§ 17-1. Рэлігіі і культура сярэднявечных цывілізацый Азіі

1. Іслам у гісторыі Сярэднявечча

Рэлігіі адыгрывалі вельмі важную ролю ў жыцці сярэднявечных грамадстваў ва ўсіх рэгіёнах. Менавіта рэлігіі вызначалі светаўспрыманне людзей таго часу, фармавалі мадэлі паводзін, маральныя катэгорыі дабра і зла.

Пасля пропаведзі прарока Мухамеда і стварэння Арабскага халіфата іслам стаў пануючай рэлігіяй не толькі на Блізкім Усходзе, але і на ўсёй тэрыторыі ад Паўночнай Афрыкі і Пірэнейскага паўвострава да межаў з Кітаем. Арабская мова, як мова рэлігіі, аб'яднала народы.

Асновай ісламу з'яўляецца вера ў адзінага бога Алаха і ў вучэнне прарока Мухамеда, якое ён атрымаў ад Алаха праз архангела Джабраіла. Пропаведзі Мухамеда, перададзеныя тымі вернікамі, якія іх чулі, у 651—656 гг. былі запісаны і аб'яднаны ў Каран — «чытанне ўслых, вершаванае чытанне». Мусульмане лічаць, што Каран складзены на нябёсах і перададзены Джабраілам.

Каран і аповеды пра жыццё Мухамеда з'яўляюцца асновай мусульманскіх фікха і шарыяту — традыцыйнага мусульманскага права. Практычна ўсё жыццё чалавека, у тым ліку і ў дзяржаве, рэгламентавалася нормамі шарыяту.

Неўзабаве пасля смерці Мухамеда адбыўся сур'ёзны раскол сярод мусульман. Уладу сталі перадаваць халіфам, якіх выбіралі з ліку самых паважаных членаў абшчыны. Такі парадак падтрымлівалі суніты, якія складалі большасць мусульман (Суна — апавяданні пра жыццё прарока Мухамеда, якія з'яўляюцца ўзорам для жыцця мусульман). Але ўзнікла група прыхільнікаў Алі — стрыечнага брата Мухамеда, жанатага з яго любімай дачкой, якія лічылі, што кіраўніцтва мусульманскай абшчынай павінен ажыццяўляць найбліжэйшы сваяк Мухамеда па мужчынскай лініі, г. зн. прапаноўвалі спадчынны прынцып пераходу ўлады. Алі быў абраны чацвёртым па ліку халіфам, але загінуў падчас грамадзянскай вайны. Уладу ў халіфаце захапіла дынастыя Амеядаў, аднак прыхільнікі Алі захавалі адзінства. Яны атрымалі назву шыіты. Шыіты лічаць, што некаторыя дакументы былі змененыя, каб схаваць завяшчанне Мухамеда аб перадачы ўлады ў рукі Алі.

У Сярэднія вякі сутыкненні паміж сунітамі і шыітамі часта прымалі форму ўзброеных канфліктаў. У выніку загінулі ўсе нашчадкі Алі і перапынілася прамая лінія сваяцтва. Аднак шыіты ўпэўненыя, што спадчыннікі Алі схаваліся ад ворагаў і ў будучыні прыйдуць да ўлады для сапраўднага праўлення мусульманскай абшчынай.