Печатать книгуПечатать книгу

§ 17. Сацыяльныя адносіны ў сярэднявечных цывілізацыях Азіі

Што было ўласціва грамадскім адносінам у сярэднявечных цывілізацыях Азіі? У чым праяўляліся іх адрозненні ад грамадскіх адносін у заходнееўрапейскай цывілізацыі? Што было агульнага?

Якія былі асаблівасці дзяржаўнага кіравання і сацыяльных адносін у краінах Старажытнага Усходу? Якую ролю адыгрывала рэлігія ў арганізацыі грамадскага жыцця сярэднявечных цывілізацый у Азіі? Успомніце азначэнне паняццяў «іерархія», «канфуцыянства», «варна». (Гісторыя Сярэдніх вякоў, 6 клас)

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Книга: § 17. Сацыяльныя адносіны ў сярэднявечных цывілізацыях Азіі
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 17 Май 2024, 10:06

1. Сацыяльная структура сярэднявечных усходніх цывілізацый

Сацыяльныя структуры сярэднявечных цывілізацый Азіі і заходнееўрапейскага грамадства істотна адрозніваліся. Аднак, як і ў Еўропе, значны ўплыў на азіяцкія сацыяльныя сістэмы аказвала рэлігія. Дзяржаўны лад па-ранейшаму характарызаваўся многімі рысамі, якія ўзніклі яшчэ ў старажытнасці. Напрыклад, улада правіцеляў захоўвала дэспатычны, неабмежаваны характар, яны лічыліся вярхоўнымі ўласнікамі ўсёй зямлі. Таму дзяржава па-ранейшаму панавала над грамадствам, за асобнага чалавека перад уладамі маглі заступіцца абшчына або саслоўе, да якіх ён належаў. Найважнейшым элементам сацыяльнай структуры ўсходняй дзяржавы быў слой чыноўнікаў, якія складалі бюракратычны апарат і дапамагалі ў кіраванні краінай. Яны ўсё больш адцяснялі на другі план раней магутную спадчынную арыстакратыю. Арыстакратыя ў краінах Усходу не валодала зямлёй, а атрымлівала даход ад насельніцтва пэўнай тэрыторыі, замацаванай загадам правіцеля. Права на такі даход было звязана з займаемай пасадай і не перадавалася ў спадчыну ні сярод арыстакратаў, ні сярод чыноўнікаў.

Галоўнай задачай дзяржавы было наладжванне высокапрадукцыйнай гаспадаркі ў краіне. Перш за ўсё трэба было арганізаваць на высокім узроўні сельскую гаспадарку. Моц дзяржавы залежала і ад колькасці насельніцтва. Толькі шматлюдная краіна мела магчымасць арганізаваць складаную сістэму земляробства, проці­стаяць ваенным уварванням, будаваць вялікія гарады — ​цэнтры рамяства і гандлю. Таму сялянскія абшчыны адыгрывалі важную ролю ў жыцці грамадства і выконвалі не толькі гаспадарчую і адміністрацыйную, але і рэлігійную функцыю. Для абшчын былі прадугледжаны правы на самакіраванне і абарону сваіх прадстаўнікоў ад ціску ўлад.

А вось сярэднявечныя гарады Усходу так і не змаглі дабіцца ніякіх правоў на самакіраванне, як гэта было ў Еўропе. Гарады поўнасцю падпарадкоўваліся правіцелю або ўплывовым арыстакратам, якія там жылі. Уся арганізацыя жыцця горада была падпарадкавана інтарэсам уладароў: рамяство і гандаль арганізоўваліся імі дзеля атрымання найбольшага прыбытку для сябе. Гарады ў Сярэднявеччы іншым часам хутка дасягалі вялікіх памераў, аднак гэтак жа хутка прыходзілі ў заняпад пры змене ўлады.

Паўсядзённае жыццё людзей у цывілізацыях Азіі было строга рэгламентавана дзяржаўнымі законамі і рэлігійнымі патрабаваннямі. Практычна адзінай магчымасцю змяніць існуючае становішча былі народныя паўстанні. У ходзе такіх паўстанняў «нізы» і «вярхі» часам мяняліся месцамі: на месца зрынутага правіцеля прыходзіў кіраўнік паўстанцаў, а арыстакратамі станавіліся яго прыбліжаныя. Аднак у цэлым гэта ніколі не мяняла традыцыйную структуру грамадства.

