§ 17-1. Рэлігіі і культура сярэднявечных цывілізацый Азіі
Якім чынам рэлігія ўплывала на культуру, светаўспрыманне і жыццёвыя каштоўнасці народаў Азіі?
Узгадайце, калі і дзе ўзнік іслам і на якія тэрыторыі ён распаўсюдзіўся. Якія асноўныя ідэі ляжаць у аснове канфуцыянства, сінтаізму, будызму? Што можна назваць найважнейшымі культурнымі дасягненнямі ўсходніх цывілізацый? Што з гэтых дасягненняў было ўспрынята іншымі народамі?
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас |
Книга: | § 17-1. Рэлігіі і культура сярэднявечных цывілізацый Азіі |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Четверг, 9 Январь 2025, 08:10 |
1. Іслам у гісторыі Сярэднявечча
Рэлігіі адыгрывалі вельмі важную ролю ў жыцці сярэднявечных грамадстваў ва ўсіх рэгіёнах. Менавіта рэлігіі вызначалі светаўспрыманне людзей таго часу, фармавалі мадэлі паводзін, маральныя катэгорыі дабра і зла.
Пасля пропаведзі прарока Мухамеда і стварэння Арабскага халіфата іслам стаў пануючай рэлігіяй не толькі на Блізкім Усходзе, але і на ўсёй тэрыторыі ад Паўночнай Афрыкі і Пірэнейскага паўвострава да межаў з Кітаем. Арабская мова, як мова рэлігіі, аб'яднала народы.
Асновай ісламу з'яўляецца вера ў адзінага бога Алаха і ў вучэнне прарока Мухамеда, якое ён атрымаў ад Алаха праз архангела Джабраіла. Пропаведзі Мухамеда, перададзеныя тымі вернікамі, якія іх чулі, у 651—656 гг. былі запісаны і аб'яднаны ў Каран — «чытанне ўслых, вершаванае чытанне». Мусульмане лічаць, што Каран складзены на нябёсах і перададзены Джабраілам.
Каран і аповеды пра жыццё Мухамеда з'яўляюцца асновай мусульманскіх фікха і шарыяту — традыцыйнага мусульманскага права. Практычна ўсё жыццё чалавека, у тым ліку і ў дзяржаве, рэгламентавалася нормамі шарыяту.
Неўзабаве пасля смерці Мухамеда адбыўся сур'ёзны раскол сярод мусульман. Уладу сталі перадаваць халіфам, якіх выбіралі з ліку самых паважаных членаў абшчыны. Такі парадак падтрымлівалі суніты, якія складалі большасць мусульман (Суна — апавяданні пра жыццё прарока Мухамеда, якія з'яўляюцца ўзорам для жыцця мусульман). Але ўзнікла група прыхільнікаў Алі — стрыечнага брата Мухамеда, жанатага з яго любімай дачкой, якія лічылі, што кіраўніцтва мусульманскай абшчынай павінен ажыццяўляць найбліжэйшы сваяк Мухамеда па мужчынскай лініі, г. зн. прапаноўвалі спадчынны прынцып пераходу ўлады. Алі быў абраны чацвёртым па ліку халіфам, але загінуў падчас грамадзянскай вайны. Уладу ў халіфаце захапіла дынастыя Амеядаў, аднак прыхільнікі Алі захавалі адзінства. Яны атрымалі назву шыіты. Шыіты лічаць, што некаторыя дакументы былі змененыя, каб схаваць завяшчанне Мухамеда аб перадачы ўлады ў рукі Алі.
У Сярэднія вякі сутыкненні паміж сунітамі і шыітамі часта прымалі форму ўзброеных канфліктаў. У выніку загінулі ўсе нашчадкі Алі і перапынілася прамая лінія сваяцтва. Аднак шыіты ўпэўненыя, што спадчыннікі Алі схаваліся ад ворагаў і ў будучыні прыйдуць да ўлады для сапраўднага праўлення мусульманскай абшчынай.
