Печатать книгуПечатать книгу

§ 15-2. Матэрыяльная і духоўная культура ўсходніх славян

Што новага прыўнесла хрысціянства ў матэрыяльную і духоўную культуру ўсходніх славян?

Узгадайце азначэнні паняццяў «язычніцтва», «рэлігія», «царква». Як узаемадзейнічалі язычніцтва і хрысціянства пасля хрышчэння ўсходніх славян?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Книга: § 15-2. Матэрыяльная і духоўная культура ўсходніх славян
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 16 Май 2024, 03:10

1. Асаблівасці прыняцця і распаўсюджвання хрысціянства

Кіеўская Русь у 988 г. прыняла хрысціянства апошняй з славянскіх дзяржаў. Кіеўскага князя Уладзіміра, які вырашыў прыняць новую веру, цікавілі не толькі рэлігійныя пытанні. Да таго часу ўжо стала зразумела, што язычніцтва не магло забяспечыць рэалізацыю дзяржаўных інтарэсаў, якім найлепшым чынам магла адпавядваць монатэістычная рэлігія. Вера народа ў адзінага Бога павінна была суадносіцца з уладай аднаго вярхоўнага князя, узмацняць падпарадкаванне яму, значыць, умацоўваць дзяржаву.

Выбіраючы новую рэлігію, князь Уладзімір вырашаў і знешнепалітычныя задачы: аднаверцы павінны былі стаць галоўнымі саюзнікамі. «Аповесць мінулых гадоў» падрабязна апісвае, як Уладзімір вырашыў выбраць новую рэлігію з некалькіх, якія існавалі ў суседніх краінах. Кіеўская Русь мела цесныя кантакты з Хазарскім каганатам, у якім вызнавалі іўдаізм, з мусульманскімі дзяржавамі, з праваслаўнай Візантыяй і з каталіцкімі дзяржавамі Заходняй Еўропы. Ва ўсе гэтыя краіны Уладзімір, паводле летапісу, адправіў сваіх паслоў, каб яны выбралі найлепшую веру. Выканаўшы заданне кіеўскага князя, паслы вярнуліся і без ваганняў аддалі перавагу праваслаўю з-за прыгажосці храмаў і таго душэўнага ўздыму, які яны адчулі падчас набажэнстваў.

Аднак вырашальным быў той фактар, што Кіеўская Русь мела традыцыйныя палітычныя, эканамічныя, культурныя сувязі з Візантыяй, таму Уладзімір спыніў свой выбар на візантыйскім хрысціянстве. Духоўная ўлада ў такой сістэме дзяржаўнасці падпарадкоўвалася імператару і залежала ад яго. Гэта адпавядала палітычным памкненням князя Уладзіміра. Да таго ж прыняцце праваслаўя зрабіла магчымым шлюб Уладзіміра з сястрой візантыйскага імператара прынцэсай Ганнай. Гэта спрыяла палітычнаму саюзу Кіеўскай Русі з самай магутнай дзяржавай рэгіёну — Візантыяй, пашырала гандлёва-эканамічныя і культурныя сувязі.

Яшчэ адным фактарам, які меў вялікае значэнне пры выбары веры, стала мова набажэнстваў. У рымскім абрадзе гэтую функцыю выконвала латынь, зусім чужая жыхарам Кіеўскай дзяржавы. А ў візантыйскім абрадзе трывалыя пазіцыі ўжо заняло набажэнства на царкоўнаславянскай мове, якую разумела насельніцтва Кіеўскай Русі.

У 988 г. Уладзімір прыняў хрысціянства і загадаў хрысціцца сваім баярам і дружыннікам, а затым простаму народу. У Кіеве гараджан па загадзе прымусілі зайсці ў Днепр, дзе іх хрысцілі. Язычніцкіх ідалаў у Кіеве і Ноўгарадзе скінулі з капішчаў. Дзясятую частку сваіх княжацкіх даходаў Уладзімір пастанавіў выдзяляць на будаўніцтва храмаў і ўладкаванне царкоўнай арганізацыі на Русі. Новую царкву ўзначаліў прысланы з Канстанцінопаля мітрапаліт, які накіраваў у буйня рускія гарады грэчаскіх біскупаў і святароў. Пры гэтым у Ноўгарадзе княжацкая дружына толькі сілай здолела задушыць супраціўленне хрышчэнню. А жыхары Растова двойчы выганялі прысланага біскупа.

