Печатать книгуПечатать книгу

§ 4. Функцыянальна-сэнсавыя тыпы маўлення: апісанне, апавяданне, разважанне. Функцыянаванне моўных сродкаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Книга: § 4. Функцыянальна-сэнсавыя тыпы маўлення: апісанне, апавяданне, разважанне. Функцыянаванне моўных сродкаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 6 Май 2024, 12:20

Практыкаванне 31

Прачытайце тэксты. Абгрунтуйце іх прыналежнасць да аднаго з тыпаў маў­лення (апавяданне, апісанне, разважанне).

І. Мы прызвычаіліся, што помнікі ставяцца з нагоды пэўных гістарычных падзей, у гонар знакамітых людзей і іх дасягненняў. Але ёсць выпадкі, калі помнік можа быць узведзены і нашаму сучасніку. Прычым не толькі жывой асобе. Ёсць у Беларусі, у слаўным горадзе Полацку, калысцы беларускай дзяржаўнасці, незвычайны помнік літары беларускага алфавіта «Ў». Гэта даніна павагі нашай Бацькаўшчыне, яе гісторыі, культуры. Мова — той стрыжань, на якім трымаецца наша існасць, тое, што адрознівае нас ад іншых народаў. Літара «Ў» — адметны сімвал нашай мовы, які вызначае яе непаўторнасць. Гэта літара — таксама наша культурная спадчына. Прычым спадчына жывая (Паводле А. Бяганскага).

ІІ. Помнік літары «Ў» у Полацку ўстаноўлены ў 2003 годзе. Аўтар помніка — беларускі мастак з Полацка Ігар Куржалаў. На гранітнай аснове манумента знаходзіцца круглая пліта з выразаным сімвалам, пералікам алфавіта ў правай частцы і цытатай «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет» з творчасці Рыгора Барадуліна ў левай частцы. Грані стэлы* ўяўляюць малюнак знешняга выгляду літары, паказваюць яе месца ў беларускім алфавіце, а таксама дэманструюць словы, якія найбольш часта выкарыстоўваюцца з гэтым графічным элементам.

Помнік выклікае цікавасць не толькі ў беларускіх, але і ў замежных турыстаў, якія пакідаюць пра яго шматлікія захопленыя водгукі на інтэрнэт-парталах (Паводле матэрыялаў сайта www.vetliva.by).

ІІІ. У той дзень настаўніца сказала вучням выканаць заданне самастойна. Сама хадзіла па класе, заглядвала ў сшыткі і дапамагала кожнаму індывідуальна. Алене, якая нядаўна пераехала з Украіны да сваякоў у невялікі гарадок на Магілёўшчыне, яна прапанавала выправіць памылку. «У выразе “мы ўбачылі новыя будынкі” ў слове “ўбачылі” трэба пісаць “ў” (кароткае)», — падказала яна Алене. Узяла Алена гумку, падцерла хвосцік, укараціла яго і далей стала выконваць практыкаванне. Праз нейкі час настаўніца паўтарыла сваю заўвагу. Алена ўкараціла хвосцік у літары «ў» яшчэ больш. У канцы ўрока настаўніца не вытрымала: «Колькі можна казаць, што ў гэтым слове трэба пісаць “ў” (кароткае)». Алена заўсёды была паслухмянай, але зараз не стрымалася: «Я ўжо два разы ўкарочвала хвосцік у літары “ў”, яна ўжо стала падобнай да літары “ц”, больш не магу яе ўкараціць».

Вучні дружна засмяяліся, а Алена заплакала (Паводле А. Плаў­скай).

Пабудуйце тыповыя кампазіцыйныя схемы кожнага з тыпаў маўлення.
Пракаменціруйце пастаноўку знакаў прыпынку ў сказах з простай мовай.
Прывядзіце з тэксту ІІІ пяць прыкладаў слоў, у якіх напісанне і вымаўленне не супадаюць.

Практыкаванне 32

Прачытайце тэкст. Вызначце тып маўлення, абгрунтуйце сваю думку.

У 2016 годзе помнік літары «Ў» у Полацку быў адноўлены. Мно­гія знешнія асаблівасці захаваліся, аднак у цэлым ён сур’ёзна змя­ніўся. На адной з бакавых граняў стэлы цяпер змешчана цытата Р. Барадуліна «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет» з указаннем імя яе аўтара. Унутры літары «С» можна адрозніць знак Ф. Скарыны. Сімвал складаецца з месяца і сонца, якія перакрываюць адно аднаго.

