Печатать книгуПечатать книгу

§ 15-3. Культура паўднёвых і заходніх славян

Якім чынам прыняцце хрысціянства паўплывала на развіццё культуры паўднёвых і заходніх славян?

Калі з'явілася кірылічнае пісьменства ў славян? З якімі падзеямі гэта было звязана? Які ўплыў на развіццё культуры славян аказала прыняцце хрысціянства?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Книга: § 15-3. Культура паўднёвых і заходніх славян
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 22 Ноябрь 2024, 17:23

1. Літаратура

Дзякуючы дзейнасці Кірылы і Мяфодзія і іх вучняў славяне сталі выкарыстоўваць дзве сістэмы пісьма — глаголіцу і кірыліцу. Паступова на тэрыторыі Цэнтральнай Еўропы стала ўсё больш распаўсюджвацца латынь — мова каталіцкага набажэнства і культуры. Часам на тэрыторыі адной славянскай дзяржавы насельніцтва выкарыстоўвала ўсе тры варыянты пісьменства. Прыкладам гэтага служыць Сербскае каралеўства. Харваты на працягу доўгага часу выкарыстоўвалі старажытнаславянскі і лацінскі алфавіты. А ў Польскім каралеўстве аж да XVI ст. асноўнай мовай дакументаў была лацінская, яна выконвала функцыю літаратурнай мовы, на якой фарміравалася польская культура.

Распаўсюджванне славянскага пісьменства прывяло да з'яўлення рукапісных кніг. У першую чаргу гэта была літаратура рэлігійнага зместу: царкоўныя сачыненні, пропаведзі, жыціі святых. Раней за ўсё гэтыя творы, напісаныя на славянскай мове, з'явіліся ў Першым Балгарскім царстве. Менавіта гэта дзяржава стала цэнтрам развіцця славянскага пісьменства, дзе ў канцы IX — X ст. склаліся некалькі літаратурных школ. Гэта дазволіла навукоўцам ахарактарызаваць названы перыяд як «залаты век балгарскай літаратуры».

Паступова на славянскай мове сталі з'яўляцца хронікі і летапісы, што было звязана з неабходнасцю стварэння гісторыі славянскіх народаў. Так, Казьма Пражскі ў «Чэшскай хроніцы» паслядоўна выклаў гісторыю Чэшскага каралеўства, а Гал Ананім у «Хроніцы і дзеях князёў або правіцеляў польскіх» — Польскага каралеўства.

Калі першапачаткова славянская літаратура насіла царкоўны характар, то з XII ст. у ёй сталі з'яўляцца перакладныя і ўласныя свецкія творы. Падзеі, якія адбываліся ў славянскіх землях, спрыялі фарміраванню новых жанраў. Напрыклад, у Чэшскім каралеўстве ў ходзе гусіцкіх войнаў узніклі палемічныя паэтычныя творы, прыкладам якіх служаць гусіцкія сачыненні.

Еўрапейскае Адраджэнне аказала значны ўплыў на развіццё сярэднявечнай славянскай літаратуры і спрыяла з'яўленню новых твораў. Навучанне ў еўрапейскіх універсітэтах і знаёмства з дасягненнямі літаратуры і навукі Еўропы прывялі да таго, што некаторыя славянскія дзеячы культуры прытрымліваліся заходнееўрапейскіх традыцый. Гэта было характэрна ў асноўным для тых славян, якія вызнавалі каталіцызм. Хоць і ў праваслаўных краінах уплыў заходнееўрапейскіх ідэй узмацняўся, у той час як грэка-візантыйская культура пасля падзення Канстанцінопаля перастала актыўна развівацца, затое трывала захоўвалася як частка праваслаўнай рэлігійнай традыцыі.

2. Адукацыя і навука

З прыняццем хрысціянства сярод насельніцтва пачала пашырацца пісьменнасць. Пры манастырах сталі стварацца школы, дзе адукацыю маглі атрымаць прадстаўнікі розных пластаў насельніцтва. З узнікненнем у Высокім сярэднявеччы ўніверсітэтаў найбольш здольныя ўраджэнцы славянскіх земляў працягвалі навучанне ў вышэйшых навучальных установах. Так, у 1348 г. чэшскі кароль Карл IV заснаваў Пражскі ўніверсітэт, які стаў першай вышэйшай навучальнай установай у Цэнтральнай Еўропе. У пачатку XV ст. ва ўніверсітэце выкладаў філосаф, багаслоў і пісьменнік Ян Гус, які выступіў супраць падпарадкавання папе рымскаму. Ён прапаноўваў рэфармаваць царкву ў Чэхіі, зрабіўшы яе незалежнай ад уплыву папства. Ян Гус і яго прыхільнікі фактычна пачалі барацьбу за адраджэнне чэшскай культуры. Ён шмат пісаў на чэшскай мове для народа, рэфармаваў лацінскі алфавіт, прыстасаваючы яго для перадачы гукаў чэшскай мовы.

