Печатать книгуПечатать книгу

§ 19. Новы час як асаблівы перыяд сусветнай гісторыі

Чаму Новы час названы гісторыкамі «новым»? Якія змяненні адбыліся ў гэты час у заходнім свеце і з чым яны былі звязаны?

Якія працэсы адбываліся ў феадальным грамадстве Еўропы канца эпохі Сярэднявечча? Якія краіны Еўропы ўзмацніліся да канца Сярэднявечча і чаму? Якая была роля чалавека ў грамадстве і свеце паводле ўяўленняў гуманістаў? (Гісторыя Сярэдніх вякоў, 6 клас)

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Книга: § 19. Новы час як асаблівы перыяд сусветнай гісторыі
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 17 Май 2024, 18:18

1. Новы час і яго перыядызацыя

Новы час — ​асаблівы перыяд сусветнай гісторыі. Гэта паняцце ўзнікла ў эпоху Адраджэння ў асяроддзі італьянскіх гуманістаў. Росквіт навукі і мастацтва яны пачалі называць Новым часам. Сярод іх таксама аформілася ўяўленне аб тым, што развіццё грамадства мае агульнасусветны характар. Гуманісты падзялілі гісторыю чалавецтва на старажытную, сярэднюю і новую. Гэты падзел пакладзены ў аснову і сучаснай перыядызацыі.

Гісторыя Новага часу пачынае адлік з XVI ст. і заканчваецца пачаткам ХХ ст. Гэтую эпоху прынята падзяляць на два вялікія перыяды. Першы пачынаецца эпохай Вялікіх геаграфічных адкрыццяў і завяршаецца Вялікай французскай рэвалюцыяй канца XVIII ст. Другі перыяд ахоплівае ХІХ і пачатак XX ст. Рубежнай падзеяй Новага і Навейшага часу з’яўляецца Першая сусветная вайна 1914–1918 гг.

Існуюць і іншыя погляды на храналагічныя рамкі Новага часу. У якасці зыходнага пункту эпохі некаторыя даследчыкі разглядаюць адкрыццё Амерыкі ў 1492 г. і нават падзенне Канстанцінопаля ў 1453 г. Нямецкі філосаф XIX ст. Г. В. Ф. Гегель цэнтральнай падзеяй Новага часу лічыў Вялікую французскую рэвалюцыю канца XVIII ст., а пазней — ​нямецкую Рэфармацыю. Апошняя, на яго думку, пашырыла ўнутраную волю чалавека ў процівагу татальнаму панаванню каталіцкай царквы над свядомасцю чалавека Сярэднявечча. Карл Маркс і яго паслядоўнікі звязвалі адлік Новага часу з пачаткам Англійскай рэвалюцыі — ​важнай для ўсёй Еўропы падзеяй, якая азнаменавала ўсталяванне капіталістычных адносін. Канец Новага часу марксісты бачылі ў перамозе Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г.

Новы час стаў перыядам грандыёзнай трансфармацыі ва ўсіх сферах жыцця не толькі еўрапейскага грамадства, але і астатняга свету.

2. Вытокі Новага часу

Што ж стала зыходным пунктам змен, якія адбыліся ў Новы час? Іх вытокі трэба шукаць перш за ўсё ў эпосе Адраджэння, калі ў Еўропе атрымалі распаўсюджанне ідэі гуманізму і антрапацэнтрызму. Адбылося не проста адраджэнне цікавасці да антычнай спадчыны ў культуры. Была праведзена глабальная філасофская пераацэнка месца чалавека ў свеце. Новы погляд на навакольную рэальнасць прывёў да станаўлення свецкай навукі і культуры.

