§ 19. Новы час як асаблівы перыяд сусветнай гісторыі

1. Новы час і яго перыядызацыя

Новы час — ​асаблівы перыяд сусветнай гісторыі. Гэта паняцце ўзнікла ў эпоху Адраджэння ў асяроддзі італьянскіх гуманістаў. Росквіт навукі і мастацтва яны пачалі называць Новым часам. Сярод іх таксама аформілася ўяўленне аб тым, што развіццё грамадства мае агульнасусветны характар. Гуманісты падзялілі гісторыю чалавецтва на старажытную, сярэднюю і новую. Гэты падзел пакладзены ў аснову і сучаснай перыядызацыі.

Гісторыя Новага часу пачынае адлік з XVI ст. і заканчваецца пачаткам ХХ ст. Гэтую эпоху прынята падзяляць на два вялікія перыяды. Першы пачынаецца эпохай Вялікіх геаграфічных адкрыццяў і завяршаецца Вялікай французскай рэвалюцыяй канца XVIII ст. Другі перыяд ахоплівае ХІХ і пачатак XX ст. Рубежнай падзеяй Новага і Навейшага часу з’яўляецца Першая сусветная вайна 1914–1918 гг.

Існуюць і іншыя погляды на храналагічныя рамкі Новага часу. У якасці зыходнага пункту эпохі некаторыя даследчыкі разглядаюць адкрыццё Амерыкі ў 1492 г. і нават падзенне Канстанцінопаля ў 1453 г. Нямецкі філосаф XIX ст. Г. В. Ф. Гегель цэнтральнай падзеяй Новага часу лічыў Вялікую французскую рэвалюцыю канца XVIII ст., а пазней — ​нямецкую Рэфармацыю. Апошняя, на яго думку, пашырыла ўнутраную волю чалавека ў процівагу татальнаму панаванню каталіцкай царквы над свядомасцю чалавека Сярэднявечча. Карл Маркс і яго паслядоўнікі звязвалі адлік Новага часу з пачаткам Англійскай рэвалюцыі — ​важнай для ўсёй Еўропы падзеяй, якая азнаменавала ўсталяванне капіталістычных адносін. Канец Новага часу марксісты бачылі ў перамозе Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г.

Новы час стаў перыядам грандыёзнай трансфармацыі ва ўсіх сферах жыцця не толькі еўрапейскага грамадства, але і астатняга свету.