Насельніцтва Старажытнай Русі неахвотна ўспрымала хрысціянскае веравучэнне, доўгі час таемна захоўвала вернасць язычніцкім багам. Некалькі паўстанняў супраць новай рэлігіі з цяжкасцю былі задушаныя. У гарадах хрысціянства перамагло хутчэй, а ў далёкіх вёсках панавалі старажытныя традыцыі. У выніку царква была вымушана захоўваць некаторыя элементы ранейшай абраднасці, замяняючы язычніцкія культы багоў на хрысціянскія. Аднак у цэлым Старажытная Русь хутка ўвайшла ў лік хрысціянскіх дзяржаў.

2. Распаўсюджванне пісьменнасці

Многія навукоўцы лічаць, што славянскае пісьмо існавала яшчэ да прыняцця хрысціянства. Славяне малявалі спецыяльныя знакі — «рысы і рэзы», выкарыстоўвалі засечкі, родавыя і каляндарныя знакі, знакі язычніцкіх святаў. Але складаныя тэксты да нас не дайшлі, таму лічыцца, што гэтыя варыянты пісьменства былі вельмі прымітыўнымі.

З прыняццем хрысціянства на Русі з'явіліся два алфавіты — глаголіца і кірыліца. Літары ў іх мелі аднолькавыя назвы, але розную форму. Больш шырокае распаўсюджанне адразу атрымала кірыліца, якая і ляжыць у аснове сучасных беларускага, рускага і ўкраінскага алфавітаў. На адным са знойдзеных пад Смаленскам сасудаў ёсць кірылічны надпіс «гороухща» («гарчыца») зроблены ў X ст.

Першыя рускія кнігі былі рукапіснымі, і працэс іх стварэння быў вельмі доўгім і дарагім. Матэрыялам для пісьма служыў пергамент — спецыяльна вырабленая скура цялят або ягнят. Тэкст доўга пісалі ўручную. Кнігі ўпрыгожваліся невялікімі вытанчанымі малюнкамі — мініяцюрамі. Вокладкі рабілі з дрэва, абцягвалі скурай і часам упрыгожвалі каштоўнымі камянямі. Заказчыкамі кніг маглі быць толькі самыя багатыя людзі.

З прыняццем хрысціянства на Русі стала распаўсюджвацца пісьменнасць. Пісьменнымі цяпер былі прадстаўнікі духавенства, знаць і нават гараджане. Развіццё пісьменства прывяло да з'яўлення першых школ пры кляшт манастырах.

3. Старажытнаруская літаратура

У XI ст. на Русі з'явіліся першыя ўласныя пісьмовыя творы, што сведчыла аб зараджэнні старажытнарускай літаратуры. У літаратуры Кіеўскай Русі вылучаюць некалькі жанраў: грамадска-палітычныя (перш за ўсё летапісы), рэлігійныя і мастацкія творы. Былі вядомыя ў перакладах і замежныя тэксты, якія прыходзілі перш за ўсё праз Візантыю.

Самым першым пісьменнікам Старажытнай Русі лічыцца Іларыён, які ў сярэдзіне XI ст. стаў першым кіеўскім мітрапалітам славянскага паходжання. Яго «Слова пра Закон і Ласку» было прамоўлена ў гонар завяршэння будаўніцтва новых абарончых збудаванняў у Кіеве. У пачатку твора аўтар усхваляе хрысціянства. Урачыстыя і павучальныя «Словы», прымеркаваныя да важных падзей, сталі папулярным жанрам старажытнарускай літаратуры.

Самымі знакамітымі творамі рэлігійнага напрамку з'яўляюцца сачыненні Кірылы Тураўскага і Клімента Смаляціча, «Маленне Данііла Заточніка».