Вытокі Новага часу звязаны таксама з Рэфармацыяй (XVI — ​пачатак XVII ст.) у Еўропе. Гэты перыяд азнаменаваўся падзеннем аўтарытэту каталіцкай царквы, якая падтрымлівала феадальную сістэму адносін, і з’яўленнем новых пратэстанцкіх цэрк­ваў. Спроба царквы ў саюзе з дынастыяй Габсбургаў адстаяць свае пазіцыі, вядомая як Контррэфармацыя, прывяла да рэлігійных войнаў у Еўропе ў XVI–XVII стст. Вестфальскі мір 1648 г. паклаў канец палітычнай магутнасці папскага прастола і даў пачатак новай сістэме міжнародных адносін. У яе аснове знаходзілася ідэя дзяржаўнага суверэнітэту. А дзяржава да гэтага часу стала ўсведамляцца як палітычны адбітак нацыі — ​нацыянальная дзяржава.

Новы перыяд гісторыі быў неаддзельны ад Вялікіх геаграфічных адкрыццяў, якія пашырылі еўрапейскія гарызонты. Адбывалася збліжэнне краін і народаў. Адваротным бокам гэтага з’яўлялася пачатая яшчэ ў XV ст. еўрапейская каланіяльная экспансія. Так Еўропа стала ўсталёўваць сваё панаванне над светам.

Спачатку феадальная, а затым і капіталістычная Еўропа ажыццяўляла захоп чужых тэрыторый, рабавала і вынішчала карэннае насельніцтва Амерыкі, Азіі і Афрыкі. Нават некалі магутныя краіны Усходу ператварыліся ў калоніі і напаўкалоніі еўрапейскіх дзяржаў. Адна цывілізацыя паступова распаўсюдзіла свой уплыў на іншыя дзяржавы свету.

3. Палітычная карта Еўропы ў XVI ст.

Да пачатку ХVI ст. межы еўрапейскіх дзяржаў заставаліся слаба акрэсленымі, а ідэя нацыянальнай дзяржавы яшчэ не набыла шырокай падтрымкі. Еўрапейскія правіцелі часта ставілі свае дынастычныя выгады вышэй за інтарэсы нацыі. Аднак з узмацненнем каралеўскай улады і цэнтралізацыяй дзяржаўнага кіравання манархі Еўропы ўсё часцей сталі кіравацца нацыянальнымі інтарэсамі.

У пачатку Новага часу найбольш развітымі краінамі былі імперыя Габсбургаў (уключаючы Іспанію), Партугалія, Вялікабрытанія, Францыя, Нідэрланды. Аднак не ўсе дзяржавы змаглі захаваць эканамічную магутнасць і высокае становішча на міжнароднай палітычнай арэне.

Іспанія і Партугалія раней за ўсіх заняліся захопам новых зямель і першымі стварылі каланіяльныя ўладанні. Паступова па шэрагу прычын іх эканомікі перасталі быць канкурэнтаздольнымі. А вось Галандыя, Англія і Францыя пачалі актыўна ўкараняць новыя капіталістычныя метады ў вытворчасць. Землі, якія ім дасталіся, не вызначаліся багаццем. Аднак дзякуючы бурнаму развіццю капіталізму яны імкліва вырваліся наперад па ўзроўні эканамічнага развіцця. Гэтыя дзяржавы падключыліся да каланіяльнай гонкі крыху пазней.

