§ 15-2. Матэрыяльная і духоўная культура ўсходніх славян

6. Старажытнарускае мастацтва

Найважнейшымі відамі прыкладнога мастацтва пасля хрышчэння Кіеўскай Русі сталі фрэскі і мазаіка. Іх вырабу славян навучылі грэчаскія майстры, якія перадалі традыцыю абавязковага ўпрыгажэння храмаў. Царкоўныя фрэскі першапачаткова паказвалі сюжэты з біблейскіх апавяданняў пра жыццё Хрыста, апосталаў, сцэны Страшнага суда. Паступова на фрэсках сталі з'яўляцца свецкія сюжэты. Сапраўдным шэдэўрам з'яўляецца выява сям'і князя Яраслава Мудрага ў Сафійскім саборы ў Кіеве.

Таксама з Візантыі прыйшла традыцыя пакланення іконам, якія пісалі па традыцыйныму стандарту – канону. Іконы з выявамі Хрыста, Багародзіцы, святых ці біблейскіх сюжэтаў стваралі на дошках з ліпы. Іканапіс стаў важнай часткай праваслаўнай культуры ва ўсходніх славян.

У жывапісе перыяду палітычнай раздробленасці Кіеўскай Русі, як і ў архітэктуры, досыць хутка сфарміравалася некалькі школ з уласнымі традыцыямі.

Яскравым прыкладам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва таго часу сталі вырабы старажытнарускіх ювеліраў. З золата, срэбра, каштоўных камянёў, эмалі рабілі завушніцы, спражкі, бранзалеты, карáлі. Таксама майстры цудоўна ўпрыгожвалі зброю.

Напярэдадні мангола-татарскага нашэсця старажытнаруская культура дасягнула высокага ўзроўню развіцця, творы мясцовых майстроў параўноўваюць з лепшымі ўзорамі еўрапейскай і сусветнай культур таго часу, з якімі яна актыўна ўзаемадзейнічала.

Першапачаткова ўсходнія славяне выкарыстоўвалі ў будаўніцтве дрэва. Таму аб'екты старажытнай матэрыяльнай культуры захаваліся дрэнна. Аднак клімат і асаблівасці глебы усё ж спрыялі захаванню гарадскіх драўляных пабудоў старажытных Ноўгарада, Менска, Берасця. Духоўнае жыццё ўсходніх славян у старажытнасці вызначалася язычніцтвам. Кіеўскі князь Уладзімір на чале пантэона паставіў Перуна — бога-грамабоя, апекуна воінаў. З прыняццем хрысціянства з Візантыі ўсходнія славяне далучыліся да культуры еўрапейскіх народаў. Адным з дасягненняў стала распаўсюджванне кірыліцы, на якой пачалі ствараць рэлігійныя кнігі, а затым і дзяржаўныя летапісы. У архітэктуры з'явіліся першыя цагляныя і каменныя пабудовы — цэрквы паводле грэчаскага ўзору, галоўным упрыгажэннем якіх сталі фрэскі і іконы.