2. Будызм у лёсах азіяцкіх цывілізацый
Будызм зарадзіўся ў Індыі, але ў перыяд Сярэднявечча, да XII ст., быў цалкам выцеснены адтуль. Раней будыйскае вучэнне пачало распаўсюджвацца ў многіх краінах, аддаленых ад межаў Індыі. Будызм замацаваўся ў Кітаі, Японіі, Індакітаі і на многіх іншых тэрыторыях, дзе ўступіў ва ўзаемадзеянне са шматлікімі мясцовымі рэлігійнымі культамі і адчуў на сабе ўплыў мясцовых традыцый. Так, у Кітаі і шэрагу суседніх краін будызм распаўсюдзіўся ў выглядзе школы махаяны ( «вялікай калясніцы»), прыхільнікі якой лічаць, што любы чалавек, а не толькі будыйскі манах, можа дасягнуць нірваны і перарваць круг перараджэнняў.
Будызм атрымаў шырокае распаўсюджанне і стаў масавай рэлігіяй, бо любы чалавек мог стаць будыстам. Акрамя таго, у махаяне ўзнікла ўяўленне пра мноства Будаў. Людзі пачалі пакланяцца Будзе Гаўтаме і іншым Будам як боствам. Таксама ўзнікла ідэя, што Буда будучыні — Майтрэя — зможа ўзяць у нірвану ўсіх людзей.
Ідэалогія будызму моцна паўплывала на светапогляд народаў Усходу.
3. Роля канфуцыянства, даасізму, сінтаізму ў грамадска-палітычным жыцці Кітая, Японіі
У Кітаі будызм злучыўся з існаваўшымі тут канфуцыянствам і даасізмам. Паступова ўяўленні, характэрныя для ўсіх трох рэлігій, перапляліся паміж сабой. Канфуцыянства з яго патрабаваннямі прытрымлівацца строгай маралі, падпарадкоўвацца імператару — Сыну Неба, захоўваць сваяцкія сувязі, у тым ліку і рэлігійныя з памерлымі продкамі, актыўна выкарыстоўвалася ў дзяржаўных культах. Нездарма менавіта прыхільнікі канфуцыянства адказвалі за адукацыю і прыём дзяржаўных экзаменаў. Даасізм паказваў чалавеку, як уладкаваны свет і як неабходна жыць, каб быць з ім у гармоніі. Для даасізму характэрна вера ў старажытных кітайскіх бостваў. Акрамя іх рэлігійнага шанавання ў Сярэднявеччы ўдастойваліся і выбітныя людзі, у гонар якіх таксама будаваліся храмы (напрыклад, Канфуцый). Будызм у гэтай сістэме некалькіх рэлігій заняў дастойнае месца. Уяўленні, характэрныя для ўсіх трох рэлігійных вучэнняў, цесна перапляліся.
У Японіі да прыходу будызму панаваў сінтаізм — сукупнасць старажытных політэістычных культаў. На думку японцаў, любы аб'ект у свеце мае свайго духа — камі. Самым знакамітым камі ў гісторыі Японіі стаў камікадзэ — дух штармавога ветру, які, як палічылі японцы, у канцы XIII ст. двойчы знішчыў мангольскае войска ўварвання. Не менш знакаміты камі — вулкан Фудзіяма, пакрыты снегам. Гэта вышэйшая горная кропка Японіі. Японцы здзяйснялі рытуальныя ўзыходжанні на яго вяршыню. Выяўленне камі як багоў для сінтаізму не было характэрным, хутчэй існавала ўяўленне, што камі ўвасабляюць прыродныя аб'екты.
Сінтаізм актыўна падтрымліваў культ пакланення імператару. Бо на думку сінтаістаў, род імператара паходзіць ад багіні сонца Аматэрасу. Знакамі імператарскай годнасці лічыліся тры святыя прадметы: люстэрка, меч, падвескі з яшмы. Згодна з паданнем, люстэрка было створана яшчэ для самой багіні Аматэрасу. Японія разглядалася сінтаістамі як арганізаваная згодна з сямейным прынцыпам дзяржава, у якой падданыя падпарадкоўваюцца імператару як главе сям'і.
