§ 4. Функцыянальна-сэнсавыя тыпы маўлення: апісанне, апавяданне, разважанне. Функцыянаванне моўных сродкаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў

Практыкаванне 31

Прачытайце тэксты. Абгрунтуйце іх прыналежнасць да аднаго з тыпаў маў­лення (апавяданне, апісанне, разважанне).

І. Мы прызвычаіліся, што помнікі ставяцца з нагоды пэўных гістарычных падзей, у гонар знакамітых людзей і іх дасягненняў. Але ёсць выпадкі, калі помнік можа быць узведзены і нашаму сучасніку. Прычым не толькі жывой асобе. Ёсць у Беларусі, у слаўным горадзе Полацку, калысцы беларускай дзяржаўнасці, незвычайны помнік літары беларускага алфавіта «Ў». Гэта даніна павагі нашай Бацькаўшчыне, яе гісторыі, культуры. Мова — той стрыжань, на якім трымаецца наша існасць, тое, што адрознівае нас ад іншых народаў. Літара «Ў» — адметны сімвал нашай мовы, які вызначае яе непаўторнасць. Гэта літара — таксама наша культурная спадчына. Прычым спадчына жывая (Паводле А. Бяганскага).

ІІ. Помнік літары «Ў» у Полацку ўстаноўлены ў 2003 годзе. Аўтар помніка — беларускі мастак з Полацка Ігар Куржалаў. На гранітнай аснове манумента знаходзіцца круглая пліта з выразаным сімвалам, пералікам алфавіта ў правай частцы і цытатай «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет» з творчасці Рыгора Барадуліна ў левай частцы. Грані стэлы* ўяўляюць малюнак знешняга выгляду літары, паказваюць яе месца ў беларускім алфавіце, а таксама дэманструюць словы, якія найбольш часта выкарыстоўваюцца з гэтым графічным элементам.

Помнік выклікае цікавасць не толькі ў беларускіх, але і ў замежных турыстаў, якія пакідаюць пра яго шматлікія захопленыя водгукі на інтэрнэт-парталах (Паводле матэрыялаў сайта www.vetliva.by).

ІІІ. У той дзень настаўніца сказала вучням выканаць заданне самастойна. Сама хадзіла па класе, заглядвала ў сшыткі і дапамагала кожнаму індывідуальна. Алене, якая нядаўна пераехала з Украіны да сваякоў у невялікі гарадок на Магілёўшчыне, яна прапанавала выправіць памылку. «У выразе “мы ўбачылі новыя будынкі” ў слове “ўбачылі” трэба пісаць “ў” (кароткае)», — падказала яна Алене. Узяла Алена гумку, падцерла хвосцік, укараціла яго і далей стала выконваць практыкаванне. Праз нейкі час настаўніца паўтарыла сваю заўвагу. Алена ўкараціла хвосцік у літары «ў» яшчэ больш. У канцы ўрока настаўніца не вытрымала: «Колькі можна казаць, што ў гэтым слове трэба пісаць “ў” (кароткае)». Алена заўсёды была паслухмянай, але зараз не стрымалася: «Я ўжо два разы ўкарочвала хвосцік у літары “ў”, яна ўжо стала падобнай да літары “ц”, больш не магу яе ўкараціць».

Вучні дружна засмяяліся, а Алена заплакала (Паводле А. Плаў­скай).

Пабудуйце тыповыя кампазіцыйныя схемы кожнага з тыпаў маўлення.
Пракаменціруйце пастаноўку знакаў прыпынку ў сказах з простай мовай.
Прывядзіце з тэксту ІІІ пяць прыкладаў слоў, у якіх напісанне і вымаўленне не супадаюць.