Печатать книгуПечатать книгу

§ 7. Націск і яго функцыі

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Книга: § 7. Націск і яго функцыі
Напечатано:: Гость
Дата: Вторник, 14 Май 2024, 16:52

Правіла

Акцэнталагічныя нормы прадугледжваюць правільную пастаноўку націску, рэгулююць месца размяшчэння націску ў слове.

Асноўны націск — слоўны — абавязковая прымета самастойнага слова. Непаўназначныя (несамастойныя) словы прымыкаюць да папярэдняга (схадзíў бы) або да наступнага (па вадý, не былá) самастойнага слова.
Націск у беларускай мове сілавы (вылучэнне сілай голасу аднаго са складоў у слове); рознамясцóвы (нефіксавáны, можа прыпадáць на розныя склады: жнíвень, кастры́чнік, сакавíк); рухомы (пры ўтварэнні форм слова застаецца на адным і тым жа складзе (палáц, палáца, палáцы) або пераходзіць на іншы склад: бýсел — буслы́, нуль — нуля́, нулí, нуля́мі).

Асноўная функцыя націску — словаразмежавальная.

Ад месца націску залежаць:

  • адрозненне аднолькавых па гукавым саставе слоў: áтлас — атлáс;
  • правілы напісання галосных: ляснíк, леснічóўка, высакая́ касны, шырокафармáтны;
  • адрозненне граматычных форм слова: рýкі — рукí;
  • адрозненне форм закончанага і незакончанага трывання дзеяслова: насы́паць — насыпáць.

Акцэнталагічныя (акцэнтныя) варыянты дапускаюць дваякі націск: лíтасцівы — літасцíвы, сýпраць — супрóць, хлóпец — хлапéц, навóкал — навакóл.

Акцэнталагічныя нормы замацаваны ў «Слоўніку націску ў беларускай мове» Мікалая Бірылы, у арфаграфічных, тлумачальных слоўніках і даведніках.

Практыкаванне № 63

Прачытайце выказванні даследчыкаў. Запішыце тое з іх, якое, на вашу думку, найбольш дакладна характарызуе прадмет абмеркавання. 

 Падрыхтуйце адказ на пытанне «Чаму важна захоўваць акцэнталагічныя, арфаэпічныя (шырэй — літаратурныя) нормы?».

Уменне правільна ставіць націск у слове — істотны элемент куль­туры вуснага маўлення. Памылкі ў пастаноўцы націску ўскладняюць і аб­ця­жар­ваюць успрыманне паведамлення, чытання (Ф. Янкоўскі).

Адхіленні ад літаратурных норм не толькі зніжаюць інфарма­цыйнасць тэксту, але вядуць і да эстэтычных стратаў, бо ўспрымаюцца як парушэнне абавязковага і ўзорнага маўлення (А. Каўрус).

Для авалодвання нормамі літаратурнага вымаўлення неабходна ўважліва ўслухоўвацца ў лепшыя ўзоры і засвойваць іх (А. Каляда).

Дасканалае валоданне мовай прадугледжвае веданне правіл літа­ратурнага вымаўлення... Каб дакладна ставіць націскі, трэба за­пом­ніць шмат слоў і пастаянна іх паўтараць, трэніравацца (М. Супрунчук).

Практыкаванне № 64

Запішыце словы, абазначце ў іх націск.

Аер, выпадак, імя, статут, генезіс, гліняны, каменны, ільняны, звычай, Уладзімір, красавік, эксперт, падпарадкаванне, грамадзянін, аксюмаран*, анапест, факсіміле*, навіна, садавіна, спіна, паведаміць, журавель, вярба, каталог, дакумент, стары, кулінарыя, магазін.

Складзіце сказы з пяццю запазычанымі словамі.

Практыкаванне № 65

Прачытайце. Знайдзіце ў тэксце дзевяць слоў з памылкамі, выкліканымі ня­веданнем акцэнталагічнай нормы. Запішыце гэтыя словы правільна, абазначце націск.

