Друкаваць увесь падручнікДрукаваць увесь падручнік

§ 16-1. Дзяржава і грамадства

Якімі рысамі характарызавалася дзяржаўнае кіраванне ў краінах Азіі?

Паўтарэнне неабходных ведаў: Калі і якім чынам быў створаны Арабскі халіфат? У чым заключаліся прычыны яго распаду? Якімі былі вынікі мангольскіх заваяванняў? Успомніце азначэнні паняццяў «імператар», «сёгун», «халіф».

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Падручнік: § 16-1. Дзяржава і грамадства
Надрукаваны: Гость
Дата: Пятніца 17 Травень 2024 5:13

1. Дзяржаўны лад сярэднявечных Кітая і Японіі

Палітычныя цэнтры цывілізацый старажытнасці захавалі сваё значэнне і ў Сярэднія вякі. Вакол іх з'явіліся новыя суседнія дзяржавы, якія шмат у чым успрынялі іх культуру і традыцыі. Дзяржаўны лад краін азіяцкага рэгіёназахаваў шматлікія рысы, якія ўзніклі яшчэ ў старажытнасці.

Найвышэйшым уздымам культуры і эканомікі ў Сярэднія вякі характарызуецца Кітай перыяду імперыі Тан. У гэты час была створана класічная мадэль дзяржаўнага кіравання, якая ў далейшым на працягу больш чым тысячы гадоў лічылася ўзорам і выкарыстоўвалася іншымі кітайскімі дынастыямі. Яна аказалася значна больш развітай, чым тыя, што існавалі ў іншых тагачасных краінах.

На чале Кітая стаяў імператар. Яго афіцыйна называлі «Сын Неба». Лічылася, што вярхоўнае бажаство — вялікае Неба — спрыяе яму. Імператар успрымаўся як бажаство, яго ўлада была неабмежаванай.

Рэлігійныя ўяўленні пра імператарскую ўладу спрыялі яе ўзмацненню, бясспярэчнаму падпарадкаванню ёй народа. Вось як гэта апісвае старажытны кітайскі верш:

Шырока кругом распасціраецца неба ўдалечыні,
Але няма пад небам ні пядзі няцарскай зямлі.
На ўсім беразе, што вакол абмываюць моры, —
Паўсюль на гэтай зямлі толькі слугі цара.

У перыяд праўлення дынастыі Тан у Кітаі з'явілася важнае новаўвядзенне: цяпер каб заняць дзяржаўную пасаду, чыноўнік павінен быў атрымаць адукацыю і здаць дзяржаўны экзамен. Тыя, хто прэтэндаваў на самыя высокія пасады, павінны былі здаваць экзамен непасрэдна імператару і яго набліжаным. У аснову такой адукацыйнай сістэмы былі пакладзены канфуцыянскія прынцыпы.

Чыноўнікі, як і раней, былі падзелены на рангі. У імперыі Тан існавала «сістэма дзевяці рангаў». Кожны з іх прадугледжваў свае прывілеі, свой маёмасны статус. Аднак ранг або пасада не пераходзілі ў спадчыну. Атрымаць новы, больш высокі ранг можна было пасля паспяховай здачы дзяржаўных экзаменаў. Гэта зрабіла магчымым пастаянны прыток у сістэму дзяржаўнага кіравання таленавітых і адукаваных людзей.

Чыноўніцкі апарат быў вельмі шырокім і разгалінаваным. Гэта нядзіўна, бо ў сярэднявечным Кітаі сфарміравалася вялікая колькасць ведамстваў, якія кіравалі рознымі сферамі жыцця грамадства. У перыяд праўлення дынастыі Тан існавала шэсць буйнх ведамстваў-міністэрстваў: Чыноў, Падаткаў, Рытуалаў, Ваеннае, Судовае і Грамадскіх работ. Іх працу каардынавала некалькі імператарскіх канцылярый. Велізарны апарат чыноўнікаў з ведамстваў у сваю чаргу кантраляваў усё ў дзяржаве. Чыноўнікі, а не радавая арыстакратыя, сталі адыгрываць вызначальную ролю ў жыцці краіны.

У перыяд праўлення Тан з'явілася спецыяльнае ведамства інспектараў, якое павінна было правяраць працу іншых ведамстваў і чыноўнікаў. Імёны многіх яго супрацоўнікаў трымаліся ў сакрэце. Яны ўвесь час выконвалі даручэнні імператара ў розных кутках краіны і павінны былі дакладваць пра сапраўдны стан спраў. Усе гэтыя пераўтварэнні спрыялі ўзмацненню імперыі Тан.

