§ 17. Сацыяльныя адносіны ў сярэднявечных цывілізацыях Азіі

1. Сацыяльная структура сярэднявечных усходніх цывілізацый

Сацыяльныя структуры сярэднявечных цывілізацый Азіі і заходнееўрапейскага грамадства істотна адрозніваліся. Аднак, як і ў Еўропе, значны ўплыў на азіяцкія сацыяльныя сістэмы аказвала рэлігія. Дзяржаўны лад па-ранейшаму характарызаваўся многімі рысамі, якія ўзніклі яшчэ ў старажытнасці. Напрыклад, улада правіцеляў захоўвала дэспатычны, неабмежаваны характар, яны лічыліся вярхоўнымі ўласнікамі ўсёй зямлі. Таму дзяржава па-ранейшаму панавала над грамадствам, за асобнага чалавека перад уладамі маглі заступіцца абшчына або саслоўе, да якіх ён належаў. Найважнейшым элементам сацыяльнай структуры ўсходняй дзяржавы быў слой чыноўнікаў, якія складалі бюракратычны апарат і дапамагалі ў кіраванні краінай. Яны ўсё больш адцяснялі на другі план раней магутную спадчынную арыстакратыю. Арыстакратыя ў краінах Усходу не валодала зямлёй, а атрымлівала даход ад насельніцтва пэўнай тэрыторыі, замацаванай загадам правіцеля. Права на такі даход было звязана з займаемай пасадай і не перадавалася ў спадчыну ні сярод арыстакратаў, ні сярод чыноўнікаў.

Галоўнай задачай дзяржавы было наладжванне высокапрадукцыйнай гаспадаркі ў краіне. Перш за ўсё трэба было арганізаваць на высокім узроўні сельскую гаспадарку. Моц дзяржавы залежала і ад колькасці насельніцтва. Толькі шматлюдная краіна мела магчымасць арганізаваць складаную сістэму земляробства, проці­стаяць ваенным уварванням, будаваць вялікія гарады — ​цэнтры рамяства і гандлю. Таму сялянскія абшчыны адыгрывалі важную ролю ў жыцці грамадства і выконвалі не толькі гаспадарчую і адміністрацыйную, але і рэлігійную функцыю. Для абшчын былі прадугледжаны правы на самакіраванне і абарону сваіх прадстаўнікоў ад ціску ўлад.

А вось сярэднявечныя гарады Усходу так і не змаглі дабіцца ніякіх правоў на самакіраванне, як гэта было ў Еўропе. Гарады поўнасцю падпарадкоўваліся правіцелю або ўплывовым арыстакратам, якія там жылі. Уся арганізацыя жыцця горада была падпарадкавана інтарэсам уладароў: рамяство і гандаль арганізоўваліся імі дзеля атрымання найбольшага прыбытку для сябе. Гарады ў Сярэднявеччы іншым часам хутка дасягалі вялікіх памераў, аднак гэтак жа хутка прыходзілі ў заняпад пры змене ўлады.

Паўсядзённае жыццё людзей у цывілізацыях Азіі было строга рэгламентавана дзяржаўнымі законамі і рэлігійнымі патрабаваннямі. Практычна адзінай магчымасцю змяніць існуючае становішча былі народныя паўстанні. У ходзе такіх паўстанняў «нізы» і «вярхі» часам мяняліся месцамі: на месца зрынутага правіцеля прыходзіў кіраўнік паўстанцаў, а арыстакратамі станавіліся яго прыбліжаныя. Аднак у цэлым гэта ніколі не мяняла традыцыйную структуру грамадства.