Серадзіна кастрычніка, пачатак лістапада — самога часу збору шыпшыны. Вось такою парою кожны год дабіраўся я на Лысую гару, бо шыпшыны тут — буйнай, спелай — было так многа, што аж гнуліся ад яе кусты. На гэты раз сонца яшчэ не паднялося і да палавіны неба, а мой ладны рукзак быў паўненькі ягад. Часу была шмат. Мне захацелася паблукаць па лесе, можа, удасца знайсці які-небудзь грыб.

Спусціўся з гары, якую з двух бокаў абступалі маладыя асілкі-ду­бы, і падаўся ў глыбіню лесу. Прайшоў вёрсты са тры, уважліва пры­гля­даючыся да землі, але, акрамя некалькіх мухамораў, не сустрэў ні­якога грыба.

Запішыце два апошнія сказы правільна, зрабіце іх поўны сінтаксічны разбор. Вусна вызначце часціны мовы.

Практыкаванне № 66

І. Запішыце лічбы словамі і пастаўце націскі з дапамогай слоўнікаў.

11, 14, 50, 60, 70, 80, 200, 600, 800.

ІІ. Запішыце лічэбнікі ў форме творнага склону.

2 (юнакі), 2 (кветкі), 3, 4, 5, 6, 7, 8, 11, 20, 30.

Практыкаванне № 67

Запішыце назоўнікі мужчынскага роду 2-га скланення ў форме роднага скло­ну адзіночнага ліку і ў форме назоўнага склону множнага ліку, абазначце націскі.

Бінт, бусел, вецер, воўк, волас, голуб, доўг, зубр, камень, мароз, плот, плуг, роў, рот, цесць, вус, рог.

Практыкаванне № 68

Прачытайце табліцу, з яе дапамогай раскажыце пра асаблівасці націску ў беларускіх дзеяслоўных формах.

Утварыце аналагічныя дзеяслоўныя формы ад наступных дзеясло­ваў: прыняць, пячы, пастрыгчы, везці, мерзнуць, ажыць, зваць.

Практыкаванне № 69

Растлумачце, якія формы слоў адрознівае націск у наступных выпадках.

Склі´каць — склікáць, трáвы — травы́, закі´даць — закідáць, ву́чыць — вучы́ць, гу́бы — губы́, заўважáць — заўвáжаць, лю̀біць — любі´ць, уру́чаць — уручáць, лі´чыць — лічы́ць.

Практыкаванне № 70

З дапамогай слоўнікаў пастаўце націск у наступных словах.

Аднаразовы, валасы, камбайнер, партэр, крапіва, жыхар, эксперт, нектар, прынесла, Уладзімір, дагавор, туманы, мысленне, таварышы, графіці, статут, грамадзянін, апостраф, дыспансер, (па) ва­ду, кіламетр, каталог, вярба, гліняны, статус, алфавіт, карабель, вусы, выпадак, крыху, была, несці, садавіна, дакумент, жальба, Украі­на, слабы, нібы, неруш, дэфіс, індустрыя, інструмент, квартал, магазін, маленькі, навіна, цяжар.

Складзіце сказы з выдзеленымі словамі.

Практыкаванне № 71

 Выпішыце з практыкавання 70 словы, якім адпавядаюць наступныя лек­січныя значэнні:
‘што-небудзь некранутае (нявораная зямля, дзікі лес, грыбное месца і да т. п.), некранутая паверхня чаго-небудзь’;
‘ніжні паверх глядзельнай залы з месцамі для публікі’;
‘надрадковы знак у выглядзе коскі’.

