§ 3. Тэкст, прыметы тэксту: сэнсавая цэласнасць і тэматычнае адзінства, разгорнутасць, паслядоўнасць, звязнасць, завершанасць тэксту (паўтарэнне і сістэматызацыя вывучанага)

Практыкаванне 25

Прачытайце. Дакажыце, што перад вамі тэкст, вызначыўшы яго асноўныя прыметы.

Маўчанне — золата

Пустаслоўе — гэта грэшная справа, якая вядзе да ліха.

Напэўна, вы заўважалі, што адны людзі гавораць больш, а другія менш. Між тым, аматар пагаварыць нярэдка аказваецца не надта ра­зумным, і добра, калі здараецца, што гэта не так.

А людзі разумныя, як правіла, нешматслоўныя. Мудры чалавек заўжды застаецца гаспадаром свайго языка і «развязвае» яго толькі тады, калі сам гэтага захоча, калі яму сапраўды ёсць што сказаць іншым. А вось у чалавека балбатлівага, як народ заўважыў, язык спрытнейшы за розум. Балбатун шмат чаго можа наплесці на шкоду і сабе, і каму заўгодна. Ён калі не знаходзіць лепшага матэрыялу для свайго несупыннага балбатання, то вярзе абы-што на знаёмых і сяброў, выплёсквае свае і іх таямніцы, а разам з тым — і выдумкі, і розную хлусню...

Вось таму маўчанне — гэта золата. Прыродна гаваркіс чала­век павінен старацца, каб хоць палову часу свайго маўлення выка­рыстоўваць для роздуму. Тады ўсім будзе цікавей і лепш.

З іншага боку, не варта быць і залішне маўклівым. Тых, хто замаласл гаворыць, называюць скептычна маўчатолагамі. Гэта значыць, выказваюць падазрэнне, што яны такім чынам імкнуцца выглядаць надта разумнымі ды важнымі. Мы ад прыроды атрымалі дзівосны дар маўлення. Прычым толькі мы, людзі. Таму нядобра, калі сваім упартым маўчаннем набліжаемся да істот, якія гэтага дару не маюць. Хто без патрэбы маўчыць, той нібыта адмаўляецца ад сяброўства з навакольным светам. А гэта нядобра (Паводле М. Булатавіч).

 Як аўтар абгрунтоўвае думку, што «маўчанне — золата»?
Прывядзіце прыклады ўстойлівых выразаў (фразеалагізмаў) з тэксту. Растлумачце іх. Як вы разумееце сэнс прыказкі «Слова — серабро, а маўчанне — золата»?
Прывядзіце з тэксту прыклады прыслоўяў у форме пэўнай ступені параўнан­ня. Абгрунтуйце сваё меркаванне.
 Уявіце, што вы сталі сведкам якой-небудзь непрыгляднай падзеі, парушэння правіл грамадскага парадку або правоў чалавека. Ці можна ў такіх выпадках прытрымлівацца народнай мудрасці «маўчанне — золата»? Калі, на вашу думку, маўчанне — золата, а калі гэта не так?