4. Індуізм
З IV ст. у Індыі пачала ўмацоўвацца новая рэлігійная плынь — індуізм. Індуізм заснаваны на многіх ідэях старажытнай рэлігіі Вед, але адначасова прызнаў мноства мясцовых культаў і рэлігійных ідэй, якія былі распаўсюджаны ў розных народаў Індыі. З узмацненнем гэтай рэлігіі ў Індыі страчваў значэнне будызм, хоць некаторыя яго ідэі таксама патрапілі ў індуізм і ўзбагацілі яго.
Пачалося будаўніцтва шматлікіх пышных храмаў, у якіх можна было пакланяцца багам. Гэта адкрыла магчымасць шырокаму колу людзей удзельнічаць у рэлігійным жыцці, што раней было выключным прывілеем брахманаў. Узнікла традыцыя ўрачыстых святкаванняў і пакланення багам. Кожная каста мела свайго бога-апекуна.
Індуізм ніколі не характарызаваўся адзінствам. Найбольш шанавалі багоў Вішну і Шыву. Вішну быў вядомы яшчэ ў перыяд Вед, аднак тады ён не адыгрываў важнай ролі. Індуісты лічылі яго захавальнікам створанага свету, які ўсталёўвае справядлівасць і дорыць урадлівасць. Яго міласэрнасць дапамагае і выратоўвае людзей. У адпаведнасці з ідэямі сансары лічыцца, што ў Вішну ёсць 10 перараджэнняў — аватар.
Шыва шанаваўся як грозны і разбуральны бог. Вераць, што ён створыць новы свет для жыцця людзей. Ён перамагае дэманаў і дае людзям мірна працаваць. Вельмі папулярны малюнак Шывы, які танчыць у языках полымя, з лёгкасцю разбураючы свет грахоў. Гэтая здольнасць Шывы да разбурэння — напамін людзям пра неабходнасць выконваць боскія ўстанаўленні. Для тых, хто верыць у яго, Шыва з'яўляецца стваральнікам, абаронцам і ўправіцелем у сусвеце, ён у любы момант можа строга пакараць.
5. Культурная спадчына сярэднявечных цывілізацый Азіі
Народы Азіі ў перыяд Сярэднявечча дасягнулі сапраўдных вяршынь у развіцці культуры і ў розных галінах навукі. Напрыклад, у час крыжовых паходаў еўрапейцы многае запазычылі з Усходу — ад астранамічных ведаў да традыцыі карыстацца сродкамі асабістай гігіены, у прыватнасці мылам. Цяжка пераацаніць культурны ўнёсак народаў Усходу ў развіццё дакладных навук. Так, індыйцы сталі вынаходнікамі лічбаў, якія мы сёння выкарыстоўваем і называем арабскімі. Індыйскія матэматыкі ўвялі дробы і распрацавалі сістэму вылічэння плошчаў складаных фігур і аб'ёмаў цел.
Пяру вялікага мусульманскага вандроўніка Ібн Батуты належаць геаграфічныя апісанні вядомых яму краін свету. Арабы і кітайцы валодалі мастацтвам навігацыі. Кітайцы не толькі добра вывучылі прыбярэжныя воды Ціхага акіяна, але і здзейснілі ў XV ст. рэйд праз Індыйскі акіян да ўсходняга ўзбярэжжа Афрыкі.
