§ 17. Сацыяльныя адносіны ў сярэднявечных цывілізацыях Азіі

4. Асаблівасці сацыяльных адносін у мусульманскіх краінах

Арабскі халіфат аб’яднаў вялізную тэрыторыю на Блізкім Усходзе, дзе для насельніцтва была характэрная гаспадарка розных тыпаў: качавая жывёлагадоўля ў стэпах і пустынях і ірыгацыйнае земляробства ў далінах рэк. Гэта садзейнічала вялікай разнастайнасці сацыяльных груп у Арабскім халіфаце. Людзі займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам, рамяством і гандлем, разнастайнымі відамі іншых работ.

У мусульманскіх краінах іслам актыўна ўплываў на ўсе бакі жыцця грамадства. Гэта рабіла іх сацыяльную структуру вельмі спецыфічнай для перыяду Сярэднявечча.

Усе мусульмане лічыліся роўнымі паміж сабой у адпаведнасці з ісламскім рэлігійным заканадаўствам, якое рэгламентавала нормы і правілы паводзін чалавека. Пры гэтым важную ролю ў жыцці грамадства адыгрывалі радавыя і племянныя сувязі.

Тым не менш роўнасць мусульман у правах зусім не азначала сацыяльнай роўнасці, існаваў падзел на багатых і бедных. На думку мусульман, такім стварыў грамадства людзей Алах і ўсё адбываецца па яго волі. Затое разбагацець і, адпаведна, павысіць у сувязі з гэтым свой сацыяльны статус мог кожны, хто пажадае. Таленавітыя дзеці з сем’яў беднякоў станавіліся вышэйшымі чыноўнікамі ў шэрагу мусульманскіх краін, напрыклад, у Асманскай імперыі. Любы чалавек незалежна ад таго, у якім асяроддзі быў народжаны, мог пайсці ў армію і стаць военачальнікам.

У сярэднявечным мусульманскім грамадстве прызнавалася рабства, у некаторых рэгіёнах было шмат рабоў. Іслам забараняў здзекавацца з іх і без неабходнасці забіваць. Дзіўна, што атрады грамадскага парадку ў гарадах часта фарміраваліся менавіта з рабоў.

За ваенную службу халіфы пачалі надзяляць воінаў, а часам і чыноўнікаў зямельнымі ўладаннямі з сялянамі, якія працавалі там. Падаткі з гэтых зямель атрымліваў ужо ўладальнік, а не дзяржава. Воіны маглі цяпер сыходзіць у доўгія паходы, не хвалюючыся за дабрабыт сваіх сем’яў. У Асманскай імперыі з ХІV ст. такая сістэма ўмоўнага валодання зямельнымі надзеламі з мясцовымі сялянамі атрымала назву тымар. Уладальнікі тымараў не мелі права павялічваць аб’ём падаткаў з сялян, які дакладна фіксаваўся дзяржавай.

Мусульмане падчас заваёў скарылі многія народы, якія вызнавалі іншыя рэлігіі. Спачатку яны не навязвалі сілай прыняцце ісламу. Затое рэзка павышалі падаткі для немусульманскага насельніцтва, што выклікала ў многіх жаданне добраахвотна прыняць іслам. Тым не менш значнай частцы насельніцтва захопленых зямель удавалася захоўваць уласную веру — ​хрысціянства і іўдаізм, паколькі, згодна з канонамі ісламу, прыхільнікі гэтых рэлігій — ​гэта «людзі Пісання». Лічылася, што ім даступна шанаванне Бога, але не адкрыта ўся ісціна, якую ведае толькі іслам. Аднак мусульмане абавязаны былі абараняць хрысціян і іўдзеяў і даваць ім правы ў дзяржаўным жыцці, што і рабілі ў большасці выпадкаў сярэднявечныя мусульманскія правіцелі. З таго часу на Блізкім Усходзе ў ісламскіх краінах жыве нямала хрысціян.

Качавое насельніцтва, перш за ўсё арабы-­бедуіны, працягвала весці ў пустынях той лад жыцця, што складаўся стагоддзямі. Людзі абменьвалі прадукты жывёлагадоўлі на земляробчыя тавары з аазісаў. Асноўную масу насельніцтва складалі сяляне-­земляробы. Разам з тым гарадское насельніцтва ў Арабскім халіфаце было шматлікім. Тут квітнела рамяство. Гандлёвыя караваны перавозілі рамесныя тавары ў самыя аддаленыя краіны, дзе тыя высока цаніліся. Але гарады не мелі правоў самакіравання і кіраваліся адміністратарамі правіцеляў.

Сталіцай Арабскага халіфата на працягу больш як паловы тысячагоддзя быў горад Багдад (у перакладзе з персідскай — ​«Божы дар»). Горад быў пабудаваны ў 762 г. па загадзе халіфа перасяленцамі арабамі-­мусульманамі недалёка ад руін старажытнага Вавілона на беразе ракі Тыгр. У цэнтры Багдада ўзвялі круглую ўмацаваную цытадэль з моцнымі сценамі вышынёй 24 метры і з чатырма брамамі. У цытадэлі размяшчаліся два галоўныя збудаванні — ​палац халіфа і мячэць. Упершыню пры будаўніцтве Багдада мячэць была крыху адсунута ад цэнтра, дзе цяпер узвышаўся палац.

У хуткім часе горад стаў цэнтрам не толькі адміністрацыйнага, але і эканамічнага і культурнага жыцця ўсяго Блізкага Усходу. Сюды сцякаліся тавары з Еўропы і Кітая, Сярэдняй Азіі і Егіпта, Афрыкі і Індыі. Багдад стаў канкурэнтам Канстанцінопаля.

Халіфы заснавалі ў Багдадзе Дом мудрасці, які часта называюць першым у свеце ўніверсітэтам. На самай справе галоўнай яго задачай быў пераклад антычных, індыйскіх і блізкаўсходніх кніг з усяго рэгіёна на арабскую і персідскую мовы. Дом мудрасці на некалькі стагоддзяў стаў буйнейшым навуковым цэнтрам, а арабская і персідская — ​мовамі навукі і культуры. У Багдадзе была заснавана першая ў Заходняй Азіі майстэрня па вытворчасці паперы высокай якасці.