§ 15-3. Культура паўднёвых і заходніх славян

1. Літаратура

Дзякуючы дзейнасці Кірылы і Мяфодзія і іх вучняў славяне сталі выкарыстоўваць дзве сістэмы пісьма — глаголіцу і кірыліцу. Паступова на тэрыторыі Цэнтральнай Еўропы стала ўсё больш распаўсюджвацца латынь — мова каталіцкага набажэнства і культуры. Часам на тэрыторыі адной славянскай дзяржавы насельніцтва выкарыстоўвала ўсе тры варыянты пісьменства. Прыкладам гэтага служыць Сербскае каралеўства. Харваты на працягу доўгага часу выкарыстоўвалі старажытнаславянскі і лацінскі алфавіты. А ў Польскім каралеўстве аж да XVI ст. асноўнай мовай дакументаў была лацінская, яна выконвала функцыю літаратурнай мовы, на якой фарміравалася польская культура.

Распаўсюджванне славянскага пісьменства прывяло да з'яўлення рукапісных кніг. У першую чаргу гэта была літаратура рэлігійнага зместу: царкоўныя сачыненні, пропаведзі, жыціі святых. Раней за ўсё гэтыя творы, напісаныя на славянскай мове, з'явіліся ў Першым Балгарскім царстве. Менавіта гэта дзяржава стала цэнтрам развіцця славянскага пісьменства, дзе ў канцы IX — X ст. склаліся некалькі літаратурных школ. Гэта дазволіла навукоўцам ахарактарызаваць названы перыяд як «залаты век балгарскай літаратуры».

Паступова на славянскай мове сталі з'яўляцца хронікі і летапісы, што было звязана з неабходнасцю стварэння гісторыі славянскіх народаў. Так, Казьма Пражскі ў «Чэшскай хроніцы» паслядоўна выклаў гісторыю Чэшскага каралеўства, а Гал Ананім у «Хроніцы і дзеях князёў або правіцеляў польскіх» — Польскага каралеўства.

Калі першапачаткова славянская літаратура насіла царкоўны характар, то з XII ст. у ёй сталі з'яўляцца перакладныя і ўласныя свецкія творы. Падзеі, якія адбываліся ў славянскіх землях, спрыялі фарміраванню новых жанраў. Напрыклад, у Чэшскім каралеўстве ў ходзе гусіцкіх войнаў узніклі палемічныя паэтычныя творы, прыкладам якіх служаць гусіцкія сачыненні.

Еўрапейскае Адраджэнне аказала значны ўплыў на развіццё сярэднявечнай славянскай літаратуры і спрыяла з'яўленню новых твораў. Навучанне ў еўрапейскіх універсітэтах і знаёмства з дасягненнямі літаратуры і навукі Еўропы прывялі да таго, што некаторыя славянскія дзеячы культуры прытрымліваліся заходнееўрапейскіх традыцый. Гэта было характэрна ў асноўным для тых славян, якія вызнавалі каталіцызм. Хоць і ў праваслаўных краінах уплыў заходнееўрапейскіх ідэй узмацняўся, у той час як грэка-візантыйская культура пасля падзення Канстанцінопаля перастала актыўна развівацца, затое трывала захоўвалася як частка праваслаўнай рэлігійнай традыцыі.