§ 19. Новы час як асаблівы перыяд сусветнай гісторыі

2. Вытокі Новага часу

Што ж стала зыходным пунктам змен, якія адбыліся ў Новы час? Іх вытокі трэба шукаць перш за ўсё ў эпосе Адраджэння, калі ў Еўропе атрымалі распаўсюджанне ідэі гуманізму і антрапацэнтрызму. Адбылося не проста адраджэнне цікавасці да антычнай спадчыны ў культуры. Была праведзена глабальная філасофская пераацэнка месца чалавека ў свеце. Новы погляд на навакольную рэальнасць прывёў да станаўлення свецкай навукі і культуры.

Вытокі Новага часу звязаны таксама з Рэфармацыяй (XVI — ​пачатак XVII ст.) у Еўропе. Гэты перыяд азнаменаваўся падзеннем аўтарытэту каталіцкай царквы, якая падтрымлівала феадальную сістэму адносін, і з’яўленнем новых пратэстанцкіх цэрк­ваў. Спроба царквы ў саюзе з дынастыяй Габсбургаў адстаяць свае пазіцыі, вядомая як Контррэфармацыя, прывяла да рэлігійных войнаў у Еўропе ў XVI–XVII стст. Вестфальскі мір 1648 г. паклаў канец палітычнай магутнасці папскага прастола і даў пачатак новай сістэме міжнародных адносін. У яе аснове знаходзілася ідэя дзяржаўнага суверэнітэту. А дзяржава да гэтага часу стала ўсведамляцца як палітычны адбітак нацыі — ​нацыянальная дзяржава.

Новы перыяд гісторыі быў неаддзельны ад Вялікіх геаграфічных адкрыццяў, якія пашырылі еўрапейскія гарызонты. Адбывалася збліжэнне краін і народаў. Адваротным бокам гэтага з’яўлялася пачатая яшчэ ў XV ст. еўрапейская каланіяльная экспансія. Так Еўропа стала ўсталёўваць сваё панаванне над светам.

Спачатку феадальная, а затым і капіталістычная Еўропа ажыццяўляла захоп чужых тэрыторый, рабавала і вынішчала карэннае насельніцтва Амерыкі, Азіі і Афрыкі. Нават некалі магутныя краіны Усходу ператварыліся ў калоніі і напаўкалоніі еўрапейскіх дзяржаў. Адна цывілізацыя паступова распаўсюдзіла свой уплыў на іншыя дзяржавы свету.