§ 16-1. Дзяржава і грамадства

1. Дзяржаўны лад сярэднявечных Кітая і Японіі

Палітычныя цэнтры цывілізацый старажытнасці захавалі сваё значэнне і ў Сярэднія вякі. Вакол іх з'явіліся новыя суседнія дзяржавы, якія шмат у чым успрынялі іх культуру і традыцыі. Дзяржаўны лад краін азіяцкага рэгіёназахаваў шматлікія рысы, якія ўзніклі яшчэ ў старажытнасці.

Найвышэйшым уздымам культуры і эканомікі ў Сярэднія вякі характарызуецца Кітай перыяду імперыі Тан. У гэты час была створана класічная мадэль дзяржаўнага кіравання, якая ў далейшым на працягу больш чым тысячы гадоў лічылася ўзорам і выкарыстоўвалася іншымі кітайскімі дынастыямі. Яна аказалася значна больш развітай, чым тыя, што існавалі ў іншых тагачасных краінах.

На чале Кітая стаяў імператар. Яго афіцыйна называлі «Сын Неба». Лічылася, што вярхоўнае бажаство — вялікае Неба — спрыяе яму. Імператар успрымаўся як бажаство, яго ўлада была неабмежаванай.

Рэлігійныя ўяўленні пра імператарскую ўладу спрыялі яе ўзмацненню, бясспярэчнаму падпарадкаванню ёй народа. Вось як гэта апісвае старажытны кітайскі верш:

Шырока кругом распасціраецца неба ўдалечыні,
Але няма пад небам ні пядзі няцарскай зямлі.
На ўсім беразе, што вакол абмываюць моры, —
Паўсюль на гэтай зямлі толькі слугі цара.

У перыяд праўлення дынастыі Тан у Кітаі з'явілася важнае новаўвядзенне: цяпер каб заняць дзяржаўную пасаду, чыноўнік павінен быў атрымаць адукацыю і здаць дзяржаўны экзамен. Тыя, хто прэтэндаваў на самыя высокія пасады, павінны былі здаваць экзамен непасрэдна імператару і яго набліжаным. У аснову такой адукацыйнай сістэмы былі пакладзены канфуцыянскія прынцыпы.

Чыноўнікі, як і раней, былі падзелены на рангі. У імперыі Тан існавала «сістэма дзевяці рангаў». Кожны з іх прадугледжваў свае прывілеі, свой маёмасны статус. Аднак ранг або пасада не пераходзілі ў спадчыну. Атрымаць новы, больш высокі ранг можна было пасля паспяховай здачы дзяржаўных экзаменаў. Гэта зрабіла магчымым пастаянны прыток у сістэму дзяржаўнага кіравання таленавітых і адукаваных людзей.

Чыноўніцкі апарат быў вельмі шырокім і разгалінаваным. Гэта нядзіўна, бо ў сярэднявечным Кітаі сфарміравалася вялікая колькасць ведамстваў, якія кіравалі рознымі сферамі жыцця грамадства. У перыяд праўлення дынастыі Тан існавала шэсць буйнх ведамстваў-міністэрстваў: Чыноў, Падаткаў, Рытуалаў, Ваеннае, Судовае і Грамадскіх работ. Іх працу каардынавала некалькі імператарскіх канцылярый. Велізарны апарат чыноўнікаў з ведамстваў у сваю чаргу кантраляваў усё ў дзяржаве. Чыноўнікі, а не радавая арыстакратыя, сталі адыгрываць вызначальную ролю ў жыцці краіны.

У перыяд праўлення Тан з'явілася спецыяльнае ведамства інспектараў, якое павінна было правяраць працу іншых ведамстваў і чыноўнікаў. Імёны многіх яго супрацоўнікаў трымаліся ў сакрэце. Яны ўвесь час выконвалі даручэнні імператара ў розных кутках краіны і павінны былі дакладваць пра сапраўдны стан спраў. Усе гэтыя пераўтварэнні спрыялі ўзмацненню імперыі Тан.

Калі чыноўнікаў набіралі з ліку кітайцаў, то ваенныя часцей за ўсё паходзілі з суседніх качавых плямён. Уласна кітайскае насельніцтва практычна не прыцягвалася на ваенную службу. Армія была ў значнай меры наёмная, складалася ў асноўным з качэўнікаў. З аднаго боку, гэта спрыяла раз'яднанасці інтарэсаў насельніцтва і арміі, перашкаджала сумесным паўстанням. Армія заўсёды была гатовая выступіць супраць сялянскіх хваляванняў. Аднак, з іншага боку, гэта стварала небяспеку армейскіх мецяжоў. Але ў такім выпадку заўсёды можна было наняць іншую армію для падаўлення мяцежнікаў. Такая сітуацыя стварала супярэчнасці паміж кітайскім грамадзянскім чыноўніцтвам і некітайскімі палкаводцамі.

Цэнтрам новай імперыі Тан стала сталіца Чан'ань (у перакладзе «бясконцы мір (спакой)»). У канцы I тыс. н. э. гэта быў найбуйнейшы горад, яго насельніцтва налічвала больш за мільён чалавек. Тут пачынаўся Вялікі шаўковы шлях, па якім дастаўлялі кітайскія тавары на захад.

Па ўзоры імперыі Тан і ў цэлым па кітайскім узоры арганізоўвалася кіраванне дзяржавай у Карэі, Японіі і В'етнаме. Шмат у чым гэтая сістэма стала асновай дзяржаўнага апарату ў перыяд мангольскай дынастыі Юань і кітайскай Мін.

Імператары ў Японіі лічыліся нашчадкамі багіні сонца Аматэрасу, г. зн. уяўляліся боскімі па паходжанні. Узнікненне дзяржаўнага апарату пры іх адбылося толькі ў VII ст. Паступова з Кітая японцы запазычылі формы арганізацыі дзяржаўных ведамстваў. Аднак асноўнае адрозненне заключалася ў наступным: калі ў Кітаі дзяржаўныя пасады атрымлівалі не па паходжанні, а па выніках экзаменаў і, адпаведна, па ўзроўні адукаванасці, то ў Японіі пасады давалі прадстаўнікам арыстакратычных сем'яў, якія хацелі зрабіць іх спадчыннымі, перадаць нашчадкам. У выніку спецыфіка японскай сістэмы толькі ўзмацніла арыстакратыю, што імкнулася да ўсё большага ўплыву. Цяпер прадстаўнікі магутных сем'яў арыстакратаў маглі ўзначальваць дзяржаўны апарат і кантраляваць жыццё краіны. Каб умацаваць сваю ўладу, главы такіх родаў выдавалі дачок замуж за імператараў.

Часам да ўлады надоўга прыходзілі сёгуны — «палкаводцы», і тады ўсталёўвалася ваеннае кіраванне краінай. У такія перыяды рэальная ўлада была сканцэнтравана ў руках сёгунаў, але імператары намінальна працягвалі правіць, увасабляючы сувязь народа з багамі. Першым сёгунам у 1192 г. стаў прадстаўнік сям'і Мінамота.

Першая сталіца японскай дзяржавы — горад Нара — была пабудавана па ўзоры кітайскай Чан'ані.