§ 15-1. Рэлігія ў гісторыі славян
1. Язычніцтва
Першыя пісьмовыя крыніцы характарызуюць славян як язычнікаў. Яны вызнавалі політэізм — пакланяліся сілам прыроды, верылі ў мноства розных духаў і багоў, ушаноўвалі іх.
Навукоўцы вельмі мала ведаюць пра бостваў і вераванні ўсходніх славян у найстаражытны перыяд. Гэта тлумачыцца многімі фактарамі, і перш за ўсё — адсутнасцю ў гэтых народаў у той час ўласнай пісьменнасці. Славян досыць падрабязна апісваюць візантыйскія гісторыкі, нямецкія храністы, арабскія гандляры. Але яны расказвалі толькі самае цікавае для сябе, таму такія аповеды фрагментарныя.
Славянская язычніцкая рэлігія фарміравалася на працягу доўгага перыяду ва ўзаемадзеянні з міфалогіяй і рэлігіяй суседніх народаў. Уяўленні язычнікаў-славян маюць агульныя рысы з міфалогіяй іранамоўных качэўнікаў прычарнаморскіх стэпаў — скіфаў, а таксама з міфалогіяй і рэлігіяй ваяўнічых германцаў і кельтаў, суседніх плямён балтаў.
Адным з першых аповедаў пра рэлігію старажытных славян з'яўляецца апісанне візантыйскага гісторыка Пракопія Кесарыйскага, зробленае ў VI ст.
Часцей за ўсё славяне маліліся на прыродзе: у гаях, каля крыніц, на пагорках. Для пакланення багам яны не будавалі храмаў. Язычніцкія абрады праводзіліся ў капішчах (месцах пакланення), дзе звычайна ўсталёўвалі ідалаў, зробленых з дрэва або каменя, якія ўвасаблялі багоў. Капішчы ўзнікалі ля крынiц, у лясах, а з часам з'явіліся і ў славянскіх гарадах. Рэлігійныя абрады праводзілі жрацы — вешчуны, часта ў ролі жрацоў выступалі князі.
Згодна з уяўленнямі старажытных славян, увесь свет быў населены рознымі духамі. Побач з чалавекам «жылі» прыхільныя да яго духі: у хаце — дамавік, у полі — палявік, у лазні — лазеннік і г. д. Але калі славянін аддаляўся ад дома, ён сустракаўся з усё больш непрыязнымі духамі: у лесе падарожніка падсцерагалі лесуны і кікімары, каля вады — вадзяныя і русалкі, а ноччу маглі нападаць начніцы. Славянін павінен быў ведаць, як правільна «абараняцца» ад злых духаў, і насіў розныя абярэгі, а вопратку і дамы ўпрыгожваў малюнкамі, напрыклад, у выглядзе сонца, якія служылі своеасаблівай абаронай.
Славянскія боствы ўяўляліся людзям як моцныя або слабыя, добрыя або каварныя, галоўныя або другарадныя. На аснове гэтых уяўленняў фарміравалася мадэль паводзін: неабходна было заручыцца падтрымкай магутнага бога, які можа аслабіць негатыўны ўплыў другога, варожага або чужога.
Кожнае племя ўшаноўвала сваіх багоў. Гэта было адным з фактараў захавання палітычнай раз'яднанасці славян. Таму стварэнне першых дзяржаў непазбежна запатрабавала рэлігійных пераўтварэнняў.
Аўтар «Аповесці мінулых гадоў» падрабязна апісаў рэлігійную рэформу 980 г., праведзеную кіеўскім князем Уладзімірам, які хацеў стварыць адзіны для ўсёй Русі пантэон язычніцкіх багоў.
Галоўным богам быў прызнаны Пярун. Ён вядомы ва ўсіх славян. Гэта страшны, але справядлівы бог грому і маланкі. У беларускай мове слова «пярун» азначае «гром», гэта сведчыць аб тым, што імя бажаства пайшло ад самой прыроднай з'явы. Пракопій Кесарыйскі, мяркуючы па ўсім, менавіта Перуна называў «творцам маланак, уладаром над усімі». Пры стварэнні дзяржавы вобраз гэтага бога набыў яшчэ і сацыяльнае значэнне: Пярун стаў лічыцца заступнікам князя і дружыны. Гэта знайшло адлюстраванне ў тым, што драўляная статуя Перуна, упрыгожаная золатам і срэбрам, была пастаўлена на ўзгорку побач з церамам-палацам князя Уладзіміра.
Побач з ракой Днепр у гандлёва-рамесным пасадзе стаяла статуя яшчэ аднаго шанаванага ўсімі славянамі боства — Вялеса, бога жывёлы і ўрадлівасці. Гэта сведчыць аб тым, што яго вобраз таксама надзяляўся сацыяльным значэннем: Вялес быў боствам, якому пакланяліся, хутчэй за ўсё, простыя людзі.
Буйны́м рэлігійным язычніцкім цэнтрам у славян стаў храм бога Святавіта на мысе Аркона вострава Руян (Руга), цяпер гэта востраў Руген у Германіі. Святавіт шанаваўся ўсімі плямёнамі славян, што рассяліліся па рацэ Лабе (Эльбе). Яму рабілі багатыя прынашэнні. Абараняючы Святавіта і сваю зямлю, палабскія славяне доўга змагаліся са Свяшчэннай Рымскай імперыяй і супрацьстаялі нямецкаму ўварванню, аднак пацярпелі паражэнне, і храм быў знішчаны, а насельніцтва прыняло хрысціянства.
З прыходам хрысціянства паганскія вераванні славян захаваліся ў культурных і каляндарных святах, традыцыях. У гонар летняга сонцастаяння славяне працягваюць адзначаць Купальскую ноч, якая да гэтага часу лічыцца самым шчаслівым часам, напоўненым цудамі. У час зімовага сонцастаяння ўсе славянскія народы святкуюць Каляды, калі вясёлымі абрадамі імкнуцца адагнаць варожыя сілы і зноў «павярнуць сонца на лета». Вельмі шмат язычніцкіх уяўленняў захавалася ў фальклорных творах: казках, былінах, легендах і паданнях.