Практыкаванне № 72

 Прачытайце перад аднакласнікамі свой любімы верш — выразна, з заха­ваннем арфаэпічных і акцэнталагічных норм. Растлумачце выбар твора для чытання. Слухачы павінны ацаніць, наколькі ваша маўленне адпавядае лі­та­ратурным нормам сучаснай беларускай мовы, а таксама ўлічыць наступ­ныя паказчыкі:
• тэхніка чытання: тэмбр (афарбоўка) голасу, тэмп (хуткасць вымаўлення
слоў), сіла голасу (не варта атаясамліваць з крыкам);
• лагічная выразнасць чытання: разуменне тэмы, ідэі твора;
• эмацыянальна-вобразная выразнасць (інтанацыя, настрой, міміка).
Якое эмацыянальнае ўздзеянне аказала на вас мастацкае чытанне адна­класніка? Ці ўдалося чытальніку з дапамогай голасу перадаць найтанчэйшыя адценні паэтычнага слова? Раскажыце пра ролю культуры маўлення для разумен­ня твора.

Практыкаванне № 73

 Прачытайце. Перакажыце тэкст па-беларуску, за­хоўваючы літаратурныя нормы. Ці згодны вы з аўта­рам, што «брыдкаслоўе, як і хамства, — зброя няўпэў­неных у сабе людзей»? Сфармулюйце ўласную пазіцыю адносна брыдкаслоўя.

Сквернословие (от слова скверна — ‘что-либо гнусное, мерзкое, по­роч­ное’) — это речь, наполненная неприличными выражениями, не­пристойными словами, бранью.

...Мало кто из ребят догадывается, что сквернословие, как и хамст­во, — оружие неуверенных в себе людей. Грубость позволяет им скрыть собственную уязвимость и защищает их. Обнаружить слабость и неуверенность в этом возрасте равносильно полному поражению. Иногда старшеклассники стараются задеть взрослых, шокировать их, вывести из себя, чтобы измерить свою власть над ними и подтвердить собственную эмоциональную независимость.

Словесная брань — это не только набор непристойностей. Употреб­ле­ние подобной лексики свидетельствует о духовной бедности человека. Ведь слово — не просто совокупность звуков, выражающих мысль. Оно способно очень многое рассказать о нашем душевном состоянии, о нашей жизни. Сократ говорил: «Каков человек, такова его и речь» (По М. Яковлевой).

Чаму, на вашу думку, трэба змагацца з брыдкаслоўем? Якую шкоду яно на­носіць грамадству?

Практыкаванне № 74

Прачытайце верш у адпаведнасці з арфаэпічнымі і акцэнталагічнымі нормамі. Які настрой трэба перадаць пры чытанні твора?

Прынясіце кветкі салдатам
Адгулі, адгрымелі гарматы.
Хмары чорныя адплылі.
Прынясіце кветкі салдатам,
Што палеглі на нашай зямлі.
Пакланіцеся нізка-нізка
Тым, хто зведаў агонь і дым,
Строгім помнікам, абеліскам,
Слаўным зорачкам баявым.
Ля салдацкіх магіл памаўчыце...
Кожны з мужных салдат збярог
Цішыню, і сонца ў блакіце,
І сцяжынку на школьны парог.
Семдзесят пяць год пад сцягам крылатым
Крочыць мір па роднай зямлі.
Прынясіце кветкі салдатам,
Што свабоду для нас здабылі.
                                                Л. Дайнека.

Выпішыце сказ, у якім выказана асноўная думка верша. Растлумачце свой выбар. Выпішыце ключа­выя словы. Як яны ад­люстроўваюць пачуцці і пазіцыю паэта?
Чаму, на вашу думку, у вершы пераважаюць формы дзеясловаў прошлага часу і формы загаднага ладу?
• Выпішыце просты ўскладнены сказ. Зрабіце яго сінтаксічны разбор.
 Як ваша сям’я адзначае 9 Мая? Як у ёй захоўваюць памяць пра Вялікую Пе­рамогу?

Практыкаванне № 75

Запішыце па-беларуску. У беларускіх адпаведніках пастаўце націскі.

Деятель, докрасна, долгожитель, долюшка, доченька, дровосек, единичность, журавлёнок, зашнурованный.

Снизу доверху, замкнутая на ключ дверь, красивая застёжка, гра­вий­ный участок, вымыть дочиста, береги честь смолоду, красивая набережная.

Тэставая работа па фанетыцы і арфаэпіі