На другой грані стэлы знаходзіцца лі­та­ра «Ў», напісанаям кур­сі­вам. Над ёй — беларускія словы, у якіх пішацца гэта літара, сярод якіх  ёсцьф настаўнік, Еўфрасіння, слоўнік, Браслаў, дзея­слоў і некаторыя іншыя.

Паколькі (?)эта літара алфавіта з(?)яў­ляецца адметнас(?)цю бе­ла­рускай мовы, з часам яна стала сімвалам ц..лай краіны. Як сцв..рджаюць некаторыя мастацтвазнаўцы, яна перадае спецыфіку нацы..нальнай трад..цыі непа..торнасць гістар..чнага і культурнага шлях.. народ.. (Паводле матэрыялаў сайта www.vetliva.by).

Знайдзіце ў тэкстах практыкаванняў 31 (ІІ) і 32 сказы, якія адпавядаюць кож­наму з фотаздымкаў. Зачытайце іх.

Ці згодны вы з меркаваннем, што літара «ў» «стала сімвалам цэлай краіны»?
 Выкарыстоўваючы фотаздымкі і матэрыялы практыкаванняў 31 і 32, раскажыце, якім быў і як выглядае цяпер помнік літары «Ў» у Полацку.
Запішыце апошні абзац тэксту, раскрываючы дужкі, устаўляючы прапушчаныя літары і ставячы неабходныя знакі прыпынку. Абгрунтуйце правапіс.
Дапоўніце спіс слоў, у якіх пішацца літара «ў» і якія могуць быць змешча­ны на другой грані стэлы. Знайдзіце ў інтэрнэце фотаздымак гэтай часткі помніка, зверце прыведзеныя на ім словы са складзеным вамі спісам, выявіце супадзенні. Як вы думаеце, чаму менавіта гэтыя словы напісаны на помніку?

Практыкаванне 33

Прачытайце тэкст. Вызначце яго тэму і асноўную думку.

Непрывычна высокі бераг.

На самым краёчку — невялікае агнішча*.

Хто і калі супыняўся тут? Чыю душу сагравала кволае цяпельца? Якія думы цешыў жывы агонь?

Не ўведаю, відаць, ніколі.

За плячыма стогне пранізлівы вецер. Унізе раве і пеніцца растрывожаная Славечна. Па той бок ракі плача ваўчыца.

Робіцца вусцішна*. Іду да вербаў. Ля іхніх ног збіраю ламачынкі, леташняе лісце, зграбаю пажоўклую траву. І неўзабаве на старым агнішчы нараджаецца новае цяпельца.

Хутка мяне зноў пакліча дарога, і я пакіну гэты здзічэлы бераг. Засне цяпельца. Старое агнішча зраўняюць дажджы. Але мо нехта на­трапіць на яго таксама. Супыніцца... Задумаецца: да Чарнобыля тое было ці пасля? І развядзе сваё цяпельца (Я. Пархута).

Сімвалам чаго з’яўляецца ў тэксце вогнішча (знойдзенае на здзічэлым беразе старое агнішча — разведзенае новае цяпельца — вогнішча, якое можа развесці нехта ў будучыні)?
Што з’яўляецца асноўнай задачай тэксту:
а) апісанне прыроды;
б) апавяданне пра тое, як герой раскладваў вогнішча;
в) разважанне-боль пра пакінутыя людзьмі мясціны і адначасова надзея: як на месцы старога агнішча нараджаецца новае цяпельца, можа, некалі адродзіцца і само жыццё на гэтай зямлі?
Якія тыпы маўлення спалучаюцца ў тэксце? Як вы думаеце, які з іх з’яўляец­ца вядучым?
Назавіце моўныя сродкі з тэксту, характэрныя для апісання, апавядання, разважання.
 Прааналізуйце схему. Падрыхтуйце паведамленне на яе аснове.

Сфармулюйце пасля аналізу схемы і запішыце вывад (у форме сцвярджэння-сказа) пра тое, наколькі Беларусь пацярпела ад чарнобыльскай катастрофы.
Раскажыце, што вы ведаеце пра чарнобыльскую трагедыю і як наша краіна пе­ражыла яе наступствы.

