§ 4. Функцыянальна-сэнсавыя тыпы маўлення: апісанне, апавяданне, разважанне. Функцыянаванне моўных сродкаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў

Практыкаванне 33

Прачытайце тэкст. Вызначце яго тэму і асноўную думку.

Непрывычна высокі бераг.

На самым краёчку — невялікае агнішча*.

Хто і калі супыняўся тут? Чыю душу сагравала кволае цяпельца? Якія думы цешыў жывы агонь?

Не ўведаю, відаць, ніколі.

За плячыма стогне пранізлівы вецер. Унізе раве і пеніцца растрывожаная Славечна. Па той бок ракі плача ваўчыца.

Робіцца вусцішна*. Іду да вербаў. Ля іхніх ног збіраю ламачынкі, леташняе лісце, зграбаю пажоўклую траву. І неўзабаве на старым агнішчы нараджаецца новае цяпельца.

Хутка мяне зноў пакліча дарога, і я пакіну гэты здзічэлы бераг. Засне цяпельца. Старое агнішча зраўняюць дажджы. Але мо нехта на­трапіць на яго таксама. Супыніцца... Задумаецца: да Чарнобыля тое было ці пасля? І развядзе сваё цяпельца (Я. Пархута).

Сімвалам чаго з’яўляецца ў тэксце вогнішча (знойдзенае на здзічэлым беразе старое агнішча — разведзенае новае цяпельца — вогнішча, якое можа развесці нехта ў будучыні)?
Што з’яўляецца асноўнай задачай тэксту:
а) апісанне прыроды;
б) апавяданне пра тое, як герой раскладваў вогнішча;
в) разважанне-боль пра пакінутыя людзьмі мясціны і адначасова надзея: як на месцы старога агнішча нараджаецца новае цяпельца, можа, некалі адродзіцца і само жыццё на гэтай зямлі?
Якія тыпы маўлення спалучаюцца ў тэксце? Як вы думаеце, які з іх з’яўляец­ца вядучым?
Назавіце моўныя сродкі з тэксту, характэрныя для апісання, апавядання, разважання.
 Прааналізуйце схему. Падрыхтуйце паведамленне на яе аснове.

Сфармулюйце пасля аналізу схемы і запішыце вывад (у форме сцвярджэння-сказа) пра тое, наколькі Беларусь пацярпела ад чарнобыльскай катастрофы.
Раскажыце, што вы ведаеце пра чарнобыльскую трагедыю і як наша краіна пе­ражыла яе наступствы.