§ 15-2. Матэрыяльная і духоўная культура ўсходніх славян

4. Летапісанне

Летапісы — выбітны помнік старажытнарускага пісьменства. Летапісанне з'явілася на Русі неўзабаве пасля прыняцця хрысціянства. Гісторыкі лічаць, што першыя запісы былі зроблены пры кіеўскім князі Уладзіміры. Першы летапіс датуецца пачаткам XI ст., ён быў складзены пры Яраславе Мудрым. Сам ён не захаваўся, а звесткі з яго дайшлі да нас у запісах з пазнейшых летапісаў.

Каля 1113 г. манах Кіева-Пячэрскага манастыра Нестар на аснове больш ранніх летапісных збораў стварыў самы старажытны рускі летапіс з тых, што дайшлі да нас — «Аповесць мінулых гадоў». Яна дае ўяўленне не толькі пра гісторыю Русі IX—XI стст., але і пра яе мову, рэлігію, светапогляд, навуковыя веды, мастацтва і г. д.

У Кіеўскай Русі летапісы стваралі царкоўныя дзеячы — манахі або святары. Менавіта яны былі самымі пісьменнымі і мелі доступ да багатай кніжнай спадчыны, былі знаёмыя з перакладной літаратурай, ведалі старадаўнія паданні і легенды, маглі карыстацца велікакняжацкімі дакументамі.

Па меры палітычнага распаду Русі і з'яўлення асобных княстваў-дзяржаў там сталі стварацца свае летапісныя зводы. Яны распавядалі пра жыццё краю, праслаўлялі мясцовых князёў і абавязкова ўтрымлівалі звесткі з «Аповесці мінулых гадоў».