§ 17. Сацыяльныя адносіны ў сярэднявечных цывілізацыях Азіі

3. Асаблівасці сацыяльнага развіцця ў сярэднявечнай Японіі

Японія пачала развівацца пазней за Кітай, затое магла карыстацца яго дасягненнямі ў сацыяльным і культурным жыцці. У аб’яднанай японскай дзяржаве Ніхон імператарская ўлада была першапачаткова моцная. Аднак тут яшчэ не быў пераадолены ўплыў радавой арыстакратыі, якая мела значную эканамічную і палітычную ўладу. Узяўшы за прыклад сістэму рангаў і сістэму надзелаў «роўных палёў» у Кітаі, імператары, наадварот, узмацнілі арыстакратыю. У VII–VIII стст. знатныя сем’і сканцэнтравалі ў сваіх руках велізарныя зямельныя ўладанні. Улада на месцах перайшла да знаці, якая, дабіўшыся пасад кіраўнікоў адміністрацыйных акруг, перадавала іх у спадчыну, а дзяржаўныя тэрыторыі разглядала як свае асабістыя ўладанні. Буйны́я землеўладальнікі — ​даймё — ​утрымлівалі прафесійныя ваенныя атрады, якія складаліся з воінаў-­самураяў. У выніку, у адрозненне ад Кітая, у Японіі склалася сістэма сувязяў, якая нагадвала еўрапейскую феадальную лесвіцу. Сяляне трапілі ў асабістую залежнасць.

З цягам часу самураі ператварыліся ў замкнёную прывілеяваную сацыяльную групу, падобную да заходнееўрапейскага рыцарства. Галоўным абавязкам самурая было верна служыць свайму гаспадару і храбра змагацца за яго. Таму яны пастаянна трэніраваліся ў авалоданні баявымі мастацтвамі, і перш за ўсё майстэрствам карыстання баявым мячом. Паражэнне ў баі, гібель гаспадара або неналежны ўчынак вымушалі самурая праводзіць рытуал публічнага самазабойства сэпуку (харакіры).

Абапіраючыся на атрады шматлікіх самураяў, даймё пачалі ўзброеную барацьбу за падпарадкаванне імператара і ўсёй краіны сваёй уладзе. У 1192 г. Мінамота Ёрытома абвясціў сябе сёгунам — ​«вялікім палкаводцам». Імператары сталі лічыцца рэлігійнымі заступнікамі краіны, а рэальная ўлада апынулася ў руках сёгунаў роду Мінамота.

Японскія гарады сталі цэнтрам развіцця рамяства і гандлю з Кітаем, Карэяй і краінамі Паўднёва-­Усходняй Азіі. Многія гарады паступова дабіліся нават права на самакіраванне. Тут існавалі шматлікія карпарацыі гандляроў і рамеснікаў, падобныя па структуры да еўрапейскіх сярэднявечных цэхаў.