§ 15-1. Рэлігія ў гісторыі славян

2. Прыняцце і распаўсюджванне хрысціянства

Распаўсюджванне хрысціянства ў славян праходзіла вельмі нераўнамерна, новую рэлігію прымалі не заўсёды добраахвотна. Адзінабожжа не адпавядала славянскаму светаўспрыманню. Доўгі час, часам нават пасля хрышчэння, насельніцтва захоўвала веру ў язычніцкіх багоў. Аднак з часам хрысціянства зацвердзілася як асноўная рэлігія славян.

У прыняцці хрысціянства ў першую чаргу былі зацікаўлены кіроўныя колы. Бо яно давала тэарэтычнае абгрунтаванне ўлады князя, а таксама дазваляла падпарадкаваць грамадства ва ўмовах фарміравання дзяржаўных адносін. Важную ролю храсціянства адыгрывала і ў павышэнні міжнароднага статусу дзяржавы.

Прымаючы новую рэлігію, славянскія кіраўнікі імкнуліся да таго, каб іх дзяржавы не апынуліся ў залежнасці ад суседніх магутных хрысціянскіх дзяржаў: Каралінгскай імперыі, Свяшчэннай Рымскай імперыі, Візантыі. Не выпадкова ва ўсіх вядомых славянскіх крыніцах падкрэсліваецца прыняцце новай веры паводле ўласнага свабоднага выбару. Акрамя таго, князі імкнуліся дамагчыся асаблівай самастойнасці царкоўнай арганізацыі для сваіх уладанняў.

Раней за іншыя падвергліся хрысціянізацыі тэрыторыі, што знаходзіліся ў суседстве з Візантыяй. Першыя звесткі аб прыняцці славянамі хрысціянства адносяцца да другой паловы VII ст. Гаворка ідзе пра з'яўленне на тэрыторыі рассялення паўднёвых славян хрысціянскіх місіянераў. Аднак казаць пра пераход славян у новую рэлігію ў поўнай меры можна толькі ў IX—X стст. Яны прымалі хрысціянства з Візантыі і Рыма.

Вырашальную ролю ў распаўсюджванні хрысціянства адыграла місія двух візантыйскіх манахаў з горада Салунь (сучасныя Салонікі) — Кірылы і Мяфодзія, якіх называюць «апосталамі славян». Распрацаваная імі пісьменнасць спрыяла яднанню культуры ўсіх славянскіх народаў.

У 831 г. хрысціліся правіцелі і народ Вялікай Маравіі. Сюды і накіравалася перш за ўсё місія Кірылы і Мяфодзія. З гэтага часу хрысціянства замацавалася на землях Чэхіі. У 864 г. хрысціянства было прынята ў Першым Балгарскім царстве. У 966 г. польскі князь Мешка быў ахрышчаны, што паклала пачатак хрысціянізацыі польскіх земляў. Таксама і кіеўскі князь Уладзімір вырашыў рэзка памяняць рэлігійную палітыку і ў 988 г. прыняў хрысціянства з Канстанцінопаля. З прыняццем новай рэлігіі славянскія правіцелі ўраўняліся ў статусе з еўрапейскімі манархамі, што спрыяла ўмацаванню іх дзяржаў.