Практыкаванне 34

 Складзіце тэкст-апавяданне, тэкст-апісанне і тэкст-разважанне, якія па­чы­наліся б з прапанаваных фраз.

1. Жылі-былі сябры, якія вельмі любілі падарожнічаць аўта­стопам.

2. Прадаецца камп’ютар, які быў у карыстанні.

3. Народная мудрасць сцвярджае: «Чаго сабе не жадаеш, таго і іншым не зыч».

Практыкаванне 35

Разгледзьце малюнкі. Тэкст якога тыпу маўлення можна скласці на іх аснове? Абгрунтуйце сваё меркаванне.
 Складзіце выказванне адпаведнага тыпу маўлення на аснове малюнкаў.

Практыкаванне 36

Прачытайце. Тэксту якога тыпу маўлення адпавядаюць прыведзеныя па­чатак і канцоўка? Пра што можа быць тэкст?

«Песня — душа народа», — сказаў збіральнік і прапагандыст бе­ларускай народнай песні Рыгор Шырма.
...
Песня — гэта залатая скарбніца беларускай народнай культуры.

 Складзіце тую частку тэксту, якой не хапае. Запішыце тэкст.

Практыкаванне 37

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Якія тыпы маўлення спалучаюцца ў ім? Абгрунтуйце сваё меркаванне.

На працягу шматлікіх стагоддзяў беларусы трапятліва ставіліся да мудрасці і імкнуліся да пазнання. З ранніх часоў, калі многае вырашалася мячом і крывёй, людзі разумелі, што самая вялікая сіла — у ведах. Яркім прыкладам гэтаму стала Ефрасіння (Еўфрасіння) Полацкая, якая прысвяціла сваё жыццё служэнню Богу і асвеце людзей. Яе розум і пісьменнасцьс былі ўнікальнымi для таго часу (у XII стагоддзі жанчы­ны былі пазбаўлены магчымасці атрымаць адукацыю).

Шляхетная князёўна была ўнучкай полацкага князя Усяслава Чарадзеяф. Магчымасць падарожнічаць дала яму веды і мудрасць, з якімі ён выхоўваў сваю ўнучку. У рукапісах ёсць сведчанні, што Ефра­сіння, ці Прадслава, ужо ў юным узросце адрознівалася ад сваіх аднагодак жывым розумам і далікатным хараством. Калі бацькі вы­ра­шылі выдаць яе замуж, яна збегла ў манастыр, у Сафійскі сабор, што знаходзіцца ў Полацку. Прыняўшы пострыг і атрымаўшы імя Ефра­сіння, яна цалкам прысвяціла сябе кнігам.

Заснаваны ёю жаночы манастыр стаў месцам, дзе манашкі зай­маліся іканапісамсл, ткалі, навучаліся чытанню і пісьму, вялі летапісы. Паступова манастыр стаў цэнтрам адукацыі для ўсіх зямель Заходняй Русі. У сценах сабора захоўваліся зборы твораў славутых асветнікаў Кірыла і Мяфодзія, прапаведніка хрысціянства Іаана Залатавуста, «Аповесць мінулых гадоў».

Ефрасінняй уручную былі перапісаны не толькі царкоўныя кнігі, але і зборнікі афарызмаў, хронікі. Яна пісала і ўласныя працы — ма­літ­вы і павучанні, займалася перакладамі з лацінскай і грэчаскай моў.

У 1999 годзе ў Мінску каля Беларускага дзяржаўнага ўніверсі­тэ-
­та быў устаноўлены помнік Ефрасінні Полацкай, створаны таленаві­тым скульптарам Ігарам Голубевым (Паводле матэрыялаў сайта www.vetliva.by).

У чым унікальнасць асобы Ефрасінні Полацкай?
Дакажыце, што заснаваны Ефрасінняй манастыр стаў цэнтрам адукацыі
ў Заходняй Русі.
 Разгледзьце фотаздымак помніка на вокладцы вучэбнага дапаможніка. Раскажыце, якой паказаў скульптар беларускую асветніцу. Як вы думаеце, чаму яна трымае ў руках пяро і кнігу? Спалучыце ў сваім адказе элементы апі­сання і разважання.