§ 15-2. Матэрыяльная і духоўная культура ўсходніх славян

5. Архітэктура ўсходнеславянскіх гарадоў. Царкоўнае дойлідства

У Старажытнай Русі асноўным будаўнічым матэрыялам было дрэва. З яго ўзводзіліся сялянскія хаты, княжацкія і баярскія церамы, ваенныя ўмацаванні. Драўляныя пабудовы абавязкова ўпрыгожваліся мудрагелістай мастацкай разьбой. Асновай любога будынка быў зруб: сцены складалі з вянцоў, злучаючы гарызантальна выкладзеныя бярвёны ў кутах. Гэта давала магчымасць ствараць складаныя і трывалыя канструкцыі. Прастору паміж бярвёнамі запаўнялі мохам і замацоўвалі ільняным пакуллем, што абараняла ад знешняй вільгаці і рабіла жыллё цёплым. Розныя пароды дрэў выкарыстоўвалі для розных мэт. Жытлы будавалі са смалістых соснаў, дах рабілі з лёгкай драўніны, а для ўмацаванняў выкарыстоўвалі трывалую драўніну дуба. Абагравалася такое жыллё з дапамогай печак, спачатку вельмі простых, з каменя і без коміна, а потым — з цэглы і з трубой для выхаду дыму.

Зрубная канструкцыя давала магчымасць будаваць як простыя прастакутныя хаты сялян і гараджан, так і складаныя, у некалькі ўзроўняў церамы князёў і знаці. Пазней з дрэва ўзводзілі і хрысціянскія храмы з шатровай канструкцыяй скляпення. Да ХVII ст. гарады Русі заставаліся ў асноўным драўлянымі.

Са з'яўленнем хрысціянства ў будаўніцтве пачалі выкарыстоўваць цэглу і камень. Першымі каменнымі будынкамі сталі цэрквы. З часам з цэглы і каменя сталі ўзводзіць княжацкія палаты, галоўныя гарадскія вароты і іншыя найважнейшыя збудаванні.

Асаблівасці будаўніцтва каменных храмаў наўпрост залежалі ад канонаў візантыйскай царкоўнай архітэктуры. Усё царкоўнае мастацтва першапачаткова развівалася ў традыцыях візантыйскага праваслаўя. І менавіта запрошаныя адтуль майстры пабудавалі першыя храмы Кіеўскай Русі.

Храмы мелі тоўстыя сцены, на якія абапіраўся купал, і выглядалі масіўна. Шмат увагі надавалася ўнутранаму ўбранню сабораў. Перш за ўсё сцены і столь упрыгожвалі фрэскамі. Для ўзмацнення гуку ўнутры цэркваў у сцены закладвалі галаснікі — пустыя збаны.

Першым каменным храмам на Русі стала Дзесяцінная царква ў Кіеве, пабудаваная ў 996 г. князем Уладзімірам. Назву яна атрымала ад дзесяціны — дзясятай часткі даходаў князя, якую ён аддаў на ўтрыманне царквы. Праз некалькі дзясяткаў гадоў князь Яраслаў Мудры пабудаваў Сафійскі сабор, які стаў галоўным храмам дзяржавы і цэнтрам праваслаўя. Да нашага часу захаваліся шматлікія фрэскі і мазаікі сабора, ён уключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У XI ст. былі пабудаваны яшчэ два храмы Святой Сафіі — у Ноўгарадзе і Полацку.

Мастацтва Кіеўскай Русі не проста капіравала візантыйскія ўзоры. Паступова тут фарміраваліся ўласныя стылі і архітэктурныя школы. Палітычная раздробленасць і развіццё гандлю прывялі да росту гарадоў. Палацы і палаты знаці будаваліся з каменя. Кожны князь хацеў упрыгожыць свой горад і перасягнуць у гэтым суседзяў. Так склаліся мясцовыя кіеўская, наўгародская, полацкая, пскоўская, уладзіміра-суздальская архітэктурныя школы. Характэрнай рысай некаторых школ стала разьба па камені, якая ўпрыгожвае сцены цэркваў.

Архітэктурнымі шэдэўрамі перыяду палітычнай раздробленасці Русі сталі пабудаваныя ва Уладзіміры Успенскі і Дзмітрыеўскі саборы і Залатыя вароты. Вытанчанасцю адрозніваецца аднакупальны храм Пакрова на Нерлі.