Распаўсюджаным жанрам царкоўнай літаратуры сталі жыціі — апісанні жыцця людзей, прылічаных царквой да святых. У гэтых творах апавядалася пра цуды і дзеі, учыненыя святымі. Адным з першых было напісана жыціе забітых у міжусобнай барацьбе князёў Барыса і Глеба, якіх прызналі святымі абаронцамі старажытнарускай дзяржавы.

Першым у Кіеўскай Русі творам, прысвечаным праблемам выхавання дзяцей, разважанням пра тое, якія маральныя нормы яны павінны засвоіць, стала «Павучанне дзецям» князя Уладзіміра Манамаха. Ён заклікаў нашчадкаў тварыць дабро і памятаць, што жыццё чалавека кароткае.

Найвышэйшым дасягненнем старажытнарускай літаратуры лічыцца «Слова пра паход Ігараў», створанае ў канцы XII ст. У цэнтры ўвагі аўтара — няўдалы паход князя Ігара Святаславіча супраць полаўцаў. Твор з'яўляецца заклікам да аб'яднання князёў і сумеснай абароны рускай зямлі, барацьбы з заваёўнікамі.

Папулярнасць на Русі набыла і замежная літаратура. Перакладаліся багаслоўскія сачыненні, навуковыя трактаты, грэчаскія раманы (напрыклад, раман пра Аляксандра Македонскага) і візантыйскія хронікі.

4. Летапісанне

Летапісы — выбітны помнік старажытнарускага пісьменства. Летапісанне з'явілася на Русі неўзабаве пасля прыняцця хрысціянства. Гісторыкі лічаць, што першыя запісы былі зроблены пры кіеўскім князі Уладзіміры. Першы летапіс датуецца пачаткам XI ст., ён быў складзены пры Яраславе Мудрым. Сам ён не захаваўся, а звесткі з яго дайшлі да нас у запісах з пазнейшых летапісаў.

Каля 1113 г. манах Кіева-Пячэрскага манастыра Нестар на аснове больш ранніх летапісных збораў стварыў самы старажытны рускі летапіс з тых, што дайшлі да нас — «Аповесць мінулых гадоў». Яна дае ўяўленне не толькі пра гісторыю Русі IX—XI стст., але і пра яе мову, рэлігію, светапогляд, навуковыя веды, мастацтва і г. д.

У Кіеўскай Русі летапісы стваралі царкоўныя дзеячы — манахі або святары. Менавіта яны былі самымі пісьменнымі і мелі доступ да багатай кніжнай спадчыны, былі знаёмыя з перакладной літаратурай, ведалі старадаўнія паданні і легенды, маглі карыстацца велікакняжацкімі дакументамі.

Па меры палітычнага распаду Русі і з'яўлення асобных княстваў-дзяржаў там сталі стварацца свае летапісныя зводы. Яны распавядалі пра жыццё краю, праслаўлялі мясцовых князёў і абавязкова ўтрымлівалі звесткі з «Аповесці мінулых гадоў».

5. Архітэктура ўсходнеславянскіх гарадоў. Царкоўнае дойлідства

У Старажытнай Русі асноўным будаўнічым матэрыялам было дрэва. З яго ўзводзіліся сялянскія хаты, княжацкія і баярскія церамы, ваенныя ўмацаванні. Драўляныя пабудовы абавязкова ўпрыгожваліся мудрагелістай мастацкай разьбой. Асновай любога будынка быў зруб: сцены складалі з вянцоў, злучаючы гарызантальна выкладзеныя бярвёны ў кутах. Гэта давала магчымасць ствараць складаныя і трывалыя канструкцыі. Прастору паміж бярвёнамі запаўнялі мохам і замацоўвалі ільняным пакуллем, што абараняла ад знешняй вільгаці і рабіла жыллё цёплым. Розныя пароды дрэў выкарыстоўвалі для розных мэт. Жытлы будавалі са смалістых соснаў, дах рабілі з лёгкай драўніны, а для ўмацаванняў выкарыстоўвалі трывалую драўніну дуба. Абагравалася такое жыллё з дапамогай печак, спачатку вельмі простых, з каменя і без коміна, а потым — з цэглы і з трубой для выхаду дыму.