У Азіі ўзніклі непаўторныя архітэктурныя традыцыі. Самымі шматлікімі пабудовамі ў Сярэднявеччы былі палацы правіцеляў, храмы і крэпасці. Распаўсюджванне ісламу спрыяла развіццю новых форм у архітэктуры — мячэцяў і маўзалеяў. Своеасаблівым узорам будысцкага храмавага будаўніцтва сталі пагады ў Кітаі і Японіі. У эпоху Сярэднявечча склаліся каноны японскага садова-паркавага мастацтва: у архітэктурных ансамблях палацаў сёгунаў і знаці вялікае значэнне надавалася садам і таму, як будынкі ўпісаны ў навакольны ландшафт.
Архітэктура Чан'ані, Багдада, Самарканда, Стамбула, Дэлі, Нары на стагоддзі вызначыла архітэктурныя стылі ў асобных частках Азіі.
У скарбонку сусветнай літаратуры ўвайшлі індыйскія эпасы «Рамаяна» і «Махабхарата», японскі зборнік вершаў «Збор мірыяд лісцяў», іранскі эпас «Шах-намэ», арабскі зборнік казак «Тысяча і адна ноч». Ва ўсім свеце вядома творчасць кітайскіх паэтаў Лі Бо і Ду Фу, персідскіх паэтаў Рудакі і Амара Хаяма. Аўтарамі шматлікіх папулярных у Японіі твораў былі прыдворныя дамы — пісьменніцы і паэткі.
Кнігадрукаванне было вынайдзена ў Кітаі задоўга да таго, як з'явілася ў Еўропе. У VII ст. кнігі тут выраблялі спосабам ксілаграфіі (атрыманне адбітку з разной дошкі), у IX ст. сталі ўжываць для друку керамічныя матрыцы, а затым і наборныя шрыфты. Найстаражытнай кнігай, надрукаванай спосабам ксілаграфіі, з'яўляецца будыйская «Алмазная сутра» (868 г.).
У Кітаі з'яўленне друку спрыяла выпуску першых папяровых грошай. Спачатку яны былі падобныя да даўгавых распісак, з часам банкноты атрымалі адзіную форму і намінал. Дзяржава стала іх актыўна выкарыстоўваць у Х ст. У шырокі ўжытак папяровыя грошы ўвайшлі пры хане Хубілаю. Ідэя іх выкарыстання стала важкім унёскам краін Азіі ў развіццё чалавецтва. Кітайцы таксама вынайшлі фарфор, вырабы з якога дзівілі сваёй вытанчанасцю і белізной і карысталіся попытам і ў Азіі, і ў Еўропе.
Рэлігіі адыгрывалі вельмі важную ролю ў жыцці сярэднявечных народаў незалежна ад рэгіёна. Менавіта рэлігіі вызначалі светаўспрыманне людзей таго часу, фарміравалі мадэлі паводзін людзей у грамадстве і паміж сабой, маральныя катэгорыі дабра і зла.
Пытанні
1. Складзіце слоўнік з незнаёмых вам гістарычных паняццяў, якія сустрэліся ў параграфе. Выкарыстоўвайце іх пры адказе на пытанні.
2. Якую ролю адыграў іслам у распаўсюджванні ведаў і культуры? Ці толькі азіяцкі рэгіён быў схільны да ўплыву араба-ісламскай культуры?
3. Выкажыце свой пункт гледжання, чаму іслам і будызм лічацца сусветнымі рэлігіямі, а канфуцыянства і індуізм — не.
4. Як вы думаеце, чаму рэлігіі Азіі, якія ўзніклі ў далёкай старажытнасці, захавалі сваё значэнне і ўплыў да нашых дзён?
5. Якія навуковыя адкрыцці і вынаходніцтвы сярэднявечнай Азіі сталі агульным здабыткам чалавецтва?
6. Дайце кароткую характарыстыку асноўным рэлігіям Азіі. Якім чынам рэлігіі аказвалі ўплыў на светаўспрыманне, жыццёвыя каштоўнасці і паўсядзённае жыццё людзей?
7. Падрыхтуйце віртуальную экскурсію ў адну з азіяцкіх краін і прадстаўце важнейшыя дасягненні культуры гэтай краіны аднакласнікам.