§ 5. Асноўныя якасці культуры маўлення. Правілы маўленчых паводзін. Маўленчы этыкет

Практыкаванне № 38

Культура маўлення — гэта:
1) сістэма камунікатыўных якасцей маўлення;
2) уменне эфектыўна выкарыстоўваць моўныя сродкі ў канкрэтных маўленчых сітуацыях у адпаведнасці з літаратурнымі нормамі.

Асноўныя якасці культуры маўлення:

  • правільнасць — адпаведнасць маўлення нормам літаратурнай мовы;
  • дакладнасць — выкарыстанне слоў, фразеалагізмаў з уласцівым ім значэннем, адпаведнасць выказвання мэце і маўленчай сітуацыі;
  • лагічнасць — паслядоўнасць выкладу думкі, сэнсавая несупярэчлівасць паміж ужытымі моўнымі адзінкамі і законамі логікі;
  • чысціня — адсутнасць у маўленні нелітаратурных слоў і выразаў (жарганізмаў, слоў-паразітаў, беспадстаўна ўжытых дыялектных і запазычаных слоў);
  • дарэчнасць — мэтазгоднасць выбару моўных сродкаў, іх адпаведнасць стылю, жанру, мэтам і ўмовам зносін;
  • багацце — выкарыстанне разнастайных сінанімічных маўленчых сродкаў;
  • выразнасць — эмацыянальнае ўздзеянне выказвання, выкарыстанне сродкаў, якія падтрымліваюць увагу і цікавасць чытачоў (слухачоў);
  • лаканічнасць(сцісласць) маўлення — уменне адбіраць галоўнае,выключаць другаснае, пазбягаць непатрэбных падрабязнасцей.

Культура маўлення падразумявае веданне мовы, высокі ўзровень агульнай культуры чалавека, захаванне асноўных камунікатыўных якасцей маўлення, уменне выбраць найбольш дакладны, дарэчны, дасканалы варыянт.

Прачытайце выказванні айчынных вучоных. Вусна раскажыце, чаму пра­вільнасць выступае асновай культуры маўлення.

Маўленне правільнае, калі ў ім няма парушэння арфаэпічных, акцэн­талагічных, словаўтваральных, марфалагічных, сінтаксічных, лек­січ­ных, фразеалагічных, прыказкавых норм. Асноўная ўмова правільнасці маўлення — добрае веданне названыхсл норм літаратур­най мовы, а значыць, і ўмелае валоданне імі (Паводле І. Лепешава).

Унармаванасць — сінонім правільнасці — найважнейшаям ўлас­ці­васць літаратурнай мовы (А. Міхневіч).

Менавіта правільнасць маўлення забяспечвае яго адзінства, агуль­назразумеласць інфармацыі, якаяф перадаецца і ўспрымаецца. Пра­вільнасць заключаецца ў адпаведнасці маўлення тым законам і правілам, якія дзейнічаюць у мове (Паводле Т. Тамашэвіча).

Правільнасць маўлення — аснова, якая дае магчымасць асобе па­стаянна ўдасканальваць сваё маўленчае майстэрства.сн Правільнасць маўлення падразумявае строгае захаванне літаратурных норм, мэта­згоднасцьсл выкарыстання тых або іншых моўных адзінак у працэсе зносін (Паводле І. Навасельцавай).

Запішыце выказванне, якое, на вашу думку, найбольш дакладна, поўна акрэслівае правільнасць як асноўную якасць культуры маўлення. Падкрэсліце гра­матычныя асновы, дайце агульную характарыстыку сказам.
• Растлумачце пастаноўку працяжніка ў прыведзеных выказваннях.