§ 16-1. Дзяржава і грамадства

3. Дзяржаўны лад Арабскага халіфата і Асманскай імперыі

На чале арабскай ісламскай дзяржавы, створанай прарокам Мухамедам, стаялі халіфы. Спачатку іх лічылі «намеснікамі» прарока, але неўзабаве іх сталі называць «намеснікамі» самога Алаха на зямлі. Халіф не толькі быў палітычным лідарам, але і лічыўся кіраўніком усёй мусульманскай абшчыны, г. зн. рэлігійным лідарам. Такі тып дзяржаўнага ладу, пры якім на чале краіны стаіць рэлігійны лідар, называецца тэакратыяй. Першых халіфаў пасля смерці прарока Мухамеда выбірала ўся абшчына, але неўзабаве іх ўлада стала спадчыннай і з'явіліся дынастыі халіфаў.

Халіф карыстаўся неабмежаванай уладай. Уся зямля ў краіне лічылася яго ўласнасцю. Ён меў права караць за любыя злачынствы і судзіць падданых на аснове законаў ісламу.

Пры халіфах усе асноўныя функцыі па кіраванні краінай былі ў руках візіра — кіраўніка апарата чыноўнікаў. Пры ім дзейнічаў савет вышэйшых чыноўнікаў дзяржавы — так званы дыван. Падчас пасяджэння чыноўнікі сядзелі на ўзвышэннях, пакрытых дыванамі, адсюль і назва.

Самымі важнымі ведамствамі былі ваеннае, падаткова-фінансавае, паштовае. Дарэчы, паштовае ведамства таксама займалася ўнутранай і знешняй разведкай. Для халіфаў была вельмі важная інфармацыя пра настроі і планы насельніцтва.

Сталіцай Арабскага халіфата на працягу больш чым 500 гадоў быў горад Багдад, заснаваны ў 762 г. па загадзе халіфа перасяленцамі-мусульманамі недалёка ад руін старажытнага Вавілона.

З разгромам Арабскага халіфата знікла і дынастыя халіфаў. Мусульманскі свет страціў адзінага лідара. Шматлікія правіцелі цяпер сапернічалі паміж сабой, але з таго часу ні адзін з іх не быў прызнаны халіфам.

У дзяржаўным ладзе Асманскай імперыі знайшлі адлюстраванне традыцыі іншых мусульманскіх краін, аднак тут апарат кіравання краінай быў значна ўдасканалены і ўзбуйнены.

Султаны пасля доўгага перапынку паспрабавалі заявіць аб атрыманнi спадчыннай улады халіфаў у мусульманскім свеце і горда называлі сябе «ўладарамі ўсіх прававерных». Асманская імперыя была велізарнай і, здавалася, магла зноў аб'яднаць усіх мусульман. Аднак далёка не ўвесь мусульманскі свет прызнаваў гэтыя прэтэнзіі на палітычную і, галоўнае, рэлігійную ўладу султанаў.

Дзяржаўны апарат у Асманскай імперыі фарміраваўся паступова. Ён стаў велізарным: было мноства чыноўнікаў вышэйшага і мясцовага ўзроўняў, якія павінны былі кантраляваць усё жыццё ў краіне і падпарадкоўваліся асабіста султану.

Вялікі візір нярэдка валодаў рэальнай уладай у краіне. Часта візірамі станавіліся людзі не турэцкага паходжання. Яны больш верна служылі інтарэсам краіны, таму што паходзілі з залежнага насельніцтва, і кожны іх няправільны крок азначаў неадкладную смерць. Візір і кіраўнікі асобных ведамстваў складалі дыван — вялікі савет для вырашэння дзяржаўных пытанняў. Сярод найважнейшых саноўнікаў былі кіраўнік канцылярыі візіра, глава мусульманскага духавенства, вярхоўныя суддзі, камандзір янычараў — гвардыі султана, глава фінансавага ведамства, кіраўнік ведамства па замежных справах, камандуючы флотам і г. д. Любы жыхар дзяржавы мог за асабістыя заслугі заняць высокую пасаду, нават вышэйшыя саноўнікі часта паходзілі з ліку простых людзей, далёка не заўсёды яны былі туркамі па паходжанні, многія нават не былі раней мусульманамі. Затое жыццё і маёмасць такіх чыноўнікаў былі цалкам у руках султана. Калі яны здзяйснялі злачынства ці здраду, то прысудам для іх часцей за ўсё была смерць.

Сталіцай дзяржавы быў горад Стамбул, былы Канстанцінопаль.

Улада правіцеляў у сярэднявечных азіяцкіх дзяржавах захоўвала дэспатычны характар. Правіцель з'яўляўся ўласнікам усёй зямлі ў краіне. Дзяржаўны лад патрабаваў ўсё больш складанай арганізацыі апарата чыноўнікаў, і панаванне спадчыннай арыстакратыі ў большасці краін змянілася панаваннем чыноўнікаў. Правіцелі мелі рэлігійную ўладу, што ў значнай меры спрыяла стабільнасці іх улады над насельніцтвам.