§ 1. Мова як грамадская з’ява. Функцыі мовы

Практыкаванне 1

Прачытайце тэкст. Раскажыце пра ролю мовы ў жыцці чалавека, грамадства.

Людзі не могуць існаваць без мовы. З яе дапамогай пазнаю́ць навакольны свет, выказваюць свае думкі, пачуцці, перажыванні, дзеляц­ца вопытам працоўнай дзейнасці. Ні авалодваць ведамі, ні нават думаць нельга без мовы, якая дазваляе нам чытаць і разумець кнігі, слухаць і за­свойваць тое, што гавораць іншыя, размаўляць і абменьвацца думкамі з сябрамі, бацькамі, настаўнікамі, знаёмымі і незнаёмымі. Усё гэта адбыва­ец­ца ў людской супольнасці — грамадстве, у працэсе маўленчай дзейнасці чалавека, якая ўключае ў сябе гаварэнне, успрыманне і ра­­зуменне прачытанага (чытанне) ці пачутага (аўдзіраванне), а таксама пісьмо. Іншымі словамі, мова — гэта сістэма адзінак (словы, грама­тыч­ныя формы і інш.), з дапамогай якіх людзі ўступаюць у сура­змоўніцтва паміж сабой, г. зн. уключаюцца ў працэс маўленчай дзейнасці.

Агульнавядома, што мова з’яўляецца найважнейшым і асноўным сродкам зносін паміж людзьмі. З дапамогай мовы чалавецтвам фік­су­юц­ца, назапашваюцца, класіфікуюцца, абагульняюцца веды. Іх за­сваен­не, усе працэсы навучання людзей (у тым ліку ва ўстановах адукацыі) звя­заны з шырокім выкарыстаннем мовы, якая служыць галоўным срод­кам атрымання ведаў, перадачы духоўнай і матэрыяльнай культу­ры чалавецтва. Мова адыгрывае га­лоў­ную ролю і ў фарміраванні све­та­погляду і інтэлекту чалавека.

Дасягненні народа, нацыі ў развіцці навукі, мастацкай літаратуры і іншых галін духоўнай культуры ажыццяўляюцца пры дапамозе род­най мовы. Вось чаму кожны народ імкнецца, развіваючы сваю нацыянальную культуру, падтрымліваць і ўдасканальваць нацыянальную мову. Добра, калі чалавек ведае некалькі моў, але найперш трэба ве­даць мову таго народа, на зямлі якога ты жывеш. Гэта дапаможа далучыцца да багатага жыццёвага вопыту беларусаў, да шматграннай духоўнай і матэрыяльнай культуры працавітага і мудрага народа.

Назавіце асноўныя функцыі, якія выконвае мова ў грамадстве. Якая роля род­най мовы ў жыцці чалавека?