2. Сацыяльная арганізацыя Танскага Кітая

Дамінуючай у палітычных і культурных адносінах дзяржавай Далёкага Усходу заставаўся Кітай. Сістэма кіравання там пачала складвацца яшчэ ў старажытнасці. На вяршыні сацыяльнай лесвіцы стаяў абагаўлёны імператар — ​Сын Неба, якому належала ўся зямля ў краіне, а ўсе жыхары былі яго падданымі.

Арыстакратычныя сем’і былі буйны`мі землеўладальнікамі і адносіліся да прывілеяванай часткі грамадства. Да яе належалі таксама чыноўнікі, якія атрымалі адукацыю, але свае пасады, зямлю і прывілеі яны не маглі перадаць у спадчыну. Усе, хто меў ўласнасць, адносіліся да «добрага люду». У горадзе гэта былі купцы і рамеснікі. Аднак аснову кітайскага грамадства складалі сяляне, якіх аб’ядноўвала абшчына, што выконвала гаспадарчыя і адміністрацыйныя функцыі. Самае нізкае становішча ў грамадстве займаў «подлы люд»: залежныя сяляне, рабы, слугі. Яны мелі толькі невялікую асабістую ўласнасць і поўнасцю залежалі ад гаспадароў.

У 485 г. у Кітаі была ўведзена сістэма «роўных палёў». У імперыі Тан яна стала асновай арганізацыі земляробства. Сяляне ад 15 да 70 гадоў атрымлівалі роўныя ўчасткі зямлі для вядзення гаспадаркі, якія яны не маглі цяпер пакідаць. Участак падзяляўся на дзве часткі: зямлю ў асабістай уласнасці і зямлю, якая апрацоўвалася, з якой трэба было плаціць падатак дзяржаве. Калі селянін не мог апрацоўваць зямлю, дзяржава забірала яе і пакідала толькі асабісты ўчастак. Пры гэтым захоўваліся буйны`я ўладанні родавай арыстакратыі, якая таксама імкнулася прыцягнуць сялян для работы на сваіх землях.

Сістэма «роўных палёў» у імперыі Тан прымацавала сялян да зямлі. Дзяржава зладжана і гібка арганізавала сялянскую працу для атрымання высокіх ураджаяў. Гэтая сістэма давала магчымасць усяму насельніцтву атрымаць зямлю, інакш кажучы, яна стала дзейсным інструментам барацьбы з беднасцю. Дзяржава збірала зерне і падаткі, а потым перадавала ўжо ў выглядзе ўзнагароды чыноўнікам. Такую сістэму некаторыя гісторыкі называюць «дзяржаўным феадалізмам». Вынікам арганізацыі сістэмы «роўных палёў», якая на некалькі стагоддзяў паслужыла эканамічнай асновай рэзкага дэмаграфічнага росту, стаў працяглы росквіт імперыі Тан. Кітай на той момант стаў самай густанаселенай краінай свету. Колькасць насельніцтва, як падлічылі сучасныя гісторыкі на падставе перапісу хатніх гаспадарак, склала ад 50 да 70 млн чалавек.

Аднак рост насельніцтва, які стаў вынікам увядзення сістэмы «роўных палёў», у далейшым ператварыўся ў асноўную прычыну крызісу. Больш не было зямлі для раздачы новым ахвотным карыстацца ёю ў адпаведнасці з законам.

Сістэма па сутнасці была ўраўняльнай, гэта значыць не давала магчымасці багацець квітнеючым сялянскім гаспадаркам. А гэта моцна стрымлівала эканамічную ініцыятыву насельніцтва. Рост колькасці чыноўнікаў і гарадскіх жыхароў патрабаваў усё большай колькасці прадуктаў харчавання. А гэтага сістэма «роўных палёў» без эканамічнага стымулу і ініцыятывы даць ужо не магла. Улады бачылі толькі адно выйсце — ​узмацненне эксплуатацыі сялян.

Гэта прывяло да сялянскай вайны. У 881 г. паўстанцы завалодалі сталіцай, а іх правадыр Хуан Чаа абвясціў сябе імператарам. Але становішча сялян не палепшылася, толькі лідары паўстанцаў занялі вышэйшыя пасады. Выступленне ў хуткім часе было падаўлена. Крывавыя паўстанні супраць Тан забралі жыцці каля 2⁄3 насельніцтва.