Другой вышэйшай навучальнай установай у Цэнтральнай Еўропе стаў Кракаўскі ўніверсітэт. Ён быў заснаваны ў 1364 г. польскім каралём Казімірам Вялікім. Трохі пазней дзякуючы каралеве Ядвізе ў ім быў адкрыты тэалагічны факультэт, што дазволіла ўніверсітэту стаць у адзін шэраг з вядучымі ўніверсітэтамі Еўропы. Гэтыя змены адбыліся ў перыяд праўлення караля Ягайлы, таму за ўніверсітэтам замацавалася назва Ягелонскі.

У славян, якія змаглі захаваць дзяржаўную незалежнасць, эпоха Адраджэння характарызавалася актыўным развіццём навукі. Так, у XV ст. сталі з'яўляцца навукова-публіцыстычныя трактаты. Прыкладамі такіх твораў служаць «Хроніка слаўнага польскага каралеўства» Яна Длугаша, «Дзевяць кніг аб правах зямлі чэшскай» Віктарына Карнеля і інш.

Значную ролю ў развіцці адукацыі і навукі адыграла ўзнікненне кнігадрукавання. У чэшскіх землях першая друкарня з'явілася каля 1470 г., неўзабаве пасля выдання «Бібліі» Іаганам Гутэнбергам. Большасць кніг, выдадзеных да канца XV ст. у Чэхіі, былі напісаны на чэшскай мове. У Польскім каралеўстве першыя друкарні з'явіліся ў канцы XV ст. Кнігі, якія выдаваліся там, былі напісаны на лацінскай мове.

3. Архітэктура і жывапіс

З распаўсюджваннем хрысціянства ў славянскіх краінах пачало актыўна развівацца храмавае дойлідства. Яно было цесна звязана з развіццём і распаўсюджваннем насценнага жывапісу. На архітэктуру і жывапіс славянскіх народаў значны ўплыў аказалі заходнееўрапейскія і візантыйскія традыцыі.

Значныя змены ў дойлідстве былі звязаны з перыядам феадальнай раздробленасці. У гэты час кожны буйны́ феадал будаваў каменныя храмы, замкі, гарады, імкнучыся такім чынам вылучыцца сярод сваіх суседзяў.

Для славянскай архітэктуры XI—XII стст. быў характэрны раманскі стыль. Часта ён спалучаўся з мясцовымі традыцыямі, што прыводзіла да складвання самабытных архітэктурных школ.

На змену раманскаму стылю ў XIII ст. прыйшоў гатычны, які на працягу двух стагоддзяў быў дамінуючым на славянскіх каталіцкіх землях Цэнтральнай Еўропы. Найбольш выбітным помнікам таго часу стаў пражскі сабор святога Віта.

У Польшчы прыкладам гатычнага мастацтва служыць Марыяцкі касцёл у Кракаве (другая палова XIII ст.). Яго галоўны алтар быў створаны вядомым скульптарам Вітам Ствошам у канцы XV ст. і лічыцца шэдэўрам выяўленчага мастацтва гэтага перыяду.

Ідэі гуманізму аказалі значны ўплыў на славянскіх правіцеляў, а культура еўрапейскага Адраджэння — на культуру славян. Так, росквіт чэшскай культуры прыйшоўся на перыяд праўлення караля Карла IV. Сярод найбольш знакамітых помнікаў архітэктуры таго часу — Карлаў мост праз Влтаву (створаны ў 1357—1402 гг.), а таксама замак Карлштэйн, пабудаваны непадалёк ад Прагі.

Будаўніцтва праваслаўных храмаў суправаджалася развіццём фрэскавага жывапісу і іканапісу. У XII—XIV стст. у Другім Балгарскім царстве склаліся некалькі мастацкіх школ, галоўнае месца сярод якіх займала Тырноўская. У XIII — пачатку XVI ст. сфарміравалася свая школа жывапісу ў Сербіі. Шэдэўрамі сербскага сярэднявечнага мастацтва прызнаныя фрэскі царквы Ушэсця ў Мілешаве і Траецкай царквы манастыра ў Сапачанах.

