§ 5. Асноўныя якасці культуры маўлення. Правілы маўленчых паводзін. Маўленчы этыкет

Практыкаванне № 49

Прачытайце. Раскажыце пра структуру віншавальнага тэксту. Ці варта, на вашу думку, адступаць ад прапанаванай структуры віншавання? Ці пера­шкаджае аўтару ўстойлівасць формул выявіць сваю арыгінальнасць, творчасць?

Віншаванне складаецца з некалькіх абавязковых частак: (1) пры­вітальная формула, (2) віншавальная частка, (3) пажадальная частка, (4) подпіс.

Віншавальная частка, як правіла, утрымлівае тры кампаненты: адрасант — адрасат — падстава (матыў віншавання). Кожны з кампанентаў мадэлі можа апускацца ў канкрэтнай сітуацыі маўленчых зносін. Параўнаем: Віншую Вас (цябе) з Новым годам (са святам(і), з блізкімі святамі)! Віншую Вас (цябе)! Віншую са свя­там! Віншую! Мае віншаванні!

Пажадальная частка віншавання таксама складаецца з трох кам­панентаў: адрасант — адрасат — змест пажадання. Найбольш прадуктыўныя ў сучаснай маўленчай практыцы наступныя формулы:

Найлепшыя святочныя пажаданні! Самыя добрыя пажадан­ні здароўя, настрою, плёну! Шчаслівага свята! Вясёлых, здаровых і шчаслівых свят і ўсяго новага года! Усяго самага добрага, радаснага і светлага! Добрага здароўя! Сямейнага дабрабыту! Здзяйснення ўсіх жаданняў, мар, спадзяванняў, планаў! Спакою! Дабра! Кветак! Кахання! Радасці! Усмешак! Хай Новы год будзе лепшы, прынясе шмат радасці! Хай Новы год прынясе Вам новыя надзеі і спаўненне ўсіх мар! Няхай Вас заўсёды акружаюць блізкія і любімыя людзі! (Паводле С. Важніка).

Запішыце маўленчыя формулы, якія вам хацелася б скарыстаць у вінша­вальнай і пажадальнай частках.
 Складзіце тэкст віншавальнай паштоўкі родным (блізкім, знаёмым) да свя­та, якое найбольш шануецца ў вашай сям’і.