3. Асаблівасці сацыяльнага развіцця ў сярэднявечнай Японіі

Японія пачала развівацца пазней за Кітай, затое магла карыстацца яго дасягненнямі ў сацыяльным і культурным жыцці. У аб’яднанай японскай дзяржаве Ніхон імператарская ўлада была першапачаткова моцная. Аднак тут яшчэ не быў пераадолены ўплыў радавой арыстакратыі, якая мела значную эканамічную і палітычную ўладу. Узяўшы за прыклад сістэму рангаў і сістэму надзелаў «роўных палёў» у Кітаі, імператары, наадварот, узмацнілі арыстакратыю. У VII–VIII стст. знатныя сем’і сканцэнтравалі ў сваіх руках велізарныя зямельныя ўладанні. Улада на месцах перайшла да знаці, якая, дабіўшыся пасад кіраўнікоў адміністрацыйных акруг, перадавала іх у спадчыну, а дзяржаўныя тэрыторыі разглядала як свае асабістыя ўладанні. Буйны́я землеўладальнікі — ​даймё — ​утрымлівалі прафесійныя ваенныя атрады, якія складаліся з воінаў-­самураяў. У выніку, у адрозненне ад Кітая, у Японіі склалася сістэма сувязяў, якая нагадвала еўрапейскую феадальную лесвіцу. Сяляне трапілі ў асабістую залежнасць.

З цягам часу самураі ператварыліся ў замкнёную прывілеяваную сацыяльную групу, падобную да заходнееўрапейскага рыцарства. Галоўным абавязкам самурая было верна служыць свайму гаспадару і храбра змагацца за яго. Таму яны пастаянна трэніраваліся ў авалоданні баявымі мастацтвамі, і перш за ўсё майстэрствам карыстання баявым мячом. Паражэнне ў баі, гібель гаспадара або неналежны ўчынак вымушалі самурая праводзіць рытуал публічнага самазабойства сэпуку (харакіры).

Абапіраючыся на атрады шматлікіх самураяў, даймё пачалі ўзброеную барацьбу за падпарадкаванне імператара і ўсёй краіны сваёй уладзе. У 1192 г. Мінамота Ёрытома абвясціў сябе сёгунам — ​«вялікім палкаводцам». Імператары сталі лічыцца рэлігійнымі заступнікамі краіны, а рэальная ўлада апынулася ў руках сёгунаў роду Мінамота.

Японскія гарады сталі цэнтрам развіцця рамяства і гандлю з Кітаем, Карэяй і краінамі Паўднёва-­Усходняй Азіі. Многія гарады паступова дабіліся нават права на самакіраванне. Тут існавалі шматлікія карпарацыі гандляроў і рамеснікаў, падобныя па структуры да еўрапейскіх сярэднявечных цэхаў.

4. Асаблівасці сацыяльных адносін у мусульманскіх краінах

Арабскі халіфат аб’яднаў вялізную тэрыторыю на Блізкім Усходзе, дзе для насельніцтва была характэрная гаспадарка розных тыпаў: качавая жывёлагадоўля ў стэпах і пустынях і ірыгацыйнае земляробства ў далінах рэк. Гэта садзейнічала вялікай разнастайнасці сацыяльных груп у Арабскім халіфаце. Людзі займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам, рамяством і гандлем, разнастайнымі відамі іншых работ.

У мусульманскіх краінах іслам актыўна ўплываў на ўсе бакі жыцця грамадства. Гэта рабіла іх сацыяльную структуру вельмі спецыфічнай для перыяду Сярэднявечча.

Усе мусульмане лічыліся роўнымі паміж сабой у адпаведнасці з ісламскім рэлігійным заканадаўствам, якое рэгламентавала нормы і правілы паводзін чалавека. Пры гэтым важную ролю ў жыцці грамадства адыгрывалі радавыя і племянныя сувязі.

Тым не менш роўнасць мусульман у правах зусім не азначала сацыяльнай роўнасці, існаваў падзел на багатых і бедных. На думку мусульман, такім стварыў грамадства людзей Алах і ўсё адбываецца па яго волі. Затое разбагацець і, адпаведна, павысіць у сувязі з гэтым свой сацыяльны статус мог кожны, хто пажадае. Таленавітыя дзеці з сем’яў беднякоў станавіліся вышэйшымі чыноўнікамі ў шэрагу мусульманскіх краін, напрыклад, у Асманскай імперыі. Любы чалавек незалежна ад таго, у якім асяроддзі быў народжаны, мог пайсці ў армію і стаць военачальнікам.

