§ 1. Мова як грамадская з’ява. Функцыі мовы

Практыкаванне 7

Прачытайце тэкст. Сфармулюйце яго тэму. Зачытайце сказ, у якім выка­зана асноўная думка.

На пачатку ХХІ стагоддзя беларуская мова выяўляе высокую сту­пень жыццяздольнасці і жыццёвасці. Яна вельмі вузка, а часам сімвалічна прысутнічае ў афіцыйных сферах ужытку, разам з тым яна сёння рэальна запатрабавана як сродак зносін у іншых сферах. Феноменам* яе сённяшняга існавання з’яўляецца тое, што яна паступова пранікае ў новыя, вельмі актуальныя для жыцця сучаснага грамадства сферы дзейнасці. Перш за ўсё, гэта сфера інтэрнэт-камунікацыі. Асабліва маладое пакаленне, якое мае справу з гэтай галіной, можа бачыць, наколькі шырока беларуская мова прадстаўлена ў гэтай прасторы. Па-другое, сучасная беларуская літаратурная мова дастаткова актыўна пранікае ў сферу, дзе яе абсалютна не было 20 гадоў таму назад, — у сферу набажэнства. Яна гучыць і ў каталіцкім касцёле, і ў праваслаўнай царкве. А гэта значыць, што яна запатрабаванас як элемент духоўнага жыцця беларускага грамадства. Нягледзячы на ўсе праблемы, беларуская мова пашырае сваю камунікатыўную прастору (Паводле А. Лукашанца).

Як вы думаеце, чаму аўтар лічыць феноменам пранікненне беларускай мовы ў новыя, вельмі актуальныя для жыцця сучаснага грамадства сферы дзейнасці?
Выпішыце з тэксту па два прыклады слоў, напісанне якіх адпавядае наступным правілам: «Правапіс о, э — а», «Правапіс у — ў», «Правапіс падоўжаных зычных», «Правапіс д — дз».