§ 7. Націск і яго функцыі

Практыкаванне № 74

Прачытайце верш у адпаведнасці з арфаэпічнымі і акцэнталагічнымі нормамі. Які настрой трэба перадаць пры чытанні твора?

Прынясіце кветкі салдатам
Адгулі, адгрымелі гарматы.
Хмары чорныя адплылі.
Прынясіце кветкі салдатам,
Што палеглі на нашай зямлі.
Пакланіцеся нізка-нізка
Тым, хто зведаў агонь і дым,
Строгім помнікам, абеліскам,
Слаўным зорачкам баявым.
Ля салдацкіх магіл памаўчыце...
Кожны з мужных салдат збярог
Цішыню, і сонца ў блакіце,
І сцяжынку на школьны парог.
Семдзесят пяць год пад сцягам крылатым
Крочыць мір па роднай зямлі.
Прынясіце кветкі салдатам,
Што свабоду для нас здабылі.
                                                Л. Дайнека.

Выпішыце сказ, у якім выказана асноўная думка верша. Растлумачце свой выбар. Выпішыце ключа­выя словы. Як яны ад­люстроўваюць пачуцці і пазіцыю паэта?
Чаму, на вашу думку, у вершы пераважаюць формы дзеясловаў прошлага часу і формы загаднага ладу?
• Выпішыце просты ўскладнены сказ. Зрабіце яго сінтаксічны разбор.
 Як ваша сям’я адзначае 9 Мая? Як у ёй захоўваюць памяць пра Вялікую Пе­рамогу?