Зрубная канструкцыя давала магчымасць будаваць як простыя прастакутныя хаты сялян і гараджан, так і складаныя, у некалькі ўзроўняў церамы князёў і знаці. Пазней з дрэва ўзводзілі і хрысціянскія храмы з шатровай канструкцыяй скляпення. Да ХVII ст. гарады Русі заставаліся ў асноўным драўлянымі.

Са з'яўленнем хрысціянства ў будаўніцтве пачалі выкарыстоўваць цэглу і камень. Першымі каменнымі будынкамі сталі цэрквы. З часам з цэглы і каменя сталі ўзводзіць княжацкія палаты, галоўныя гарадскія вароты і іншыя найважнейшыя збудаванні.

Асаблівасці будаўніцтва каменных храмаў наўпрост залежалі ад канонаў візантыйскай царкоўнай архітэктуры. Усё царкоўнае мастацтва першапачаткова развівалася ў традыцыях візантыйскага праваслаўя. І менавіта запрошаныя адтуль майстры пабудавалі першыя храмы Кіеўскай Русі.

Храмы мелі тоўстыя сцены, на якія абапіраўся купал, і выглядалі масіўна. Шмат увагі надавалася ўнутранаму ўбранню сабораў. Перш за ўсё сцены і столь упрыгожвалі фрэскамі. Для ўзмацнення гуку ўнутры цэркваў у сцены закладвалі галаснікі — пустыя збаны.

Першым каменным храмам на Русі стала Дзесяцінная царква ў Кіеве, пабудаваная ў 996 г. князем Уладзімірам. Назву яна атрымала ад дзесяціны — дзясятай часткі даходаў князя, якую ён аддаў на ўтрыманне царквы. Праз некалькі дзясяткаў гадоў князь Яраслаў Мудры пабудаваў Сафійскі сабор, які стаў галоўным храмам дзяржавы і цэнтрам праваслаўя. Да нашага часу захаваліся шматлікія фрэскі і мазаікі сабора, ён уключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У XI ст. былі пабудаваны яшчэ два храмы Святой Сафіі — у Ноўгарадзе і Полацку.

Мастацтва Кіеўскай Русі не проста капіравала візантыйскія ўзоры. Паступова тут фарміраваліся ўласныя стылі і архітэктурныя школы. Палітычная раздробленасць і развіццё гандлю прывялі да росту гарадоў. Палацы і палаты знаці будаваліся з каменя. Кожны князь хацеў упрыгожыць свой горад і перасягнуць у гэтым суседзяў. Так склаліся мясцовыя кіеўская, наўгародская, полацкая, пскоўская, уладзіміра-суздальская архітэктурныя школы. Характэрнай рысай некаторых школ стала разьба па камені, якая ўпрыгожвае сцены цэркваў.

Архітэктурнымі шэдэўрамі перыяду палітычнай раздробленасці Русі сталі пабудаваныя ва Уладзіміры Успенскі і Дзмітрыеўскі саборы і Залатыя вароты. Вытанчанасцю адрозніваецца аднакупальны храм Пакрова на Нерлі.

 

6. Старажытнарускае мастацтва

Найважнейшымі відамі прыкладнога мастацтва пасля хрышчэння Кіеўскай Русі сталі фрэскі і мазаіка. Іх вырабу славян навучылі грэчаскія майстры, якія перадалі традыцыю абавязковага ўпрыгажэння храмаў. Царкоўныя фрэскі першапачаткова паказвалі сюжэты з біблейскіх апавяданняў пра жыццё Хрыста, апосталаў, сцэны Страшнага суда. Паступова на фрэсках сталі з'яўляцца свецкія сюжэты. Сапраўдным шэдэўрам з'яўляецца выява сям'і князя Яраслава Мудрага ў Сафійскім саборы ў Кіеве.

Таксама з Візантыі прыйшла традыцыя пакланення іконам, якія пісалі па традыцыйныму стандарту – канону. Іконы з выявамі Хрыста, Багародзіцы, святых ці біблейскіх сюжэтаў стваралі на дошках з ліпы. Іканапіс стаў важнай часткай праваслаўнай культуры ва ўсходніх славян.

