§ 14. Эканоміка і грамадства славян у перыяд Сярэднявечча

3. Асаблівасці сацыяльнага развіцця і феадальных адносін

Першапачаткова славяне жылі родамі, плямёнамі і саюзамі плямёнаў, дзе ўлада належала народнаму сходу. Назапашванне багацця паступова вяло да расслаення грамадства і сацыяльнай няроўнасці. Галоўная роля стала належаць князю з дружынай. З цягам часу вылучыліся вярхі з княжацкіх дружыннікаў, якія атрымалі вялікія зямельныя ўладанні. Высокія пазіцыі ў грамадстве займала служылая і мясцовая знаць, якая пайшла на службу да князя і змагла захаваць за сабой землі і прывілеі. Астатняе насельніцтва ўмоўна можна падзяліць на свабодных і залежных людзей. Рамеснікі і гандляры сяліліся ў гарадскіх паселішчах, якія кантраляваў князь. Сяляне жылі вялікімі абшчынамі.

У Старажытнай Русі вялікі князь лічыўся вярхоўным уласнікам усіх зямель, насельніцтва якіх плаціла яму даніну. На працягу ІХ–ХІ стст. такая форма зямельнай уласнасці — ​княжацкая (дзяржаўная) — ​з’яўлялася паноўнай. Князь мог раздаваць гарады і розныя тэрыторыі сваім дружыннікам для збору даніны. Інакш кажучы, у Старажытнай Русі васальныя адносіны існавалі не ў выглядзе зямельнага падаравання, а ў выглядзе права на збор даніны. Яе памер у сярэдзіне Х ст. быў рэгламентаваны княгіняй Вольгай. Буйнáя індывідуальная зямельная ўласнасць (вотчына) у Старажытнай Русі ўзнікла толькі з канца ХІ ст. Шляхі яе набыцця былі рознымі, але асноўны — ​княжацкае падараванне.

Як і ў краінах Заходняй Еўропы, у славянскіх дзяржавах вярхі грамадства, якія захапілі зямлю, сталі пераводзіць сялян у розныя формы пазямельнай і асабістай залежнасці. Гэта знайшло адлюстраванне ў законах, напрыклад, у прынятай у ХІ ст. у Старажытнай Русі «Рускай Праўдзе» або прынятым у Сербскім царстве ў 1349 г. «Законніку» Стафана Душана. У дакументах замацоўвалася існаванне розных катэгорый насельніцтва з рознымі правамі. Гэта сведчыла пра моцнае сацыяльнае расслаенне.

Важную ролю ў развіцці грамадства адыгрывала царква, якая з цягам часу станавілася буйны`м землеўладальнікам. Прадстаўнікі духавенства непасрэдна або ўскосна бралі ўдзел у палітычным жыцці славянскіх дзяржаў.

У гісторыі славян фарміраванне феадальных адносін мела свае рэгіянальныя асаблівасці. У Кіеўскай Русі гэты працэс праходзіў ва ўмовах палітычнай раздробленасці. Так, пасля з’езда ў Любечы (1097 г.) у Старажытнай Русі некаторы час захоўвалася дзяржаўнае адзінства. Аднак ужо да сярэдзіны ХІІ ст. Кіеўская Русь канчаткова распалася на шэраг самастойных княстваў. У кожным з іх захоўвалася сацыяльная іерархія, што існавала раней: князь — ​баяры — ​народ. Разам з тым узнікненне ўдзельных княстваў вяло да фарміравання ў іх сваёй сістэмы кіравання.

У гарадах таксама склалася свая сацыяльная структура. У старажытнарускіх княствах гарадское насельніцтва — ​рамеснікі і гандляры — ​было асабіста свабодным і карысталася рознымі правамі пры арганізацыі эканамічнага жыцця. У заходнеславянскіх дзяржавах і ў Вялікім Княстве Літоўскім у адпаведнасці з магдэбургскім правам гарадамі кіраваў гарадскі савет, які ўзначальваў бургамістр. Савет прадстаўляў інтарэсы горада, дбаў пра бяспеку, вызначаў памер падаткаў і выплат, чыніў суд. У яго ўключаліся найбольш заможныя гараджане. Да кіравання рэдка дапускалі сярэдні слой мяшчан (звычайных рамеснікаў, гаспадароў гандлёвых крам, дробных купцоў). Яшчэ больш бяспраўным быў плебс — ​беднякі і жабракі.

У ХІІІ–XIV стст. у заходнеславянскіх грамадствах ішло фарміраванне феадальных саслоўяў: духавенства, шляхты (магнацка-­рыцарскага саслоўя, якое ў розных народаў называлася па-рознаму), гараджан і сялян. Шляхта дзякуючы прывілеям атрымлівала дадатковыя палітычныя, юрыдычныя, фінансава-­эканамічныя правы, гэта значыць была прывілеяваным саслоўем.

На працягу доўгага часу асновай гаспадаркі славян было падсечна-­агнявое земляробства, важную ролю адыгрывалі паляванне і жывёлагадоўля. Першыя гарадскія паселішчы ўзнікалі як ваенныя, адміністрацыйныя, гандлёвыя цэнтры і толькі паступова станавіліся месцамі канцэнтрацыі рамеснай вытворчасці. У грамадстве вылучыліся ваенныя вярхі з княжацкіх дружыннікаў, якія атрымалі вялікія зямельныя ўладанні. Мясцовая знаць пры падпарадкаванні князям захоўвала землі і прывілеі. Сяляне жылі вялікімі абшчынамі. Як і ў краінах Заходняй Еўропы, вярхі грамадства, якія захапілі зямлю, сталі пераводзіць сялян у розныя формы пазямельнай і асабістай залежнасці.