Значную ролю ў жывапіснай культуры Сярэднявечча адыгрывалі кніжныя мініяцюры. Яны сталі важным складнікам зборніка евангельскіх тэкстаў «Вышэградскі кодэкс» (XI ст.). Па колькасці мініяцюр і афармленні ён належыць да найбольш цікавых рукапісаў сярэднявечнай Еўропы.

Найважнейшым дасягненнем, якое паспрыяла далучэнню славянскіх народаў да хрысціянскай і сусветнай культуры, стала стварэнне славянскага пісьменства. Першыя ўніверсітэты ў Цэнтральнай Еўропе ўзніклі ў XIV ст. і стымулявалі ўстанаўленне сувязяў з вядучымі навуковымі цэнтрамі Еўропы. Актыўнаму развіццю літаратуры, адукацыі і навукі славян на роднай мове спрыяў пачатак кнігадрукавання. Пасля рэлігійнага расколу 1054 г. адны славянскія дзяржавы звязалі свой лёс з каталіцызмам, другія з праваслаўем. Яны стварылі самабытную культуру, якая развівалася ў рэчышчы заходнееўрапейскіх і візантыйскіх хрысціянскіх традыцый.


Пытанні

1. Ахарактарызуйце значэнне дзейнасці Кірыла і Мяфодзія ў гісторыі славянскіх народаў.

2. Якія змены ў жыцці славянскіх дзяржаў адбыліся ў сувязі з распаўсюджваннем пісьменнасці?

3. Вылучыце асноўныя тэндэнцыі ў развіцці літаратуры паўднёвых і заходніх славян.

4. Выкарыстоўваючы тэкст § 15-2—15-3 і дадатковыя крыніцы інфармацыі, складзіце табліцу «Літаратура заходніх, паўднёвых і ўсходніх славян». Вызначце падабенства і адрозненні ў развіцці літаратуры.

5. Вызначце, якія рысы былі характэрнымі для развіцця адукацыі ў паўднёвых і заходніх славян. Як вы думаеце, ці маглі сын або дачка магната Вялікага Княства Літоўскага атрымліваць адукацыю ў Кракаве ў 1479 г.?

6. У чым выявіўся заходнееўрапейскі і візантыйскі ўплыў на архітэктуру славян? Прывядзіце прыклады.

7. У XII–XIV стст. у Другім Балгарскім царстве склалася некалькі мастацкіх школ. Падрыхтуйце прэзентацыю пра іх. Падбярыце для яе ілюстрацыі.

8. Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, у тым ліку рэсурсы сеткі інтэрнэт, падбярыце фатаграфіі, ілюстрацыі, якія даказваюць, што значны ўплыў на архітэктуру славянскіх народаў аказалі заходнееўрапейскія і візантыйскія традыцыі. Прадстаўце вынік сваёй працы ў выглядзе каталога (прэзентацыі, бук­лета) фотавыставы з кароткім апісаннем архітэктурных помнікаў.

9. Складзіце анталогію (зборнік) або карту помнікаў, прысвечаных Кірылу і Мяфодзію. Пры складанні анталогіі ўказвайце інфармацыю ў адпаведнасці з «пашпар­там помніка»: месца, дзе знаходзіцца; дзяржава, у якой помнік быў усталяваны; дзяржава, у якой помнік знаходзіцца цяпер; ініцыятар стварэння; час стварэння; аўтар (скульптар). Калі вы працуеце з картай, то размясціце на ёй выявы помнікаў і кароткую інфармацыю пра іх.

У час выканання задання параўнайце помнікі і адкажыце на пытанні:
1. Пра што расказваюць дэталі: сімвалы, адзенне? 2. Якую ідэю хацеў данесці аўтар? 3. Якую гісторыю распавядае помнік? 4. Дазволілі б вы ўсталяваць гэты помнік, калі б былі мэрам горада? Чаму? 5. Як вы думаеце, чаму скульптары ўяўляюць святых па-рознаму? 6. Высветліце, дзе знаходзіцца помнік Кірылу і Мяфодзію з выявай дзвюх літар. Як вы думаеце, чаму скульптар паказаў толькі дзве літары? 7. Параўнайце культуру паўднёвых, заходніх і ўсходніх славян згодна з планам: а) асаблівасці развіцця літаратуры, б) асаблівасці архітэктуры, в) асаблівасці жывапісу. Растлумачце, з чым звязаныя адрозненні.