Калі чыноўнікаў набіралі з ліку кітайцаў, то ваенныя часцей за ўсё паходзілі з суседніх качавых плямён. Уласна кітайскае насельніцтва практычна не прыцягвалася на ваенную службу. Армія была ў значнай меры наёмная, складалася ў асноўным з качэўнікаў. З аднаго боку, гэта спрыяла раз'яднанасці інтарэсаў насельніцтва і арміі, перашкаджала сумесным паўстанням. Армія заўсёды была гатовая выступіць супраць сялянскіх хваляванняў. Аднак, з іншага боку, гэта стварала небяспеку армейскіх мецяжоў. Але ў такім выпадку заўсёды можна было наняць іншую армію для падаўлення мяцежнікаў. Такая сітуацыя стварала супярэчнасці паміж кітайскім грамадзянскім чыноўніцтвам і некітайскімі палкаводцамі.

Цэнтрам новай імперыі Тан стала сталіца Чан'ань (у перакладзе «бясконцы мір (спакой)»). У канцы I тыс. н. э. гэта быў найбуйнейшы горад, яго насельніцтва налічвала больш за мільён чалавек. Тут пачынаўся Вялікі шаўковы шлях, па якім дастаўлялі кітайскія тавары на захад.

Па ўзоры імперыі Тан і ў цэлым па кітайскім узоры арганізоўвалася кіраванне дзяржавай у Карэі, Японіі і В'етнаме. Шмат у чым гэтая сістэма стала асновай дзяржаўнага апарату ў перыяд мангольскай дынастыі Юань і кітайскай Мін.

Імператары ў Японіі лічыліся нашчадкамі багіні сонца Аматэрасу, г. зн. уяўляліся боскімі па паходжанні. Узнікненне дзяржаўнага апарату пры іх адбылося толькі ў VII ст. Паступова з Кітая японцы запазычылі формы арганізацыі дзяржаўных ведамстваў. Аднак асноўнае адрозненне заключалася ў наступным: калі ў Кітаі дзяржаўныя пасады атрымлівалі не па паходжанні, а па выніках экзаменаў і, адпаведна, па ўзроўні адукаванасці, то ў Японіі пасады давалі прадстаўнікам арыстакратычных сем'яў, якія хацелі зрабіць іх спадчыннымі, перадаць нашчадкам. У выніку спецыфіка японскай сістэмы толькі ўзмацніла арыстакратыю, што імкнулася да ўсё большага ўплыву. Цяпер прадстаўнікі магутных сем'яў арыстакратаў маглі ўзначальваць дзяржаўны апарат і кантраляваць жыццё краіны. Каб умацаваць сваю ўладу, главы такіх родаў выдавалі дачок замуж за імператараў.

Часам да ўлады надоўга прыходзілі сёгуны — «палкаводцы», і тады ўсталёўвалася ваеннае кіраванне краінай. У такія перыяды рэальная ўлада была сканцэнтравана ў руках сёгунаў, але імператары намінальна працягвалі правіць, увасабляючы сувязь народа з багамі. Першым сёгунам у 1192 г. стаў прадстаўнік сям'і Мінамота.

Першая сталіца японскай дзяржавы — горад Нара — была пабудавана па ўзоры кітайскай Чан'ані.

2. Дзяржаўны лад Мангольскай імперыі і імперыі Юань

Дзяржава манголаў была пабудавана Чынгісханам згодна з ваенным прынцыпам. Самай малой тэрытарыяльнай адзінкай у ёй быў «дзясятак» — невялікая група сем'яў, якая павінна была выстаўляць 10 воінаў. «Дзясяткі» на чале з дзясятнікамі ўваходзілі ў «сотню» на чале з сотнікам, «сотні» складалі «тысячу». Дзесяць «тысяч» складалі тумен — асноўную ваенную адзінку мангольскай арміі. На чале «тысяч» стаялі або сваякі Чынгісхана, або яго асабліва давераныя набліжаныя.

Ваенныя і адміністрацыйныя пасады практычна заўсёды супадалі: любая атрыманая ад хана пасаду патрабавала выканання ваенных абавязкаў.

Самыя важныя пытанні выносіліся на курултай — сход усяго мангольскага народа. Перш за ўсё ён прымаў рашэнні аб выбары або зацвярджэнні новага вялікага хана.

Зборам законаў для манголаў стала Вялікая Яса. Чынгісхан асабіста зацвердзіў яе ў 1206 г., і манголы лічылі, што ён сам быў яе аўтарам. Усе качавыя народы, якія падпарадкаваліся Чынгісхану, былі абвешчаныя манголамі і ўвайшлі ў племянную іерархію. Яса жорстка карала любыя злачынствы. Смерцю маглі пакараць нават гаспадара, які не даў вады і ежы падарожніку, г. зн. парушыў закон гасціннасці.