У жывапісе перыяду палітычнай раздробленасці Кіеўскай Русі, як і ў архітэктуры, досыць хутка сфарміравалася некалькі школ з уласнымі традыцыямі.

Яскравым прыкладам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва таго часу сталі вырабы старажытнарускіх ювеліраў. З золата, срэбра, каштоўных камянёў, эмалі рабілі завушніцы, спражкі, бранзалеты, карáлі. Таксама майстры цудоўна ўпрыгожвалі зброю.

Напярэдадні мангола-татарскага нашэсця старажытнаруская культура дасягнула высокага ўзроўню развіцця, творы мясцовых майстроў параўноўваюць з лепшымі ўзорамі еўрапейскай і сусветнай культур таго часу, з якімі яна актыўна ўзаемадзейнічала.

Першапачаткова ўсходнія славяне выкарыстоўвалі ў будаўніцтве дрэва. Таму аб'екты старажытнай матэрыяльнай культуры захаваліся дрэнна. Аднак клімат і асаблівасці глебы усё ж спрыялі захаванню гарадскіх драўляных пабудоў старажытных Ноўгарада, Менска, Берасця. Духоўнае жыццё ўсходніх славян у старажытнасці вызначалася язычніцтвам. Кіеўскі князь Уладзімір на чале пантэона паставіў Перуна — бога-грамабоя, апекуна воінаў. З прыняццем хрысціянства з Візантыі ўсходнія славяне далучыліся да культуры еўрапейскіх народаў. Адным з дасягненняў стала распаўсюджванне кірыліцы, на якой пачалі ствараць рэлігійныя кнігі, а затым і дзяржаўныя летапісы. У архітэктуры з'явіліся першыя цагляныя і каменныя пабудовы — цэрквы паводле грэчаскага ўзору, галоўным упрыгажэннем якіх сталі фрэскі і іконы.

Пытанні

 1. Назавіце і ахарактарызуйце асаблівасці працэсу хрысціянізацыі ўсходніх славян.

 2. Чаму ў Сярэднявеччы большасць краін стала адмаўляцца ад язычніцкіх вераванняў на карысць той ці іншай монатэістычнай рэлігіі? Прывядзіце прыклады выбару веры рознымі краінамі. Як выбар веры паўплываў на лёс Русі?

 3. Падумайце, чаму не ўсё насельніцтва Русі мірна прымала хрысціянскую веру.

 4. Дапоўніце схему, размешчаную ў пункце 1 параграфа, падрабязна ахарактарызаваўшы наступствы хрысціянізацыі.

 5. Якія палітычныя працэсы паўплывалі на развіццё рускай культуры Х—ХІІІ стст.?

 6. Што спрыяла распаўсюджванню пісьменнасці ва ўсходніх славян?

 7. Назавіце жанры літаратуры Кіеўскай Русі. Ахарактарызуйце развіццё літара­туры ў Старажытнай Русі.

 8. Якое значэнне мае «Аповесць мінулых гадоў» для вывучэння гісторыі ўсходніх славян? З дапамогай дадатковых крыніц інфармацыі вызначце, ці можа гэты летапіс быць карысным пры вывучэнні гісторыі Беларусі. Свой адказ аргументуйце.

 9. Чаму на Русі доўгі час пераважала драўлянае дойлідства?

10. Вылучыце галоўныя асаблівасці развіцця культуры ўсходніх славян. Прааналізуйце іх на канкрэтных прыкладах.

11. Падрыхтуйце плакат (флаер, інфаграфіку) пра архітэктуру ўсходнеславянскіх гарадоў у Х—ХІІІ стст. на прыкладзе г. Полацка.

12. Стварыце інтэрактыўную карту ўсходнеславянскіх архітэктурных помнікаў Х—ХІ стст. з фотаздымкамі, малюнкамі помнікаў архітэктуры і іх апісаннем.

13. Падрыхтуйце артыкул для дзіцячага гістарычнага часопіса «Топ-10 архітэктурных помнікаў усходніх славян (даведнік для візантыйцаў)».