§ 15-2. Матэрыяльная і духоўная культура ўсходніх славян

3. Старажытнаруская літаратура

У XI ст. на Русі з'явіліся першыя ўласныя пісьмовыя творы, што сведчыла аб зараджэнні старажытнарускай літаратуры. У літаратуры Кіеўскай Русі вылучаюць некалькі жанраў: грамадска-палітычныя (перш за ўсё летапісы), рэлігійныя і мастацкія творы. Былі вядомыя ў перакладах і замежныя тэксты, якія прыходзілі перш за ўсё праз Візантыю.

Самым першым пісьменнікам Старажытнай Русі лічыцца Іларыён, які ў сярэдзіне XI ст. стаў першым кіеўскім мітрапалітам славянскага паходжання. Яго «Слова пра Закон і Ласку» было прамоўлена ў гонар завяршэння будаўніцтва новых абарончых збудаванняў у Кіеве. У пачатку твора аўтар усхваляе хрысціянства. Урачыстыя і павучальныя «Словы», прымеркаваныя да важных падзей, сталі папулярным жанрам старажытнарускай літаратуры.

Самымі знакамітымі творамі рэлігійнага напрамку з'яўляюцца сачыненні Кірылы Тураўскага і Клімента Смаляціча, «Маленне Данііла Заточніка».

Распаўсюджаным жанрам царкоўнай літаратуры сталі жыціі — апісанні жыцця людзей, прылічаных царквой да святых. У гэтых творах апавядалася пра цуды і дзеі, учыненыя святымі. Адным з першых было напісана жыціе забітых у міжусобнай барацьбе князёў Барыса і Глеба, якіх прызналі святымі абаронцамі старажытнарускай дзяржавы.

Першым у Кіеўскай Русі творам, прысвечаным праблемам выхавання дзяцей, разважанням пра тое, якія маральныя нормы яны павінны засвоіць, стала «Павучанне дзецям» князя Уладзіміра Манамаха. Ён заклікаў нашчадкаў тварыць дабро і памятаць, што жыццё чалавека кароткае.

Найвышэйшым дасягненнем старажытнарускай літаратуры лічыцца «Слова пра паход Ігараў», створанае ў канцы XII ст. У цэнтры ўвагі аўтара — няўдалы паход князя Ігара Святаславіча супраць полаўцаў. Твор з'яўляецца заклікам да аб'яднання князёў і сумеснай абароны рускай зямлі, барацьбы з заваёўнікамі.

Папулярнасць на Русі набыла і замежная літаратура. Перакладаліся багаслоўскія сачыненні, навуковыя трактаты, грэчаскія раманы (напрыклад, раман пра Аляксандра Македонскага) і візантыйскія хронікі.