Адным з самых магутных каралеўскіх дамоў Еўропы ў пачатку XVI ст. была дынастыя Габсбургаў. Дзякуючы разумнай палітыцы папярэднікаў Карл V Габсбург сканцэнтраваў у сваіх руках землі Аўстрыі, Германіі, Іспанскіх Нідэрландаў, часткова Італіі і Францыі. Кіраванне аўстрыйскімі землямі ён даручыў свайму брату Фердынанду I. Пагроза турэцкага заваявання садзейнічала далучэнню да аўстрыйскіх зямель Венгрыі і Чэхіі ў 1526 г. З гэтага часу ў Еўропе ўтварыліся дзве галіны Габсбургаў: аўстрыйская, якая складалася з нашчадкаў Фердынанда, і іспанская, што паходзіла ад Карла V. Габсбургі выступалі ў абарону каталіцызму супраць пратэстантызму, які набіраў моц, праводзілі антыфранцузскую палітыку і баранілі Еўропу ад Асманскай імперыі. Магутнасць іспанскіх Габсбургаў была падарваная Трыццацігадовай вайной і Нідэрландскай рэвалюцыяй. Яны страцілі італьянскія і германскія землі, хоць і захоўвалі свой уплыў на іх. Так Іспанія ператварылася ў другарадную дзяржаву Еўропы. Аўстрыйскія ж Габсбургі здолелі захаваць свой уплыў яшчэ на некалькі стагоддзяў. Аднак іх сілы траціліся на падтрыманне адзінства шматнацыянальнай дзяржавы і на адбіццё турэцкай пагрозы.

У адрозненне ад Іспаніі і Партугаліі, у Англіі, Галандыі і ў меншай ступені ў Францыі набірала тэмп капіталістычная вытворчасць. У Англіі і Францыі гэты працэс быў звязаны з узмацненнем улады манарха, а ў Галандыі — ​з атрыманнем незалежнасці ў выніку Нідэрландскай рэвалюцыі.

У Англіі заснавальнік дынастыі Цюдораў (з 1485 г.) Генрых VII пры падтрымцы шырокіх слаёў насельніцтва і парламента жорстка расправіўся з буйны`мі феадаламі і канфіскаваў іх землі. Палітыку цэнтралізацыі дзяржавы працягвалі і яго пераемнікі. Падпарадкаванне царквы дзяржаве пры Генрыху VIII таксама садзейнічала ўмацаванню ўлады караля. Магутнасць англійскай кароны дасягнула росквіту ў час кіравання Лізаветы I (1558–1603). Менавіта ў гэты перыяд Англія разгарнула сваю гандлёвую экспансію на Блізкі Усход, у Індыю, Новы свет і стала адной з сусветна вядомых дзяржаў.

Да пачатку XVI ст. практычна завяршыўся працэс тэрытарыяльнага аб’яднання Францыі. Улада французскіх манархаў, якія абапіраліся на вялікую армію і бюракратычны апарат, умацавалася. Францыя стала самай вялікай па тэрыторыі і колькасці насельніцтва (15 млн чал.) цэнтралізаванай нацыянальнай дзяржавай Еўропы.

Пасля вызвалення ад іспанскага ўціску маленькая Галандыя стала ў XVI ст. адной з вядучых дзяржаў Еўропы. Шэраг фактараў садзейнічаў яе ператварэнню ў развітую дзяржаву з шырокімі каланіяльнымі ўладаннямі. Да іх ліку адносіліся неразвітасць феадальных адносін, а таксама наяўнасць вялікіх гандлёвых гарадоў, такіх як Амстэрдам і Антверпен, дзе актыўна развіваліся таварна-грашовыя адносіны.

Асаблівае месца на карце Еўропы займала Італія. У эпоху Сярэднявечча многія італьянскія гарады сталі гарадамі-рэспублікамі, на чале якіх стаялі незалежныя правіцелі. Самымі буйны`мі з іх былі Венецыя, Мілан, Фларэнцыя, Неапалітанскае каралеўства і Папская вобласць. Італьянскія гарады-дзяржавы багацелі дзякуючы паспяховаму гандлю і развіццю мануфактурнай вытворчасці. Купцы з Венецыі і Генуі кантралявалі гандаль ва Усходнім Міжземнамор’і.

Аднак у пачатку XVI ст. у гэтым рэгіёне пачаўся прыкметны спад вытворчасці. Ён быў звязаны з перамяшчэннем асноўных гандлёвых шляхоў з Міжземнага мора ў Атлантычны, Ціхі і Індыйскі акіяны. Так была падарвана манаполія італьянскіх купцоў на міжнародны гандаль. Яны арыентаваліся пераважна на еўрапейскі рынак і не змаглі канкурыраваць з суконнымі мануфактурамі Англіі і Францыі, што набіралі тэмпы. Італьяскія банкіры таксама былі выцеснены з большасці еўрапейскіх краін. Палітычная раздробленасць Італіі зрабіла яе лёгкай здабычай для ўплывовых еўрапейскіх дзяржаў.