Захапіўшы Кітай, манголы спачатку толькі рабавалі яго, яны не бачылі іншых шляхоў узбагачэння. Але хутка кітайскія чыноўнікі пераканалі іх, што выгады будзе больш, калі людзей пашкадаваць і збіраць з іх падаткі.

Але стварэнне велізарнай шматнацыянальнай дзяржавы, насельніцтва якой гаварыла на многіх мовах і вызнавала многія рэлігіі, патрабавала ўкаранення новых прынцыпаў дзяржаўнага ладу. Насельніцтва было падзелена на 4 групы. Першую — прывілеяваную — групу склалі ўласна манголы-качэўнікі. У другую ўваходзілі розныя народы, якія вызнавалі розныя рэлігіі, – «людзі розных рас», як казалі манголы. Стаўленне да іх было памяркоўнае, і яны маглі займаць розныя пасады ў дзяржаве. Гэта заахвочвалася. Напрыклад, італьянскі падарожнік Марка Пола доўга служыў пры двары хана Хубілая. Трэцюю групу складалі жыхары Паўночнага Кітая, а чацвёртую — Паўднёвага Кітая. Менавіта шматлікае кітайскае насельніцтва лічылася галоўнай пагрозай для бяспекі дзяржавы, бо манголы на працягу 70 гадоў скаралі Кітай у цяжкіх войнах.

Падчас кіравання Чынгісхана манголы пабудавалі сваю новую сталіцу — Каракорум. Ен размяшчаўся ў стэпу і першы час уяўляў сабой проста вялікае стойбішча качэўнікаў. Сюды дастаўлялі рамеснікаў з усіх заваяваных тэрыторый. Было пабудавана нямала дамоў, горад акружылі драўлянай сцяной. Аднак неўзабаве стала ясна, што Каракорум размешчаны далёка ад самых густанаселеных раёнаў і — што асабліва важна — ад гандлёвых шляхоў. Кіраваць дзяржавай адтуль было вельмі складана і доўга.

Таму хан Хубілай перанёс сталіцу ў горад Даду (сучасны Пекін), які быў размешчаны на заселеных кітайцамі землях, але знаходзіўся блізка да мангольскіх стэпаў. Гэта стала сімвалам аб'яднання ў дзяржаўным ладзе Мангольскай імперыі старых мангольскіх стэпавых традыцый з традыцыямі і правіламі кітайскіх імперый.

3. Дзяржаўны лад Арабскага халіфата і Асманскай імперыі

На чале арабскай ісламскай дзяржавы, створанай прарокам Мухамедам, стаялі халіфы. Спачатку іх лічылі «намеснікамі» прарока, але неўзабаве іх сталі называць «намеснікамі» самога Алаха на зямлі. Халіф не толькі быў палітычным лідарам, але і лічыўся кіраўніком усёй мусульманскай абшчыны, г. зн. рэлігійным лідарам. Такі тып дзяржаўнага ладу, пры якім на чале краіны стаіць рэлігійны лідар, называецца тэакратыяй. Першых халіфаў пасля смерці прарока Мухамеда выбірала ўся абшчына, але неўзабаве іх ўлада стала спадчыннай і з'явіліся дынастыі халіфаў.

Халіф карыстаўся неабмежаванай уладай. Уся зямля ў краіне лічылася яго ўласнасцю. Ён меў права караць за любыя злачынствы і судзіць падданых на аснове законаў ісламу.

Пры халіфах усе асноўныя функцыі па кіраванні краінай былі ў руках візіра — кіраўніка апарата чыноўнікаў. Пры ім дзейнічаў савет вышэйшых чыноўнікаў дзяржавы — так званы дыван. Падчас пасяджэння чыноўнікі сядзелі на ўзвышэннях, пакрытых дыванамі, адсюль і назва.

Самымі важнымі ведамствамі былі ваеннае, падаткова-фінансавае, паштовае. Дарэчы, паштовае ведамства таксама займалася ўнутранай і знешняй разведкай. Для халіфаў была вельмі важная інфармацыя пра настроі і планы насельніцтва.

Сталіцай Арабскага халіфата на працягу больш чым 500 гадоў быў горад Багдад, заснаваны ў 762 г. па загадзе халіфа перасяленцамі-мусульманамі недалёка ад руін старажытнага Вавілона.

З разгромам Арабскага халіфата знікла і дынастыя халіфаў. Мусульманскі свет страціў адзінага лідара. Шматлікія правіцелі цяпер сапернічалі паміж сабой, але з таго часу ні адзін з іх не быў прызнаны халіфам.