У сярэднявечным мусульманскім грамадстве прызнавалася рабства, у некаторых рэгіёнах было шмат рабоў. Іслам забараняў здзекавацца з іх і без неабходнасці забіваць. Дзіўна, што атрады грамадскага парадку ў гарадах часта фарміраваліся менавіта з рабоў.

За ваенную службу халіфы пачалі надзяляць воінаў, а часам і чыноўнікаў зямельнымі ўладаннямі з сялянамі, якія працавалі там. Падаткі з гэтых зямель атрымліваў ужо ўладальнік, а не дзяржава. Воіны маглі цяпер сыходзіць у доўгія паходы, не хвалюючыся за дабрабыт сваіх сем’яў. У Асманскай імперыі з ХІV ст. такая сістэма ўмоўнага валодання зямельнымі надзеламі з мясцовымі сялянамі атрымала назву тымар. Уладальнікі тымараў не мелі права павялічваць аб’ём падаткаў з сялян, які дакладна фіксаваўся дзяржавай.

Мусульмане падчас заваёў скарылі многія народы, якія вызнавалі іншыя рэлігіі. Спачатку яны не навязвалі сілай прыняцце ісламу. Затое рэзка павышалі падаткі для немусульманскага насельніцтва, што выклікала ў многіх жаданне добраахвотна прыняць іслам. Тым не менш значнай частцы насельніцтва захопленых зямель удавалася захоўваць уласную веру — ​хрысціянства і іўдаізм, паколькі, згодна з канонамі ісламу, прыхільнікі гэтых рэлігій — ​гэта «людзі Пісання». Лічылася, што ім даступна шанаванне Бога, але не адкрыта ўся ісціна, якую ведае толькі іслам. Аднак мусульмане абавязаны былі абараняць хрысціян і іўдзеяў і даваць ім правы ў дзяржаўным жыцці, што і рабілі ў большасці выпадкаў сярэднявечныя мусульманскія правіцелі. З таго часу на Блізкім Усходзе ў ісламскіх краінах жыве нямала хрысціян.

Качавое насельніцтва, перш за ўсё арабы-­бедуіны, працягвала весці ў пустынях той лад жыцця, што складаўся стагоддзямі. Людзі абменьвалі прадукты жывёлагадоўлі на земляробчыя тавары з аазісаў. Асноўную масу насельніцтва складалі сяляне-­земляробы. Разам з тым гарадское насельніцтва ў Арабскім халіфаце было шматлікім. Тут квітнела рамяство. Гандлёвыя караваны перавозілі рамесныя тавары ў самыя аддаленыя краіны, дзе тыя высока цаніліся. Але гарады не мелі правоў самакіравання і кіраваліся адміністратарамі правіцеляў.

Сталіцай Арабскага халіфата на працягу больш як паловы тысячагоддзя быў горад Багдад (у перакладзе з персідскай — ​«Божы дар»). Горад быў пабудаваны ў 762 г. па загадзе халіфа перасяленцамі арабамі-­мусульманамі недалёка ад руін старажытнага Вавілона на беразе ракі Тыгр. У цэнтры Багдада ўзвялі круглую ўмацаваную цытадэль з моцнымі сценамі вышынёй 24 метры і з чатырма брамамі. У цытадэлі размяшчаліся два галоўныя збудаванні — ​палац халіфа і мячэць. Упершыню пры будаўніцтве Багдада мячэць была крыху адсунута ад цэнтра, дзе цяпер узвышаўся палац.

У хуткім часе горад стаў цэнтрам не толькі адміністрацыйнага, але і эканамічнага і культурнага жыцця ўсяго Блізкага Усходу. Сюды сцякаліся тавары з Еўропы і Кітая, Сярэдняй Азіі і Егіпта, Афрыкі і Індыі. Багдад стаў канкурэнтам Канстанцінопаля.

Халіфы заснавалі ў Багдадзе Дом мудрасці, які часта называюць першым у свеце ўніверсітэтам. На самай справе галоўнай яго задачай быў пераклад антычных, індыйскіх і блізкаўсходніх кніг з усяго рэгіёна на арабскую і персідскую мовы. Дом мудрасці на некалькі стагоддзяў стаў буйнейшым навуковым цэнтрам, а арабская і персідская — ​мовамі навукі і культуры. У Багдадзе была заснавана першая ў Заходняй Азіі майстэрня па вытворчасці паперы высокай якасці.

