ільдзіне — вялікая льдзіна;
б) глядзеў з-пад ілба — зморшчына на лбе;
в) цвік іржавы — на ржавым цвіку;
г) хлеб аржаны — хлеба ржанога.

Практыкаванне № 100

Прачытайце верш.
З дапамогай якіх дзеясловаў паэт вобразна апісвае дождж?

Знайдзіце ў вершы словы, у якіх:
а) прыстаўная галосная пішацца перад збе­гам зычных;
б) прыстаўная галосная не пішацца перад збегам зычных.
Рас­тлумачце іх правапіс.

Кропля

Дождж прарваўся з ветрам
У спякоту,
Па пясках ударыў
Буйным шротам*.
За адно імгненне,
За хвіліну
Перамыў лістотум на галінах,
Пачапіў на кожнае іглінцы
Па адной засмучанай слязінцы.
Прашумеў. Суняўся.

Ціха стала.
І слязінка кожная зайграла.
Колькі ў кроплю
Фарбаў назаткана,
Быццам свет увесь у ёй сабраны:
Поле, луг,
Сады ўсяго пасёлка,
І рака, і неба,
І вясёлка!
П. Броўка.

 Напішыце міні-сачыненне (4-5 сказаў) на тэму «Колькі ў кроплю фарбаў назаткана!».
Словы якіх часцін мовы будуць адыгрываць у гэтым тэксце галоўную тэкстаўтваральную ролю?

ІМЖЭЦЬ — ІМШЭЦЬ

Імжэ'ць — ісці, падаць, асядаць дробнымі кропелькамі (пра дождж): на вуліцы імжэла.

Імшэ'ць — зарастаць мохам: балота імшэе.

Практыкаванне № 101

Спішыце сказы, устаўляючы, дзе трэба, прапушчаныя літары. Растлумачце правапіс прыстаўных галосных.

1. Пасля дажджоў прырэчнае балота шырока разлілося, заліло ..мшарыну, якая, бы цеста на дражджах, пачала пухнуць мяккім вільготным мохам (В. Быкаў).

2. Халодны пот выступіў на ..лбе (Я. Колас).

3. І вось сёння за акном ..мжыў дожджф, які не радаваў гарадскую госцю, але вельмі цешыў вяскоўцаў, бо не трэба будзе паліваць агародніну (М. Кукуць).

4. Пот ручаямі сцякаў з ..лба, шыі, і Іван раз-пораз выціраў яго прамоклай хусцінкай (С. Сяргей).

5. Грудзі ..рваў сухі кашаль (А. Мальдзіс).

6. Цяпер ніхто не забараняе касіць ..ржышча і ніхто і не косіць яго (А. Жук).

7. Яму і сапраўды захацелася гэтай гарачай бульбы з ..льняною тоўчанкай, з кіслым малаком (В. Казько).

• Складзіце схемы 1-га і 3-га сказаў.

Практыкаванне № 102

 Знайдзіце ў сказах фразеалагізмы, растлумачце наяўнасць або адсутнасць прыстаўных галосных.

1. З раніцы да позняй ночы брыгада ..рве жылы, да знямогі вы­сіль­ваецца (М. Капыловіч).

2. А я ж ..рвала глотку на ўвесь бор! Дзе ты прападаў? (З. Бядуля).

3. Каб не ..рваць сабе душу, ён ледзь не бегма падаўся адсюль (І. Кудраўцаў).

4. У млыне Крушынскі ніводнай хвіліны на месцы не можа ўстаяць. Яго ..рвуць на кавалкі — то туды, то сюды (З. Бядуля).

5. Цяпер госці ўсе былі на зборнай і ..рвалі жываты ад смеху (Я. Колас).

Запішыце фразеалагізмы ў адпаведнасці з прыведзенымі значэннямі: ‘бесперапынна турбаваць просьбамі, даручэннямі’; ‘вельмі моцна гаварыць, крычаць, спяваць’; ‘цяжка, з вялікім напружаннем працаваць, надрывацца на рабоце’; ‘вель­мі моцна і доўга, да знямогі смяяцца’; ‘моцна трывожыцца, хвалявацца, мучыцца’.

Практыкаванне № 103

Складзіце з прапанаванымі парамі слоў сказы так, каб у адным выпад­ку была прыстаўная галосная, у другім — не было. Запішыце.

Ілгаць — лгаць, ільняны — льняны, ірвануцца — рвануцца.

Практыкаванне № 103-1

 Вусна перакладзіце тэкст на беларускую мову.

Наши предки издавна выращивали лён и носили льняную одежду.

Лён бывает разный. У льна-долгунца тонкие и длинные стебли, из которых делают волокно, нитки и ткани. А невысокий и ветвистый лён-кудряш выращивают ради семян. Из них добывают ценное льняное масло.

Оршанский льнокомбинат — самый крупный в Европе и СНГ. Это единственное белорусское предприятие, которое выпускает льняные ткани. На проспекте Текстильщиков в Орше есть фирменный магазин «Дом льна». Там можно купить одежду, постельное бельё, скатерти из белорусского льна. Продукция Оршанского льнокомбината известна не только в Беларуси, но и за рубежом (По М. Лысенко).

Колькі ў тэксце падтэм?

Пісьмова перакажыце па-беларуску частку тэксту, у якой паведамляецца аб прадпрыемстве па вырабе льняных тканін.
Карыстаючыся прыведзенай у тэксце інфармацыяй, вызначце, на якім малюнку паказаны лён-даўгунец, а на якім — лён-кудраш.

Практыкаванне № 103-2

Выканайце тэставыя заданні.

1. Адзначце прыклады, у якіх на месцы пропуску пішацца прыстаўная літара і:
1) убачыў ..львіцу;
2) лязо ..ржавае;
3) цягнік ..мчыцца;
4) кішэня ..рваная;
5) крэдыт ..льготны.

2. Адзначце прыклады, у якіх прыстаўная галосная не пішацца:
1) спадніца ..льняная;
2) сцяг ..рдзее;
3) маланкі ..мклівыя;
4) коні ..ржалі;
5) падатковыя ..льготы.

3. Адзначце правільна напісаныя спалучэнні слоў:
1) сабакі рвануліся;
2) на імгненне;
3) хлеб ржаны;
4) балота мшэе;
5) прайд ільвоў.

4. Знайдзіце прыклад, у якім дапушчана арфаграфічная памылка, запішыце яго згодна з арфаграфічнай нормай:
1) на ржышчы;
2) заімглёнае акно;
3) у імшаніку;
4) на ржаной саломе;
5) тонкая льдзіна.

5. Устанавіце адпаведнасць паміж словамі і асаблівасцямі іх правапісу:
1) пры..мчацца
2) аб..лгаць
3) на ..мху
4) па..рваць

а) прапушчана літара і
б) прапушчана літара ы
в) прыстаўная літара не пішацца

6. Запішыце па-беларуску словазлучэнне аппетит львиный.