Як паказала гісторыя, захаваць высокае становішча ў Еўропе змаглі дзяржавы, у якіх развіццё капіталістычных адносін абапіралася на моцную дзяржаўную ўладу. У некаторых жа краінах апорай капіталізму сталі ўтвораныя ў выніку буржуазных рэвалюцый рэспублікі.

4. Зараджэнне індустрыяльнай цывілізацыі

У Заходняй Еўропе ўзнік унікальны грамадскі лад — ​капіталізм, які нярэдка называюць еўрапейскім цудам. Менавіта пры капіталізме атрымала развіццё дэмакратычная форма кіравання, ішло станаўленне індустрыяльнай сістэмы прадукцыйных сіл, класавага грамадства і вядучых яго класаў — ​буржуазіі і пралетарыяту. Дзякуючы ваеннай і тэхнічнай перавазе Еўропа стала гаспадыняй свету, падначаліўшы сабе развітыя цывілізацыі Азіі. У гэтым заключана вялікая тайна Захаду (Заходняя Еўропа і пазней Паўночная Амерыка): нідзе за межамі Заходняй Еўропы не адбылося самастойнага і натуральнага ўзнікнення капіталізму.

Навуковыя, прамысловыя і сацыяльныя рэвалюцыі непазнавальна змянілі аблічча Еўропы. У выніку ўзнік тып дынамічнай цывілізацыі, што рэзка адрознівалася ад традыцыйных цывілізацый Азіі і Афрыкі. Прамысловая рэвалюцыя, якая пачалася ў Англіі ў другой палове XVIII ст., і працэс мадэрнізацыі шмат у чым вызначылі характар індустрыяльнай цывілізацыі, заснаванай на капіталістычных адносінах.

Новы час — ​гэта перыяд фарміравання новых сацыяльных адносін, палітычных інстытутаў, духоўных каштоўнасцяў на аснове ідэі сацыяльнай роўнасці людзей, фарміравання капіталістычных адносін у эканоміцы з ідэяй недатыкальнасці прыватнай уласнасці.

Пытанні

1. Якія існуюць погляды на храналагічныя рамкі Новага часу?

2. Назавіце асноўныя падзеі, якія далі пачатак зменам ва ўсіх сферах жыцця грамадства ў Новы час.

3. Запоўніце ў сшытку табліцу «Палітычная карта Еўропы ў XVI ст.», пры неабходнасці выкарыстайце карту і дадатковыя крыніцы інфармацыі.

4. З якімі працэсамі было звязана развіццё капіталістычнай вытворчасці ў Англіі, Галандыі і Францыі?

5. Дайце азначэнне паняццю «Новы час» як эпосе палітычных, эканамічных, сацыяльных і тэхналагічных змен.

6. Прачытайце пункты 1–2.3 у артыкуле пра Новы час у свабоднай энцыклапедыі «Вікіпедыя». Параўнайце характарыстыкі гісторыі Новага часу, прыведзеныя ў вучэбным дапаможніку і ў «Вікіпедыі». Ці супадаюць гэтыя характарыстыкі? Як вы думаеце, ці можна выкарыстоўваць інфармацыю, прыведзеную ў свабоднай энцыклапедыі, без іншых крыніц? Чаму?

7. Выкарыстоўваючы інфармацыю на с. 166–174 гэтага вучэбнага дапаможніка і згадаўшы вывучанае раней, ахарактарызуйце першы перыяд гісторыі Новага часу. Падрыхтуйце візітную картку гэтага гістарычнага перыяду.