§ 15-2. Матэрыяльная і духоўная культура ўсходніх славян

1. Асаблівасці прыняцця і распаўсюджвання хрысціянства

Кіеўская Русь у 988 г. прыняла хрысціянства апошняй з славянскіх дзяржаў. Кіеўскага князя Уладзіміра, які вырашыў прыняць новую веру, цікавілі не толькі рэлігійныя пытанні. Да таго часу ўжо стала зразумела, што язычніцтва не магло забяспечыць рэалізацыю дзяржаўных інтарэсаў, якім найлепшым чынам магла адпавядваць монатэістычная рэлігія. Вера народа ў адзінага Бога павінна была суадносіцца з уладай аднаго вярхоўнага князя, узмацняць падпарадкаванне яму, значыць, умацоўваць дзяржаву.

Выбіраючы новую рэлігію, князь Уладзімір вырашаў і знешнепалітычныя задачы: аднаверцы павінны былі стаць галоўнымі саюзнікамі. «Аповесць мінулых гадоў» падрабязна апісвае, як Уладзімір вырашыў выбраць новую рэлігію з некалькіх, якія існавалі ў суседніх краінах. Кіеўская Русь мела цесныя кантакты з Хазарскім каганатам, у якім вызнавалі іўдаізм, з мусульманскімі дзяржавамі, з праваслаўнай Візантыяй і з каталіцкімі дзяржавамі Заходняй Еўропы. Ва ўсе гэтыя краіны Уладзімір, паводле летапісу, адправіў сваіх паслоў, каб яны выбралі найлепшую веру. Выканаўшы заданне кіеўскага князя, паслы вярнуліся і без ваганняў аддалі перавагу праваслаўю з-за прыгажосці храмаў і таго душэўнага ўздыму, які яны адчулі падчас набажэнстваў.

Аднак вырашальным быў той фактар, што Кіеўская Русь мела традыцыйныя палітычныя, эканамічныя, культурныя сувязі з Візантыяй, таму Уладзімір спыніў свой выбар на візантыйскім хрысціянстве. Духоўная ўлада ў такой сістэме дзяржаўнасці падпарадкоўвалася імператару і залежала ад яго. Гэта адпавядала палітычным памкненням князя Уладзіміра. Да таго ж прыняцце праваслаўя зрабіла магчымым шлюб Уладзіміра з сястрой візантыйскага імператара прынцэсай Ганнай. Гэта спрыяла палітычнаму саюзу Кіеўскай Русі з самай магутнай дзяржавай рэгіёну — Візантыяй, пашырала гандлёва-эканамічныя і культурныя сувязі.

Яшчэ адным фактарам, які меў вялікае значэнне пры выбары веры, стала мова набажэнстваў. У рымскім абрадзе гэтую функцыю выконвала латынь, зусім чужая жыхарам Кіеўскай дзяржавы. А ў візантыйскім абрадзе трывалыя пазіцыі ўжо заняло набажэнства на царкоўнаславянскай мове, якую разумела насельніцтва Кіеўскай Русі.

У 988 г. Уладзімір прыняў хрысціянства і загадаў хрысціцца сваім баярам і дружыннікам, а затым простаму народу. У Кіеве гараджан па загадзе прымусілі зайсці ў Днепр, дзе іх хрысцілі. Язычніцкіх ідалаў у Кіеве і Ноўгарадзе скінулі з капішчаў. Дзясятую частку сваіх княжацкіх даходаў Уладзімір пастанавіў выдзяляць на будаўніцтва храмаў і ўладкаванне царкоўнай арганізацыі на Русі. Новую царкву ўзначаліў прысланы з Канстанцінопаля мітрапаліт, які накіраваў у буйня рускія гарады грэчаскіх біскупаў і святароў. Пры гэтым у Ноўгарадзе княжацкая дружына толькі сілай здолела задушыць супраціўленне хрышчэнню. А жыхары Растова двойчы выганялі прысланага біскупа.

Насельніцтва Старажытнай Русі неахвотна ўспрымала хрысціянскае веравучэнне, доўгі час таемна захоўвала вернасць язычніцкім багам. Некалькі паўстанняў супраць новай рэлігіі з цяжкасцю былі задушаныя. У гарадах хрысціянства перамагло хутчэй, а ў далёкіх вёсках панавалі старажытныя традыцыі. У выніку царква была вымушана захоўваць некаторыя элементы ранейшай абраднасці, замяняючы язычніцкія культы багоў на хрысціянскія. Аднак у цэлым Старажытная Русь хутка ўвайшла ў лік хрысціянскіх дзяржаў.