У дзяржаўным ладзе Асманскай імперыі знайшлі адлюстраванне традыцыі іншых мусульманскіх краін, аднак тут апарат кіравання краінай быў значна ўдасканалены і ўзбуйнены.

Султаны пасля доўгага перапынку паспрабавалі заявіць аб атрыманнi спадчыннай улады халіфаў у мусульманскім свеце і горда называлі сябе «ўладарамі ўсіх прававерных». Асманская імперыя была велізарнай і, здавалася, магла зноў аб'яднаць усіх мусульман. Аднак далёка не ўвесь мусульманскі свет прызнаваў гэтыя прэтэнзіі на палітычную і, галоўнае, рэлігійную ўладу султанаў.

Дзяржаўны апарат у Асманскай імперыі фарміраваўся паступова. Ён стаў велізарным: было мноства чыноўнікаў вышэйшага і мясцовага ўзроўняў, якія павінны былі кантраляваць усё жыццё ў краіне і падпарадкоўваліся асабіста султану.

Вялікі візір нярэдка валодаў рэальнай уладай у краіне. Часта візірамі станавіліся людзі не турэцкага паходжання. Яны больш верна служылі інтарэсам краіны, таму што паходзілі з залежнага насельніцтва, і кожны іх няправільны крок азначаў неадкладную смерць. Візір і кіраўнікі асобных ведамстваў складалі дыван — вялікі савет для вырашэння дзяржаўных пытанняў. Сярод найважнейшых саноўнікаў былі кіраўнік канцылярыі візіра, глава мусульманскага духавенства, вярхоўныя суддзі, камандзір янычараў — гвардыі султана, глава фінансавага ведамства, кіраўнік ведамства па замежных справах, камандуючы флотам і г. д. Любы жыхар дзяржавы мог за асабістыя заслугі заняць высокую пасаду, нават вышэйшыя саноўнікі часта паходзілі з ліку простых людзей, далёка не заўсёды яны былі туркамі па паходжанні, многія нават не былі раней мусульманамі. Затое жыццё і маёмасць такіх чыноўнікаў былі цалкам у руках султана. Калі яны здзяйснялі злачынства ці здраду, то прысудам для іх часцей за ўсё была смерць.

Сталіцай дзяржавы быў горад Стамбул, былы Канстанцінопаль.

Улада правіцеляў у сярэднявечных азіяцкіх дзяржавах захоўвала дэспатычны характар. Правіцель з'яўляўся ўласнікам усёй зямлі ў краіне. Дзяржаўны лад патрабаваў ўсё больш складанай арганізацыі апарата чыноўнікаў, і панаванне спадчыннай арыстакратыі ў большасці краін змянілася панаваннем чыноўнікаў. Правіцелі мелі рэлігійную ўладу, што ў значнай меры спрыяла стабільнасці іх улады над насельніцтвам.

Пытанні

1. Чаму пры абсалютнай неабмежаванай уладзе кітайскіх імператараў іх нярэдка скідалі з трона? Выкажыце свой пункт гледжання.

2. З апорай на схему ў пункце 1 параграфа ахарактарызуйце сістэму дзяржаўнага кіравання ў Кітаі ў перыяд праўлення дынастыі Тан. Якія правілы, што ляжалі ў аснове гэтай сістэмы, былі б, на ваш погляд, эфектыўныя і ў сучасным грамадстве?

3. Чым можна растлумачыць уплыў кітайскай цывілізацыі на японскае грамадства? У чым ён выяўляўся? Што вы б назвалі ў якасці галоўных адрозненняў японскай сістэмы дзяржаўнага кіравання ад кітайскай?

4. У чым заключаліся асаблівасці развіцця мангольскага грамадства ў XIII ст.? Як вы думаеце, што стала асноўнай прычынай поспеху заваявальнай палітыкі манголаў?

5. Што змянілася ў сістэме дзяржаўнага кіравання ў Кітаі ў эпоху мангольскага валадарства? У чым выявілася спалучэнне мангольскіх традыцый і дасягненняў дзяржаўнага ладу ў Кітаі?

6. Прывядзіце аргументы на карысць меркавання, што Арабскі халіфат быў тэакратычнай дзяржавай. З дапамогай рэсурсаў сеткі інтэрнэт знайдзіце інфармацыю пра тое, ці існуюць тэакратычныя дзяржавы ў сучасным свеце.

7. Якія адрозненні дзяржаўнай сістэмы Асманскай імперыі ад сістэмы кіравання Арабскім халіфатам вы можаце назваць?

8. Якія асноўныя адрозненні дзяржаўнага кіравання ў краінах Азіі і ў краінах Заходняй Еўропы вы можаце назваць?