§ 19. Новы час як асаблівы перыяд сусветнай гісторыі

3. Палітычная карта Еўропы ў XVI ст.

Да пачатку ХVI ст. межы еўрапейскіх дзяржаў заставаліся слаба акрэсленымі, а ідэя нацыянальнай дзяржавы яшчэ не набыла шырокай падтрымкі. Еўрапейскія правіцелі часта ставілі свае дынастычныя выгады вышэй за інтарэсы нацыі. Аднак з узмацненнем каралеўскай улады і цэнтралізацыяй дзяржаўнага кіравання манархі Еўропы ўсё часцей сталі кіравацца нацыянальнымі інтарэсамі.

У пачатку Новага часу найбольш развітымі краінамі былі імперыя Габсбургаў (уключаючы Іспанію), Партугалія, Вялікабрытанія, Францыя, Нідэрланды. Аднак не ўсе дзяржавы змаглі захаваць эканамічную магутнасць і высокае становішча на міжнароднай палітычнай арэне.

Іспанія і Партугалія раней за ўсіх заняліся захопам новых зямель і першымі стварылі каланіяльныя ўладанні. Паступова па шэрагу прычын іх эканомікі перасталі быць канкурэнтаздольнымі. А вось Галандыя, Англія і Францыя пачалі актыўна ўкараняць новыя капіталістычныя метады ў вытворчасць. Землі, якія ім дасталіся, не вызначаліся багаццем. Аднак дзякуючы бурнаму развіццю капіталізму яны імкліва вырваліся наперад па ўзроўні эканамічнага развіцця. Гэтыя дзяржавы падключыліся да каланіяльнай гонкі крыху пазней.

Адным з самых магутных каралеўскіх дамоў Еўропы ў пачатку XVI ст. была дынастыя Габсбургаў. Дзякуючы разумнай палітыцы папярэднікаў Карл V Габсбург сканцэнтраваў у сваіх руках землі Аўстрыі, Германіі, Іспанскіх Нідэрландаў, часткова Італіі і Францыі. Кіраванне аўстрыйскімі землямі ён даручыў свайму брату Фердынанду I. Пагроза турэцкага заваявання садзейнічала далучэнню да аўстрыйскіх зямель Венгрыі і Чэхіі ў 1526 г. З гэтага часу ў Еўропе ўтварыліся дзве галіны Габсбургаў: аўстрыйская, якая складалася з нашчадкаў Фердынанда, і іспанская, што паходзіла ад Карла V. Габсбургі выступалі ў абарону каталіцызму супраць пратэстантызму, які набіраў моц, праводзілі антыфранцузскую палітыку і баранілі Еўропу ад Асманскай імперыі. Магутнасць іспанскіх Габсбургаў была падарваная Трыццацігадовай вайной і Нідэрландскай рэвалюцыяй. Яны страцілі італьянскія і германскія землі, хоць і захоўвалі свой уплыў на іх. Так Іспанія ператварылася ў другарадную дзяржаву Еўропы. Аўстрыйскія ж Габсбургі здолелі захаваць свой уплыў яшчэ на некалькі стагоддзяў. Аднак іх сілы траціліся на падтрыманне адзінства шматнацыянальнай дзяржавы і на адбіццё турэцкай пагрозы.

У адрозненне ад Іспаніі і Партугаліі, у Англіі, Галандыі і ў меншай ступені ў Францыі набірала тэмп капіталістычная вытворчасць. У Англіі і Францыі гэты працэс быў звязаны з узмацненнем улады манарха, а ў Галандыі — ​з атрыманнем незалежнасці ў выніку Нідэрландскай рэвалюцыі.

У Англіі заснавальнік дынастыі Цюдораў (з 1485 г.) Генрых VII пры падтрымцы шырокіх слаёў насельніцтва і парламента жорстка расправіўся з буйны`мі феадаламі і канфіскаваў іх землі. Палітыку цэнтралізацыі дзяржавы працягвалі і яго пераемнікі. Падпарадкаванне царквы дзяржаве пры Генрыху VIII таксама садзейнічала ўмацаванню ўлады караля. Магутнасць англійскай кароны дасягнула росквіту ў час кіравання Лізаветы I (1558–1603). Менавіта ў гэты перыяд Англія разгарнула сваю гандлёвую экспансію на Блізкі Усход, у Індыю, Новы свет і стала адной з сусветна вядомых дзяржаў.

Да пачатку XVI ст. практычна завяршыўся працэс тэрытарыяльнага аб’яднання Францыі. Улада французскіх манархаў, якія абапіраліся на вялікую армію і бюракратычны апарат, умацавалася. Францыя стала самай вялікай па тэрыторыі і колькасці насельніцтва (15 млн чал.) цэнтралізаванай нацыянальнай дзяржавай Еўропы.

Пасля вызвалення ад іспанскага ўціску маленькая Галандыя стала ў XVI ст. адной з вядучых дзяржаў Еўропы. Шэраг фактараў садзейнічаў яе ператварэнню ў развітую дзяржаву з шырокімі каланіяльнымі ўладаннямі. Да іх ліку адносіліся неразвітасць феадальных адносін, а таксама наяўнасць вялікіх гандлёвых гарадоў, такіх як Амстэрдам і Антверпен, дзе актыўна развіваліся таварна-грашовыя адносіны.

Асаблівае месца на карце Еўропы займала Італія. У эпоху Сярэднявечча многія італьянскія гарады сталі гарадамі-рэспублікамі, на чале якіх стаялі незалежныя правіцелі. Самымі буйны`мі з іх былі Венецыя, Мілан, Фларэнцыя, Неапалітанскае каралеўства і Папская вобласць. Італьянскія гарады-дзяржавы багацелі дзякуючы паспяховаму гандлю і развіццю мануфактурнай вытворчасці. Купцы з Венецыі і Генуі кантралявалі гандаль ва Усходнім Міжземнамор’і.

Аднак у пачатку XVI ст. у гэтым рэгіёне пачаўся прыкметны спад вытворчасці. Ён быў звязаны з перамяшчэннем асноўных гандлёвых шляхоў з Міжземнага мора ў Атлантычны, Ціхі і Індыйскі акіяны. Так была падарвана манаполія італьянскіх купцоў на міжнародны гандаль. Яны арыентаваліся пераважна на еўрапейскі рынак і не змаглі канкурыраваць з суконнымі мануфактурамі Англіі і Францыі, што набіралі тэмпы. Італьяскія банкіры таксама былі выцеснены з большасці еўрапейскіх краін. Палітычная раздробленасць Італіі зрабіла яе лёгкай здабычай для ўплывовых еўрапейскіх дзяржаў.

Як паказала гісторыя, захаваць высокае становішча ў Еўропе змаглі дзяржавы, у якіх развіццё капіталістычных адносін абапіралася на моцную дзяржаўную ўладу. У некаторых жа краінах апорай капіталізму сталі ўтвораныя ў выніку буржуазных рэвалюцый рэспублікі.