§ 16-1. Дзяржава і грамадства

2. Дзяржаўны лад Мангольскай імперыі і імперыі Юань

Дзяржава манголаў была пабудавана Чынгісханам згодна з ваенным прынцыпам. Самай малой тэрытарыяльнай адзінкай у ёй быў «дзясятак» — невялікая група сем'яў, якая павінна была выстаўляць 10 воінаў. «Дзясяткі» на чале з дзясятнікамі ўваходзілі ў «сотню» на чале з сотнікам, «сотні» складалі «тысячу». Дзесяць «тысяч» складалі тумен — асноўную ваенную адзінку мангольскай арміі. На чале «тысяч» стаялі або сваякі Чынгісхана, або яго асабліва давераныя набліжаныя.

Ваенныя і адміністрацыйныя пасады практычна заўсёды супадалі: любая атрыманая ад хана пасаду патрабавала выканання ваенных абавязкаў.

Самыя важныя пытанні выносіліся на курултай — сход усяго мангольскага народа. Перш за ўсё ён прымаў рашэнні аб выбары або зацвярджэнні новага вялікага хана.

Зборам законаў для манголаў стала Вялікая Яса. Чынгісхан асабіста зацвердзіў яе ў 1206 г., і манголы лічылі, што ён сам быў яе аўтарам. Усе качавыя народы, якія падпарадкаваліся Чынгісхану, былі абвешчаныя манголамі і ўвайшлі ў племянную іерархію. Яса жорстка карала любыя злачынствы. Смерцю маглі пакараць нават гаспадара, які не даў вады і ежы падарожніку, г. зн. парушыў закон гасціннасці.

Захапіўшы Кітай, манголы спачатку толькі рабавалі яго, яны не бачылі іншых шляхоў узбагачэння. Але хутка кітайскія чыноўнікі пераканалі іх, што выгады будзе больш, калі людзей пашкадаваць і збіраць з іх падаткі.

Але стварэнне велізарнай шматнацыянальнай дзяржавы, насельніцтва якой гаварыла на многіх мовах і вызнавала многія рэлігіі, патрабавала ўкаранення новых прынцыпаў дзяржаўнага ладу. Насельніцтва было падзелена на 4 групы. Першую — прывілеяваную — групу склалі ўласна манголы-качэўнікі. У другую ўваходзілі розныя народы, якія вызнавалі розныя рэлігіі, – «людзі розных рас», як казалі манголы. Стаўленне да іх было памяркоўнае, і яны маглі займаць розныя пасады ў дзяржаве. Гэта заахвочвалася. Напрыклад, італьянскі падарожнік Марка Пола доўга служыў пры двары хана Хубілая. Трэцюю групу складалі жыхары Паўночнага Кітая, а чацвёртую — Паўднёвага Кітая. Менавіта шматлікае кітайскае насельніцтва лічылася галоўнай пагрозай для бяспекі дзяржавы, бо манголы на працягу 70 гадоў скаралі Кітай у цяжкіх войнах.

Падчас кіравання Чынгісхана манголы пабудавалі сваю новую сталіцу — Каракорум. Ен размяшчаўся ў стэпу і першы час уяўляў сабой проста вялікае стойбішча качэўнікаў. Сюды дастаўлялі рамеснікаў з усіх заваяваных тэрыторый. Было пабудавана нямала дамоў, горад акружылі драўлянай сцяной. Аднак неўзабаве стала ясна, што Каракорум размешчаны далёка ад самых густанаселеных раёнаў і — што асабліва важна — ад гандлёвых шляхоў. Кіраваць дзяржавай адтуль было вельмі складана і доўга.

Таму хан Хубілай перанёс сталіцу ў горад Даду (сучасны Пекін), які быў размешчаны на заселеных кітайцамі землях, але знаходзіўся блізка да мангольскіх стэпаў. Гэта стала сімвалам аб'яднання ў дзяржаўным ладзе Мангольскай імперыі старых мангольскіх стэпавых традыцый з традыцыямі і правіламі кітайскіх імперый.