§ 15-1. Рэлігія ў гісторыі славян

3. Царква ў сістэме дзяржаўнага кіравання

Царква атрымала ад славянскіх князёў немалыя зямельныя ўладанні, правіцелі падтрымлівалі яе фінансава, будавалі храмы і манастыры. Гэта спрыяла росту яе ўплыву. На землях, што належалі царкве, выкарыстоўвалі працу залежных сялян. Царкоўная дзесяціна і паднашэнні спрыялі назапашванню грашовых багаццяў. Вельмі часта царква ўдзельнічала ў вырашэнні палітычных пытанняў. Напрыклад, падчас міжусобіц менавіта яна спрыяла ўмацаванню стабільнасці краіны, удзельнічала ў прымірэнні варагуючых бакоў. Праз духавенства правіцелі маглі ўплываць на насельніцтва і на яго настроі, таму яны былі зацікаўлены ў падтрымцы з боку царквы.

Аднак кіраўнікі славянскіх дзяржаў баяліся, што менавіта праз царкву можна будзе ўплываць на палітыку, бо хрысціянства было прынята з Рыма ці Візантыі. На чале створаных біскупстваў знаходзіліся прадстаўнікі духавенства, якія былі прысланыя і падпарадкоўваліся непасрэдна Рыму або Канстанцінопалю. Па гэтай прычыне князі імкнуліся зрабіць так, каб царкву ўзначальвалі прадстаўнікі мясцовага духавенства, якія б улічвалі інтарэсы сваёй краіны і народа.

Заснаванне біскупстваў і архібіскупстваў у славянскіх краінах адыгрывала важную ролю ў распаўсюджванні новай рэлігіі. Яно значна падымала прэстыж самой дзяржавы і дазваляла мясцовым князям праводзіць больш незалежную палітыку, асабліва тады, калі на чале біскупстваў сталі мясцовыя святары. Ужо ў 870 г. царква Балгарыі стала самастойнай, аднак пасля падзення Першага Балгарскага царства гэтая самастойнасць была ліквідаваная. Каля 1000 г. уласнае архібіскупства з’явілася ў Польшчы. У пачатку XIII ст. Сербія атрымала царкоўную аўтакефалію — права на самакіраванне. А ў 1346 годзе цар Стэфан Душан абвясціў сербскую патрыярхію. Гэта азначала з'яўленне новай самастойнай праваслаўнай царквы. Стварэнне ўласных славянскіх цэркваў спрыяла стабільнасці саміх дзяржаў.

Царква Кіеўскай Русі доўгі час упраўлялася з Канстанцінопаля, адкуль у асноўным і дасылалі мітрапалітаў. Пасля мангольскага нашэсця ўплыў Кіева рэзка аслаб, і ён перастаў быць бяспечным. Мітрапаліты пераехалі ва Уладзімір, а затым у Маскву. У 1448 г. царква Маскоўскай дзяржавы на саборы абрала ўласнага мітрапаліта, тым самым заявіўшы аб сваёй самастойнасці. Карыстаючыся слабасцю Візантыі, сабор у Маскве прыняў гэтае рашэнне не звяртаючыся да Канстанцінопальскага патрыярха. У 1589 г рускае духавенства абвясціла Маскоўскага мітрапаліта патрыярхам (зноў без згоды Канстанцінопальскага патрыярха).

Паміж Рымам і Канстанцінопалем увесь час ішла барацьба за рэлігійны ўплыў на славянскіх землях. Таму адна частка славян пасля расколу царквы ў 1054 г. на каталіцкую і праваслаўную засталася пад рэлігійным кіраўніцтвам Рыма (Польшча, Чэхія, Харватыя і інш.), другая — Канстанцінопаля (Балгарыя, Сербія, Русь).

Варта адзначыць, што царква зрабіла ўнёсак у станаўленне заканадаўства славянскіх дзяржаў. Яна знаходзіла абгрунтаванне сацыяльнай структуры грамадства, якая складвалася. Больш за тое, ва ўмовах феадальнай раздробленасці яна стала адным з фактараў аб'яднання, бо насельніцтва ў большасці сваёй вызнавала адзінае веравучэнне, было звязана з мясцовай царквой.