5. Сацыяльная структура ў Індыі

На ўладкаванне індыйскага грамадства аказалі ўплыў уяўленні, звязаныя з індуізмам. Старажытная сістэма варнаў, на якія падзялялася грамадства, ператварылася ў больш разнастайную і складаную сістэму кастаў. З’яўленне кастаў стала неабходным у сувязі з вялікай разнастайнасцю заняткаў унутры сфер прафесійнай дзейнасці і неабходнасцю ўлічваць пражыванне ў Індыі многіх плямёнаў і наяўнасць этнічных рэгіянальных асаблівасцяў. Асобныя прафесіі і плямёны сталі самастойнымі кастамі. Вельмі часта сістэму кастаў параўноўваюць з замкнёным самакіраваннем у прафесійных або этнічных калектывах. У адну касту маглі ўваходзіць як адносна багатыя, так і бедныя людзі, але іх аб’ядноўвалі прафесія і паходжанне. У кожнай касты былі свае ўмовы жыцця, свае дазволы, забароны і абмежаванні, напрыклад, абмежаванні ў ежы і адзенні.

Самай ніжэйшай кастай лічыліся недатыкальныя, якія нават не ўваходзілі ў сістэму варнаў. Яны не маглі датыкацца не толькі людзей іншых кастаў, але нават іх ценяў.

Нарадзіўшыся ў пэўнай касце, індус ніколі не мог перайсці ў іншую. Індуізм вучыў, што змяніць сваё становішча чалавек можа толькі пасля перараджэння. Прычым чым больш правільна ён жыў, тым лепшым будзе яго жыццё ў наступным увасабленні. У выніку каставая сістэма вяла да вельмі строгіх формаў сацыяльнага прыгнёту, калі нельга было нават спадзявацца штосьці змяніць у гэтым жыцці.

Асаблівасці прыроды Індыі абумовілі неабавязковасць стварэння вялікіх ірыгацыйных сістэм, чым павінна была б займацца цэнтральная ўлада. Група вёсак, якая складала абшчыну, стварала замкнёную і прадукцыйную сістэму земляробчай або земляробча-­жывёлагадоўчай гаспадаркі. Адрозніваючыся ў этнічных і каставых адносінах, такія абшчыны фарміравалі трывалыя гаспадарчыя структуры. Змена палітычнай улады ў далёкіх сталіцах ніяк іх не закранала, яны працягвалі адасоблена існаваць і плаціць1⁄6 частку ўраджаю ўладам. Такое становішча шмат у чым вызначала палітычную слабасць і раздробленасць Індыі ў Сярэднія вякі.

6. Культура

У сярэднявечных азіяцкіх грамадствах прыбытак прыносілі зямля і ўраджай з яе. Таму гаспадарчае жыццё грунтавалася на падпарадкаванні або заняволенні сялян для таго, каб іх праца прыносіла пастаянны прыбытак. Правіцелі захоўвалі дэспатычную ўладу і лічыліся ўладальнікамі ўсёй зямлі ў краіне. У аснове сацыяльнай структуры сярэднявечных грамадстваў знаходзіліся ідэі жорсткай сацыяльнай дыферэнцыяцыі. У большасці грамадстваў перайсці ў іншую сацыяльную групу было вельмі складана. У некаторых грамадствах, напрыклад, у індыйскай сістэме кастаў, пераход быў зусім немагчымы.

Пытанні

1. Складзіце воблака слоў з новых паняццяў, якія сустрэліся вам у тэксце параграфа. Пастарайцеся выкарыстаць гэтыя паняцці пры адказе на наступныя пытанні.

2. Параўнайце сістэмы землеўладання ў сярэднявечных Кітаі і Японіі. У чым было асноўнае іх адрозненне? Што ў развіцці Японіі адрознівалася ад звычайнай усходняй мадэлі?

3. У чым было падабенства грамадскіх адносін у сярэднявечных Японіі і Заходняй Еўропе?

4. Прывядзіце прыклады, якія пацвярджаюць, што іслам рэгуляваў сацыяльныя адносіны ў Арабскім халіфаце.

5. Якія змены адбыліся ў сацыяльнай структуры Індыі ў перыяд Сярэднявечча ў параўнанні з перыядам старажытнай гісторыі? Наколькі сур’ёзна гэтыя змены закранулі грамадскі лад Індыі?

6. Падрыхтуйце ілюстраваны электронны каталог, прысвечаны культурным дасягненням сярэднявечных цывілізацый Азіі.